Збліжаецца лета к адходу, —
Дзе-не-дзе зьляцеў ліст чырвоны;
Павесіўшы лубку на шыі,
Выходзе сявец на загоны.
І поўнай мазолістай жменяй
Жытцо па ральлі раскідае,
Хавае ў зямельку надзею,
Што возьме з сяўбы? — не згадае.
Ці можа цяпер вот, увосень,
Чарвяк яго працу падточыць,
Ці сьнег у разводзьдзе падпарыць,
Ці ўлетку грады падрузгочаць.
Ці зьнішчыцца ў пуньцы пажарам,
Ці так ад якой-будзь прыгоды.
Такія, ах! горкія думкі
Сяўца абсядаюць заўсёды.
А ён не зважае на гэта,
То ўвосень, то цёплай вясною
Арэ, барануе і сее
Сваёй мазалістай рукою.
Тут кожны, сяўца хто пабача,
Стары ці малы, ці кабета,
— Радзі, памажы, божа! — кажа,
А лёгка-ж на сэрцы чуць гэта!
— Радзі, памажы, божа! — скажам
І мы сяўцом ўсякага роду,
А з зерня, што добрага севу,
Зьбяруць яны й добрую ўроду.
|