Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Над калыскай

Агароднік Над калыскай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Шавец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над калыскай (Спі, маленькі мой сыночак!..).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД КАЛЫСКАЙ

(Насьледаваньне)

Сьпі, маленькі мой сыночак!
Вочкам ня міргні;
Сьвеціць месяца кружочак,
Ты-ж аб долі сьні.
Сьпі і слухай песьні гэтай,
Ды ўспомні калі;
Сьпі, пакуль ня знаеш сьвету,
Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш, дазнаеш гора,
Папіваеш сьлёз,
Твае сілы зломіць змора;
Сьпека ды мароз,
І спаткаешся на сьвеце
З няпраўдай, з людзьмі
Сьпі, сыночак! Месяц сьвеце,
Люлі, люлі, сьпі!

Падрасьцеш і мусіш ногі,
Як кожны мужык,
Укруціць у ўбор убогі,
Ўбор з ліповых лык.
У ім помачы папросіш
Для сябе людзкой;
Сьпі, пакуль лапцей ня носіш,
Люлі, родны мой!

Павяду цябе да пана,
Пастаўлю служыць,
Там ад вечара да рана.
Будзеш ты рабіць.
За сьвіньмі ды за сахою
Будуць пхнуцца дні;
Сьпі, пакуль ты ня слугою,
Люлі, люлі, сьпі!

Хлеба, грошы ты слугою
Мала будзеш мець,
Аплявухаў-жа затое
Ня будуць жалець.
Крывёй вочы заліюцца,
Ты-ж працуй, цярпі!
Сьпі, пакуль ня зьдзекуюцца,
Люлі, люлі, сьпі!

З часам пойдзеш у салдаты —
Слуга ўжо цару,
За трыццатую ад хаты
Загоняць гару.
На вайне-ж, як забіяка,
Паліеш крыві,
Сьпі, пакуль ты не ваяка,
Люлі, люлі, сьпі!

Дамоў вернешся да бацькі,
Бацька бедзен сам,
Пойдзеш зноў на хлеб батрацкі
Служыці панам.
Штось ня ўгодзіш, пан багаты
Гікне: вон ідзі!
Сьпі, пакуль ня гоняць з хаты,
Люлі, люлі, сьпі!

Ты-ж ня рынешся ў канаву
З гора ды з бяды, —
Красьці выўчышся на славу,
Пан будзеш тады…
Што? з напасьці не прапасьці…
Гулі, гулякі!
Сьпі, пакуль ня ўмееш красьці,
Люлі, люлі, сьпі!

У вялікія ты людзі
Выйдзеш з беднаты, —
Шаблю зьвесіш цераз грудзі,
Стражнік будзеш ты.
Будзеш катам ты над братам,
Бяз жалю ані!
Сьпі, пакуль яшчэ ня катам.
Люлі, люлі, сьпі!

Будзеш пан вялікі з віду,
І шэльма душой,
Спатыкаць цябе я выйду,
Ты махнеш рукой.
Чужаком будзеш ты ў хаце;
На роднай зямлі,
Сьпі, пакуль ты тут пры маці,
Люлі, люлі, сьпі!