Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Песьня вольнага чалавека

⁂ (Я відзеў…) Песьня вольнага чалавека
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Воля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня вольнага чалавека.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ВОЛЬНАГА ЧАЛАВЕКА

Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Ня страшны мне Сібір, вастрогі,
Меч катні над шыяй маей,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзяруць з вачэй, —
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Нам есьці хочацца тым болей,
Чым горай голад прыгняце,
Тым рвёмся больш мы і да волі,
Чым меней к нам яе ідзе.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Дарэмна гіканьне нясецца
Дэспотаў подлых над зямлёй,
Што воля ў путы акуецца,
Згняцецца сілаю, пятлёй.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Ці-ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як сьвечку, яснасьць дня?
І волі-ж дэспоты ня змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!