Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Я відзеў…

Можна… ⁂ (Я відзеў…)
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Песьня вольнага чалавека
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я відзеў душы сільныя…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Я відзеў душы сільныя,
Якім віхры ўсьміхаліся
І пелі песьні дзіўныя,
Каб вышлі і змагаліся;

Змагаліся з няпраўдаю,
Змагаліся з кайданамі,
З кайданамі пякельнымі,
З людзкіх касьцей каванымі,

І вышлі людзі сільныя
На бітву на крывавую
Дый сьмерцяю акрыліся,
Хоць несьмяротнай славаю.

І толькі плакаць хочацца
Над гэтымі ахвярамі,
Над гэтым краем змучаным,
Над гэтымі цяжарамі.

І толькі плакаць хочацца,
Прад цэлым сьветам жаліцца,
Што так зямелька родная
З ног ад нядолі валіцца!