Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Падарожны

З песень аб вясьне Падарожны
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Пры скаціне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падарожны (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДАРОЖНЫ

Цягнецца, пляцецца
Падарожны ў даль, —
Няма дзе падзецца,
Душу муча жаль.

Ношка за плячыма,
Кіёк у руках,
Сінцы пад вачыма,
Млявасьць у нагах.

Чакае з трывогай
Ночкі, летніх бур;
Сьцелецца дарога,
Як вясковы шнур.

Па бакох бярозкі —
Прысады стаяць,
Далей — поле, вёскі
Водныя відаць.

Там — плех сенажаткі,
Пасевы, папар;
Там, як бабкі, хаткі
Селі ў доўгі шар;

Там снуе араты
З крывуляй-сахой;
Там — смычок зубаты
Скача над ральлёй;

Там ходзіць скацінка,
Авечка бляе,
Там градкі дзяўчынка
Поле ды пяе.

Бача падарожны,
Бача гэта ўсё,
Думкаю трывожнай
Маркоціць жыцьцё.

Гэй, вы, хаткі, поле!
Вы, людцы мае!
Гэй, ты, доля, доля,
Дзе ласкі твае?

Мільёны загонаў
Зямелькі ляжыць,
Хацінак мільёны
На зямлі стаіць.

Чаму-ж мне, калецы,
Лета ці зіма,
Чаму-ж мне падзецца
Няма дзе, няма?
......
Цягнецца, пляцецца
Падарожны ў даль;
Сэрца плача, рвецца,
Душу муча жаль.