Мне ня трэба багатых другоў:
Даўно знаю пахлебствы я іх,
Іх малітвы да ўсякіх багоў
І з пагардай пагляд на другіх!
Не хачу з імі быць за сталом,
На сваё паніжэньне глядзець,
Як, мінаючы чаркай з віном,
Ад парогу накажуць сядзець.
Не хачу я дзявочай красы,
І пяшчот іхніх белых грудзей:
Рэжа сэрца мне горай касы
Зьменнасьць, хітрасьць агністых вачэй!
Не магу я цярпець, паглядаць,
Як іх сталасьць зьнікае, што мгла:
Тут душу табе рада аддаць,
Тут другога шчырэй абняла!
Не хачу я гуляць, дзе народ
Толькі гора цярпіць на вяку,
Дзе сіротка стаіць ля варот,
Есьці просіць, падняўшы руку.
Не хачу весяліцца, гуляць,
Дзе бяда, сьлёзы, скаргі ўвакруг,
Дзе другія ў няволі сядзяць,
Дзе замёрлі і сіла і дух!..
Эй, сказаць-жа, чаго я хачу?
За што нават-бы сэрца аддаў?
З чаго твар я сьлязамі мачу?
Ці-ж хто з вас калі гэта згадаў?
Дык-жа знайце, чаго-б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песьню запеў
І пазнаў, аб чым песьня пяе!
|