Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Над магіламі

Нябожчык Над магіламі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Я бачыў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над магіламі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД МАГІЛАМІ

Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце бяздольныя,
Горам забітыя!

Як вам зямелькаю,
На вочы кінулі,
З людзкое памяці
Марна загінулі.

Над косьцьмі вашымі,
Па-над курганамі
Сьлёзы ўзносяцца
Мглою, туманамі.

Крыжы яловыя
На бок скрывіліся,
Наспы пасьмертныя
Вадой размыліся;

Два-тры з іх сьвецяцца
Кветкай жычліваю,
Рэшта скрываецца
Лазой, крапіваю.

Самі-ж вы зданямі,
Бледнымі, сінімі,
Летам усходзіце
Па-над магіламі.

Начніцы чорныя
Ночкай зьлятаюцца,
І совы шэрыя
Пераклікаюцца.

Ваўкі зьбіраюцца
Парой зімоваю
І пяюць, выючы,
Песьнь паграбовую…

Сьпіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Сьпіце бяздольныя,
Горам забітыя!..