Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Пашкадуй мужыка!

Дужыя і слабыя Пашкадуй мужыка!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Кепска…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пашкадуй мужыка!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАШКАДУЙ МУЖЫКА!

Пашкадуй мужыка-бедака,
Ты, што вечна адзеты і сыт,
Пашкадуй — не адсохне рука,
Бо яму сьвет да шчасьця закрыт

Як асеньняя ноч, як туман,
Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой;
На плячох абарваны лахман,
Ногі ўкручаны цьвёрдай лазой.

Холад, голад, хваробы цярпіць
Ён за кроў і за працу сваю.
Прыдзе ў хату — ў парозе стаіць,
За сталом яго месца — з краю.

І ласкавых ён слоўцаў нідзе
Не пачуе, ня кінуць яму;
Не ўспаможа ніхто у бядзе,
Ня дасьць хлеба і дроў на зіму.

Пашкадуй-жа ты, брат, мужыка,
Каб было яму жыць весялей!
Пашкадуй — не адсохне рука,
Пашкадуй, не чакай, а хутчэй!

Пашкадуй, бо з яго цемнаты
Кожны рад карыстаць заўсяды;
Пашкадуй ты яго, сіраты, —
Бо на сьвет многа прыдзе бяды.

Бо за крыўду сваю адамсьціць,
Сьвіням будзе крыві не пабраць! —
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.