Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Я бачыў

Над магіламі Я бачыў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Дуб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я бачыў (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я БАЧЫЎ

Я бачыў, як вецер па полі гуляў,
Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў,
Заносіў пяском сенажаткі, лагчынкі,
Ламаў на бярозцы жывыя галінкі.

Я бачыў, як ястраб галубку забіў,
І выклеваў сэрца, і цёплу кроў піў;
Віхор яе пер‘е і косьці разьвеяў;
Галуб варкаваў, галасіў без надзеі.

Я бачыў дзяўчынку няшчасну адну,
Як бегла да рэчкі, нырнула ў ваду!
Нагнаў вецер хвалі і сьлед той загладзіў;
На беразе вольхі шумелі аб здрадзе.

Я бачыў ўсё гэта й душою цярпеў,
Застыў сьмех на губах і песьні ня пеў,
Заплакаў, заліўся маркотнай сьлязінкай
Адзін над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай.