Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Янка Купала
Янка Купала Крытыка Аўтар: Зміцер Жылуновіч 1925 год |
Жалейка → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янка Купала — пясьняр вызваленьня. |
ЯНКА КУПАЛА
КРЫТЫЧНА-БІОГРАФІЧНЫ
НАРЫС З. ЖЫЛУНОВІЧА
(Крытычна-біографічны нарыс)
На сходзе дзевятнаццатага сталецьця беларуская літаратура мела ўжо пад сабою досыць крэпкі грунт і багатую глебу для далейшага свайго разьвіцьця. Творчасьць Ф. Багушэвіча, Яна Няслухоўскага і інш. пусьціла глыбокае карэньне ў рады маладое беларускае дробнашляхецкае і розначыннае інтэлігэнцыі. Студэнцтва вышэйшых устаноў, якое лёгка паддавалася ўплыву ідэй політычна-экономічнага вызваленьня, спачуваюча сустракала ідэю нацыянальнага вызваленьня Беларусі, якое выказвалася ў тыя часы, галоўным чынам, у разьвіцьці беларускага пісьменства. Праца нацыянальна-соцыялістычных партый у Беларусі, як ППС, Бунд, С.-Д. Літвы і Польшчы, а таксама павінная ўвага нацыянальнаму пытаньню ў програмах агульна-расійскіх соцыялістычных партый спрыялі шпаркаму росту прыхільнікаў беларускага нацыянальна-культурнага вызваленьня. Гурткі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе, Маскве, Менску і інш. упяршыню выяўляюць сабою пачатковыя організацыйныя формы гэтага руху.
З ліку студэнцтва выходзяць новыя беларускія пісьменьнікі, якія паглыбляюць соцыяльны характар у беларускай літаратуры, захапляюцца павевамі народніцтва і прыдаюць ёй больш, калі можна выказацца так, дэмократычны адбітак. К. Каганец, Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі) — пісьменьнікі, Ян Луцкевіч, А. Грыневіч, Альгэрд Бульба — публіцыстыя, прадстаўнікі дэмократычнай інтэлігэнцыі, сваю літарацкую працу цесна зьвязваюць з працаю політычна-грамадзянскаю, зьліваючыся з соцыялістычнымі партыямі (К. Каганец).
Гэткім чынам, 90 годы перакладаюць к гадом дзевяцісотым дваццатага сталецьця шырокі мост, па якім ужо ў 1903 годзе праходзіць беларуская політычная партыя „Беларуская Рэволюцыйная (а пасьля Соцыялістычная) Грамада“. Адбываецца цеснае перапляценьне нацыянальна-культурнае працы ніткамі соцыялізму і рэволюцыйнасьці.
Далейшае поле для працы — сялянства, якое, зразумела, галоўным чынам, і зацікаўлена ў тым, каб вызваліцца з прыгону соцыяльна-політычнага і нацыянальнага. Польскія аграры, расійскія чыноўнікі і панаваньне ў краі наднароднае буржуазнае, офіцыяльнае культуры прыгнятацеляў — стварала соцыяльныя ўмовы для ўзросту культуры протэстуючай, народнай, рэволюцыйнай, якая-бы афармляла і культывавала нацыянальна-клясавы протэст. Гэтыя абставіны напіралі на музу беларускіх пісьменьнікаў, на перадавыя слаі беларускае інтэлігэнцыі. І ў скутку няўхільны загіб у бок рэволюцыйнасьці прыняў і ўвесь гэнэзіс разьвіцьця беларускае культуры і, асабова, літаратуры. Прышоўшая ў 1904 годзе ў літаратуру пясьнярка Цётка, будучы сябрам Беларускай Соцыялістычнай Грамады, сваімі вершамі кідае лёзунгі паўстаньня ў гушчы політычна-абуджанага сялянства і гарадзкога рамесьніцтва. Гэтак што знатны 1905 год сустракаецца беларускай літаратурай гымнамі, літаньнямі. Адзначанае падгатаўляе шлях да выяўленьня новых сіл ужо з гушчы самое працоўнае клясы. Хвалі рэволюцыйнага ўздыму, што разгайдалі іх рабочыя і сяляне, скаланулі скрэпы нацыянальнага ўціску і культурнага застою. Паўстае творчы дух у самых працоўных гушчах беларускіх. Адзнаньне павіннага культурна-нацыянальнага адраджэньня разьліваецца па шэрых абшарах вясковай краіны, успрымаецца шырокімі коламі народнае інтэлігэнцыі, перадавым сялянствам ды рамесьніцтвам; вырастае рашучая гатоўнасьць да яе вытварэньня і… пачынаецца новы тэрмін у справе разьвіцьця маладое беларускае літаратуры, яе зрадненьне з народнай стыхіяй, яе абнародваньне.
У гэты вось момант і зьяўляецца на сцэну першы пасланец у літаратуру ад працоўнага сялянства, яго наступны баян і трубадур, Янка Купала. Ён, як-бы ў моц гістарычнае прымхі, нараджаецца з полымя вялікае рэволюцыі, каб апаліць у ёй сваю музу і загартаваным выйсьці на няроўны шлях свае працы. Уперадзе прарастала храсткамі атрутлівая рэакцыя, згушчаліся хмары, каб загасіць проблескі свабоды — політычнай і нацыянальнай, а гасьцінец змаганьня звужваўся, зарастаў калючкамі — політычная сытуацыя суліла нядобрае, Але знарок насустрэч ёй уверана пазіраў новы, малады пясьняр, прышоўшы ў горад з глухіх куткоў узбунтаванае, парушанае Беларусі, лапцюжнай, мякіннай, дагэтуль няведанай ды нязнанай. Прышоў, каб сказаць пра яе, ужо пачуўшую воклічы Цёткі, гукі К. Каганца, мары Ядвігіна Ш., словамі мужычых думак, мужычае гардлівасьці, вартасьці чалавечай у твары загнанага нявольніка:
Што я мужык, усе тут знаюць |
Так, „мужык-чалавек“, як той вол рабочы, бо дурны „мужык“, „цёмны — ня мае грошы на патрэбу“. Чаму? Таму, што цёмны, што ня мае мажлівасьці знайсьці выйсьце, каб сьмела і рэзка парваць векавечную цеганіну маўклівасьці і гараваньня. У гэтым першым вершы Янка Купала выпукла і выразна перадаў настрой селяніна-працоўніка, селяніна, які адплюшчыў вочы і выглядзеў стан свайго жыцьця, зразумеў яго цяжасьць, зразумеў сваю вартасьць. І ў гэтым першым вершы ўжо сьвядома выдаецца адзнаньне поэтаю клясавых прычын таго, што „мужык-беларус — усіх корміць сваёю працаю, а сам мякіначку есьць“. Адзнаньне, што ў гэтай неправіловасьці соцыяльнай закладзена асноўная прычына клясавых супярэчнасьцяй, якія прыціснулі селяніна і з якіх, зразумела, — выйсьце адно: зрабіць, каб „мужык-чалавек“ стаў панам тых багацьцяў, якія дабываюцца „сахою й касою“, „валоваю працаю“.
Поэта зьяўляецца сынам свае эпохі і тых соцыяльных умоў, якія справаджаюць яго нараджэньне, яго жыцьцё, Янка Купала — селянін. Нарадзіўся ў фольварку Вязанка Заслаўскай воласьці, Менскага павету і губэрні (1882 г. 25 чэрвеня ст. ст.). Бацькі — арандатары зямлі. Продкам поэты за нейкую выслугу перад кн. Радзівілам дасталася зямля, на якой узьнік засьценак Пяскі, заселены сям‘ёю Луцэвічаў. Яны абраблямі гэту зямлю, плацячы чынш. Але ўжо дзеда поэты „міласьцівы“ князь выкінуў з зямлі; бацька Купалы з братамі мусіў шукаць скутку ў іншых мясцох, Удалося заарандаваць фольварак „Камень“ каля мястэчку Івянец, ды што-ж — не надоўга. Ізноў бацька пераехаў на новае месца, на гэты раз у фольварак Раговічы Набароўскага Старасельскай воласьці, Менскага павету і губэрні. У гэтым месцы бацька жаніўся на сялянцы Бэнігне Валасэвіч з фольварку Няшота Рубяжэвіцкай вол., Менскай губэрні (у 1879 г.). Але ўжо праз год бацькі поэты пераехалі з Раговіч у м. Паморшчына пана Зьдзяхоўскага, каля Ракава, у якасьці слугі, адкуль праз год перабраліся да братоў бацькі ў фольварак Вязынка Замбржыцкага Менскага павету, Заслаўскай воласьці. У Вязынцы якраз і радзіўся наш поэта 25 чэрвеня старога стылю 1882 г. Сям‘я пабольшылася, уцяжыла свой стан. Бацьком прышлося яшчэ многа раз пераходзіць з месца на месца, шукаючы то зямлі, то службы. Пры гэтым вандраваньні па абшарах Беларусі поэта рос, выхоўваўся, вучыўся, набіраючыся непасрэдных уплываў ад вакольнага жыцьця беларускага селяніна, парабка-найміта, дробнага панскага служкі. Чулая душа Янкі ўбірала ў сябе ўсе праявы ў сельскім жыцьці і адбівала іх у сабе з портрэтнаю яркасьцю. Нягоды, зьвязаныя з бяспрытульнасьцю ў сваёй сям‘і, паглыблялі яго ачуласьць і ўспрыяцьце наступнага поэты. На 13 годзе ўмірае бацька Янкі. Поэта становіцца ўдзельнікам цяжкага стану сям‘і, сам робіцца яго ахвяраю. І яшчэ гастрэй пранікае ў яго думкі неадхільнае пытаньне: чаму іх сям‘і так цяжка, а тут-жа, помеж, паном, так добра жывецца? Малады розум настойна шукае вырашэньня гэтага пытаньня. І калі з яго ўзростам і сталасьцю прычыны соцыяльнае несправядлівасьці праясьняюцца, Янка, бяручыся за пяро, за напісаньне сваіх першых вершаў, укладае ў іх зычныя мотывы ня толькі рэволюцыйнасьці, а і клясавых адзнак, Пачуцьцё дыктуе словы, якімі выразна падкрэсьліваюцца дагэтуль нявыказаныя, насьпеўшыя, узьвіхраныя думкі і імкненьні беларускіх працоўных гушч.
Верш, надасланы і надрукаваны ў „Северо-Западном крае“ — „Мужык“ — адзін з цыклю першых рэволюцыйных вершаў Купалы, выпадкова надрукаваны. іншыя, якія Я. Купала пасылаў для друку, не маглі быць надрукаванымі па сваёй рэволюцыйнасьці. Ды ня толькі расійскія: газэты паступова-лібэральнага характару, а пасьля нат‘, „Наша Доля“ — газэта Беларускае Соцыялістычнае Грамады — і „Наша Ніва“ на працягу ўсяго 1906 г. не асьмельваліся пускаць Янкавых вершаў таго часу[1]. Ужо некалькі пазьней у галіцыйскім друку, дзе даваўся крытычны агляд поэзіі Янкі Купалы, было прыведзена некалькі забароненых у тагочаснай Расіі яго вершаў,
Само сабою зразумела, што Янка Купала ня мог па складу сваіх думак, па сваім выхаваньні, якое йшло ў цяжкіх умовах сялянскага ды службовага (у панскіх дварох) жыцьця, зацікавіцца мотывамі не грамадзка-політычнага зьместу. То-б перакорыла сутнасьці жыцьцёвых падзей тэорыі соцыяльнага разьвіцьця. Поэту акольваў сьвет клясавых супярэчнасьцяй; ад іх ня мог ён пазбавіцца на працягу ўсёй моладасьці, юнацтва. Наадварот, толькі Янка Купала пасталеў, як на яго лягло ярмо павіннасьці гаспадара, селяніна, і гэтыя супярэчнасьці шчыльна сьціснулі яго з усіх бакоў. Памёршы бацька не пакінуў спадчыны, якая-б магла забясьпечыць сям‘ю: цяжкая праца земляроба, а ў перамежку слугача, прытым, няўседнага на адным месцы больш 1-1½ гады, — праца малаўдзячная.
Толькі-толькі хапала на тое, каб пракарміць сям‘ю. Даводзілася адрываць ад патрэб жыцьця, каб хоць крыху падвучыць дзяцей. І сям‘я пасьля сьмерці бацькі — вялікая сям‘я з 8 душ — адчула цяжкія недастачы, нужду.
У дваццаць год мы застаём Купалу прыказчыкам у маёнтку Беліца Сьвяцкага Магілеўскай губ., Сеньненскага павету. Трэба рабіць, каб жыць і памагаць сям‘і. З Беліцы ён у 1905 г. перасяляецца ў Сёмкава Менскай губ. за вінакурнага практыканта, а праз год — бацькава доля! — у 1906 г. ў Яхімаўшчызну Віленскай губэрні, Вілейскага павету памоцнікам Вінакура, а яшчэ праз год, у 1907 г., у Сноў Менскай губэрні, Наваградзкага павету, і толькі ў 1908 г. трапляе ў Вільню.
Вандруючы, лётаючы за месцам, дзе-б больш-менш людзка прыстаканіцца, Янка Купала натыкаецца на цяжкія, крэпкія перашкоды. Усюды жыцьцё захоплена тымі, хто яго ня творыць, хто дармаедзтвуе, гультуе, бярэ чужое, незаробленае. И настойна, неадгонна поэту хвалююць агіда, нездаваленьне, протэст, клясавая нянавісьць да гаспадароў стану. Лера ачула паддаецца навеям гэтага пачуцьця і выцінае на сваіх струнах соцыяльныя тоны. І цікава, што, помеж з рэволюцыйнасьцю, якая цалкам захапляе Янку Купалу ў пачатку яго творчасьці, выразна, неадступна, у роўнай меры зычаць ноты і нацыянальнага пачуцьця. Поэту вочавідкі, што агульныя ўмовы соцыяльна-політычнага й экономічнага ўкладу куды цяжэй там, дзе да іх прылучан яшчэ нацыянальны ўціск. Беларусь, якую адну пакуль бачыў і чуў перад сабою Янка Купала, болей іншых краін заціснута ў ярмо няволі, у бяскультурнае завяданьне. Куды поэта ні кідаўся — спатыкаў пана, ашчасьліўленага культураю, чужою і варожаю вагромнай гушчы цёмнага, запрыгоненага беларускага сялянства. Гэта культура ішла для мэты, каб ямчэй абіраць гэта сялянства. І заданьні гэтай культуры падтрымлівала з гарадоў другая варожая культура, культура папоў і чыноўнікаў у выяве сваім у Беларусі. А будаўнік жыцьця ціснуўся, заганяўся ў гэткія ўмовы, з якіх ня ўбачыць сонца, сьвятла.
Гэткая сытуацыя, бязумоўна, абурала Янку Купалу; часамі ён прыходзіў у гнеў і галосна клікаў:
Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары |
А часамі гнеў, ня маючы выйсьця, пераходзіць у адчай: поэту апаноўвае бязвыхаднасьць і здаецца, што нідзе няма мясьцінкі гэткае, а дзе-бы людзі не стагналі,
Дзе-бы сьлёз не цякло, дзе-бы кроў ня плыла[3]. |
Яго вольную, непакорную душу інады цягнё туды, дзе-б ня ліць сьлёз:
Паляцеў-бы туды, паляцеў-бы з душой[4]. |
Занадта згусьцілася гора вакола, ажно не дае спакою, прасьветлае гадзіны. Але чым мацнейшы яго ўціск, тым большая прага ў поэты бегчы
К долі, к волі, гэт, па полі. |
Што гэтая воля дастанецца людзям, працаўніку — Янка Купала не сумляваецца нізваньня. Дзеі рэволюцыі 1905 г. — сьведкамі таму. Гэта-ж вакола волі адбываюцца магутныя бойкі, гэта-ж за ёю
Ідуць людзі — ў крыві грудзі, |
якім
Няма ночы, жарам вочы |
Яны поэту самога
Абуджаюць, узываюцm: |
Ваяўнічасьць настрою, бадзёрасьць не пакідаюць Янкі Купалы на працягу доўгага часу: ён жыве з эпохаю, сугалосна з часам грандыёзнага ўздыму працоўных гушч 1905 г. Блізкія ідэалы, што залуналі на сялянскім паземе Беларусі, — родны і мілы поэце. І мы бачым, як глыбока прасякнуты баявітасьцю яго вершы тае пары. Сум і безнадзейнасьць тане ў шырокіх хвалях высокіх парываньняў. Поэта даходзіць да nаго, што ў голас рашуча пытае:
Ах, ці доўга, братцы, будзем пад нядоляй мы стагнаць? |
І адказвае, што гэтым гору не пасобіш, што вакола працоўнікі ў нядолі ды бядзе, таму, што „самі многа вінаваты“.
Так, віну за цяжкі стан Янка Купала ўскладаў на самыя працоўныя гушчы. Гэта ён адмячаў у многіх мясцох у розных варыяцыях. Процілегласьць між панам і сялянствам вельмі гостра кідалася ў вочы — ня бачыць гэтага ён ня мог. І бачачы, не хаваў. Але ў гэты тэрмін мы заўважаем, што поэта ў адзін толькі бок накіроўвае стрэлы сваіх слоў — толькі проціў пана. Горад, як прылада ў руках капіталістых ды самадзяржаўнага правіцельства, адкуль распрасьціралася іх сіла, пакуль не адчувалася поэтаю. Тварам да твару ён стыкаецца выключна з гнёздамі магнатаў-паноў, якія ўсілілі ў свае сеткі вакольныя вёскі, сялянскую Беларусь. Гэтыя паны — вось соцыяльная хвароба, вось самае горшае ліха на дарозе да прыходу долі. Да іх Купала прарочна кажа:
Пажалей мужыка-бедака, |
І яшчэ ў аднэй варыяцыі:
Не пагарджайце лапцей лазовых, |
Пэрыод творчасьці ад пачатку да 1906 году Янка Купала пераважна пасьвячае грамадзянскім напевам. Яны выдаюцца ў кожнай тэме, з якога-б боку ён да яе не падыходзіў. Будзь-то „Жніво“, „Восень“, „Вясельле“, „Каханьне“ — усюды спынка на соцыяльных супярэчнасьцях жыцьця, на яго несправядлівасьці ў адносінах да працаўніка.
І ўжо ў гэты пэрыод Янка Купала шчыльна зьвязвае соцыяльныя мотывы з нацыянальнымі, Беларусь фігуруе ў многіх яго вершах, а сам ён сьвядома заве сябе поэтаю беларускім. Аднак большая ўвага гэтаму пытаньню пакідаецца на пасьля. Пакуль пануюць агульныя інтарэсы, абарона якіх нясла політычную свабоду, як мост да свабоды нацыянальнай.
У працягу з 1904 г. па 1907 год Янка Купала напісаў шмат твораў, якія сабраў у адзін зборнік і выслаў у Пецярбург у выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“. Гэты зборнік абазваў „Жалейкай“, якая-б —
Апявала няволю, |
Выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“ выдала яе ў 1908 годзе. І беларуская літаратура зразу абагацілася вялікім дарам. імя поэты было ўжо вядома беларускаму чытачу. На „Жалейку“ накінуліся, сталі чытаць з захапленьнем. Вершы яе гостра ўрэзваліся ў душу, будзілі надзеі, клікалі наперад, разьбіваючы цемру насеўшай рэакцыі. Кожнае слова, зразумелае, выпуклае, ачулае, біла молатам па струнах душы, застаўляла іх гучэць бадзёрым тонам. Янка Купала пападаў у балючае месца і выклікаў зацікаўленьне да сябе. Калі зварочвалася думка да беларускае літаратуры, то зразу спынялася на Купале, Яго здольнасьць, як поэты, многа абяцаючага, кінулася кожнаму ў вочы і за яго словам пачалі сачыць. „Наша Ніва“ не прадстаўлялася бяз вершу Янкі Купалы, які зразу вырас у корыфея, у непараўнаўчую велічыню. На вочах разьвіваўся, крэп. Кожны новы верш сьведчыў за гэта. У поэты разьвінаўся сьветапогляд, пашыралася рознастайнасьць ахопу, глыбела думка і паднімалася мастацкасьць тэхнікі. У яго творчасьці можна было знайсьці ўсе формы вершаскладаньня, якія дагэтуль у беларускай літаратуры адсутнічалі.
Помеж з гэтым, Янка Купала няўхільна падаваўся ў бок сымболізму. Слабыя налёты яго ўжо выразна адмячаліся ў „Жалейцы“. Але дух эпохі рэволюцыйнага ўздыму, калі „Жалейка“ пісалася, разьвяваў сымболічны одцем. І першы зборнік зьявіўся романтычна-рэалістычным вобразам. Разьвіцьцю сымболістычнага напрамку ў творчасьці Янкі Купалы дапамагала тагочасная політычная сытуацыя.
У 1908 годзе, калі ён трапіў у Вільню і спаткнуўся з разгулам рэакцыі, якая няшчадна распраўлялася з астаткамі свабоды, уціскала духова ўсё паступовае, нельга было радыкальныя думкі ды ідэі выкладаць іначай, чымся сымболямі. Тым болей, калі гэтыя ідэі, як то было з Янкам Купалаю, неабходна вярцеліся вакол аднаго: соцыяльна-нацыянальнага вызваленьня працоўнай Беларусі. Яму прыходзіцца адшукваць параўнаньні разуменьняў і сымболізаваць іх.
І трэба адзначыць, што таленту ў яго хапіла досыць, каб сымболічнасьць сваіх малюнкаў перадаць прыгожа, нават дасканала. Тыя яго творы, у якіх асабліва густы адбітак сымболізму, дужа сільныя і мастацкія. Возьмем „Адвечную песьню“, надрукованую ў 1910 годзе, „Раскіданае гняздо“, дробныя вершы. Ад іх так і нясло запаляючым жарам, так і дыхала гневам і помстаю. Вобразы гукалі да ўздыму, наводзячы думку на безнадзейнасьць і страшэнны заняпад працоўнай краіны Беларусі.
У гэтым хавалася тая асабістасьць Янкавага сымболізму, якая адрозьнівала яго ад панаваўшага сымболізму ў расійскай літаратуры. Апошняя згубіла пад яго ўплывам усякую веру, жадную надзею. Расійскія сымболістыя — песьняры і пісьменьнікі — накіравалі сваю музу ў бок апяваньня цялесных патрэб, нізкіх інстынктаў, самалюбаваньня, богашуканьня, мэтафізычнасьці, яны, фактычна, дапамагалі сваім дарам узмацаваньню рэакцыі і душэўнага развалу, адракаючыся ад нядаўных ідэалаў. Бальмонт, Кузьмін, Арцыбашаў, Салагуб, Каменскі і інш, адкрыта палілі старых бажкоў і аддаваліся Наўім чарам, кубкам громакіпячым, Саніным, Ледам. Сымболізм беларускай літаратуры, наадварот, нёс службу романтызму, бо гучэў нотамі прызыву ды протэсту. Янка Купала вельмі рэдка паддаваўся суму, але ніколі апатыі ці душэўнай утоме. Ён цьвёрда, ваяцка перамагаў вакольны жах і, кормячыся сокамі нясупыннага росту беларускага адраджэньня, кідаў праменныя словы сваіх вершаў, як позывы, у беларускія працоўныя гушчы. І гэтыя позывы, ня гледзячы на атульнасьць сымболістычнасьцю, ці то байкавай алегорычнасьцю краталі чытача за жывое, успрымаліся ім і мелі ў яго багатыя скуткі. Гэта можна аднесьці затую здольнасьць, дзякуючы каторай Янка Купала ўмеў (і ўмее) выкладаць думкі, знаходзіць хварбы і падбіраць тоны.
З 1908 году ў віленскіх часопісях упяршыню зьявіліся біографічныя весткі аб Янку Купале. У гэтым годзе, працуючы бібліотэкарам у бібліотэцы Б. Л. Даніловіча ў Вільні, ён меў мажлівасьць папаўняць чытаньнем кніжак свой сьветапогляд, пашыраць паземы. Гэта служба таксама давала яму мажлівасьць удзяляць часу для бываньня ў рэдакцыі „Нашае Нівы“, у гурткох інтэлігэнцыі, дзе нясупынна кавалася ідэя і намячаліся пэрспэктывы ў справе нацыянальна-культурнага і соцыяльна-экономічнага будаўніцтва Беларусі. Янка Купала чэрпаў натхненьне, набіраўся сіл і веры для свае творчасьці. Аднак, Вільня хутка яго не здавальняе — усё-ж провінцыя, А праца, за якую яго пасадзіла жыцьцё, місыя песьняра-агалосьніка працоўнае Беларусі, вымагала большых вед, глыбейшага пазнаньня. І ён у 1909 годзе накіроўваецца ў Ленінград, Там гэтым часам ужо працавала беларускае выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“ на чале з вядомым беларускім адраджэнцам Б. І. Эпімах-Шыпілам. Вакола выдавецтва гуртавалася беларуская грамадзкая думка. Абуранае нацыянальна-адраджэнцкай ідэяй, беларускае студэнцтва самаахвярна працавала над выданьнем кніжок, над організацыяй спэктакляў і інш. Б. І. Эпімах-Шыпіла, аддаючы большасьць сваіх заработкаў ад профэсарскае службы, як мага падтрымліваў беларускую культурную справу, дапамагаючы часта бедным студэнтам і пісьменьнікам беларускім. Да сябе запрашае Б. І. Эпімах-Шыпіла і Янку Купалу, які жыве ў яго з 1909 па 1913 год.
Жывучы ў Пецярбурзе, Янка Купала стараўся папоўніць асьвету і скончыў агульна-асьветныя курсы Чарняева. Гэта было вялікай дапамогай поэту, які ўсё сваё вучэньне ўкладаў у народнае вучылішча, скончанае ім у Беларучах. Ды ў тыя лекцыі вандроўных настаўнікаў Стацкевіча і Ляскоўскага, якія ён слухаў па розных мясцох свайго бываньня. Спроба ў юнацтве пасунуцца далей, хоць-бы папасьці ў рэальнае вучылішча, куды яго падгатаваў быў дырэктар гэтага вучылішча (і настаўнік Янкі Купалы) У. І. Самойла, была перанята бацькам поэты; апошняму выгадней было, каб сын пасабляў яму ў земляробстве, ніж займаўся навукамі… Прышлося наганяць цяпер.
На пэрыод з 1908 г, па 1913 год, калі Янка Купала жыў у Вільні і Ленінградзе, выпадае найбольшая яго плоднасьць. У Вільні ён напісаў другі свой зборнік вершаў „Гусьляр“, які вышаў у 1910 г. ў выдавецтве „Загляне сонца і Ў наша ваконца“, адначасова прымаючы дзейны ўдзел у „Нашай Ніве“. На творчасьці Янкі Купалы ў гэтыя годы ўзрасталі маладзейшыя пісьменьнікі, гуртаваліся вакол яго песень маладыя сілы сельска-рамесьніцкай беларускай інтэлігэнцыі. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух з часу выйсьця ў сьвет „Гусьляра“ на гэтулькі вырас і акрэп, што на яго не маглі не зьвярнуць свае ўвагі суседнія беларускаму народу. Нарысы аб разьвіцьці беларускае культуры наогул і літаратуры — ў асобку сталі зьяўляцца ў польскай, украінскай, расійскай і чэскай прэсе. Беларуская літаратура прыхільна сустракалася, яе нараджэньне віталі ўсе, хто-б ня кранаў гэтага пытаньня. І вось, у крытычна-аглядных артыкулах, пасьвечаных беларускай літаратуры, мы сустракаем цэлы шэраг думак аб Янку Купале, як аб найвыдатнейшым прадстаўніку тагочаснага стану гэтай літаратуры. Гэтак, Адольф Чэрны ў часопісі „Прагляд Славянскі“ ў артыкуле „Беларускія нацыянальныя і культурныя імкненьні ў 1909-1910 г.“[9] піша: „Да самых популярных маладых поэтаў належыць Янка Купала, з творамі каторага спатыкаемся ў 1907 г. ў „Нашай Ніве“. Поэзія яго мае беспасрэдны грунт народны, бо ён — дзіця беларускай вёскі, самавук; ён прачувае долю народу, апявае яго сум, працу, жальбу і беднае жыцьцё“. Тых-жа думак трымаецца проф. А. Пагодзін у сваім артыкуле „Белорусские поэты“ („Вестник Европы“ — студзень, 1911 г.), пр. Янчук і інш.
Янку Купалу, як народнага поэту, прызнаюць усе аглядальнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня ў 1910-1911 г. Але Адольф Чэрны, проф. А. Пагодзін і інш., пішучы свае артыкулы, мелі справу з першымі творамі Янкі Купалы, якія ўвашлі ў „Жалейку“. Па сваёй тэхнічнай вартасьці, па сваёй поэтычнасьці, бязумоўна, яны не давалі таго, што давалі вершы пазьнейшага часу, сабраныя ў „Гусьляры“, Гэты зборнік яскрава засьведчыў нясупынны рост таленту Я. Купалы. Шырына ахопу, дасканаласьць формы і тэхнікі, багацьце тэматычнага зьместу далёка адрозьнівалі „Гусьляра“ ад „Жалейкі“, прыдаючы аўтару ўсё большую і вядомасьць.
У Пецярбурзе, дзе ён выдаў першы драматычны твор „Паўлінка“ (1912 г.), сымболічную поэму „Сон на кургане“ (1912 г.) і найбагатшы збор вершаў „Шляхам жыцьця“ (1913 г.), вядомасьць Янкі Купалы заходзіць вельмі далёка: ім зацікаўліваецца цэлы шэраг расійскіх пісьменьнікаў (І. Белавусаў, А. Корынфскі, Е. Нячаеў, Н. Ашукін, а пазьней і В. Брусаў) і перакладаюць яго творы на расійскую мову[10]. Вершы яго перакладаюцца таксама на польскую, украінскую і літоўскую мовы.
І далей ува ўсіх, як і ў „Жалейцы“, адмечаных творах Купалы, зьмешчаных У „Гусьляры“, ідэя нязьменна адна: вызваленьне працоўных гушчаў Беларусі з экономічна-нацыянальнага ўціску. Напевы соцыяльнага зьместу — пераважны: яны захапляюць аўтара. Толькі паціхай часамі ўступаюць месца вобразам беларускае прыроды. Янка Купала трымаецца раз абранага шляху — змагацца сілаю мастацкага слова за сваю краіну. Чым болей сталеў яго талент, тым глыбей прасякаўся поэта пачуцьцём патрыотызму, пачуцьцём заўзятага ваяўніка, нават духовага правадыра. Моц, якая зычэла ў яго вершах, раўнялася моцы надзвычайнага трыбуна, які кліча і вядзе масы сілаю слова.
Песьня мая ня шукае чырвонцаў — |
Грунт Янкі Купалы — вясковая, зрэбная Беларусь. Яна на яго вокліч, зразумелы, блізкі, давала „Водклік“, паперш, успрыняцьцём роднага слова, а пасьля —вялікаю цягаю да вызваленьня і будаўніцтва працоўнае рэспублікі. Так, як-бы ні стараліся іншыя бачыць у Янку Купале выключна нацыянальнага адраджэнца, нельга ўлажыць творчасьці поэты ў гэтыя рамкі. Наадварот, усе мотывы аб „бацькаўшчыне“ прасякнуты наспрэс глыбокімі соцыяльнымі нотамі. Для яго быў дораг „водклік у сонным сяле“; сяло — вось дзе ён бачыў Беларусь. І ў „Гусьляры“, і ў „Шляхам жыцьця“ той самы мужык, з якім Янка Купала паказаўся перад сьветам, забірае галоўную ўвагу ў яго грамадзянскіх мотывах. Асабіста, у „Шляхам жыцьця“ (вышаў у 1913 годзе ў Пецярбурзе) адведзены цэлы аддзел „Наша вёска“, пасьвечаны мужыку, яго долі, жаданьням, умовам яго жыцьця і рознастайным праявам гэтага жыцьця. Пры гэтым, дужа цікава, што поэту вельмі займае і процэс працы: ён падае вобразы яе ў розных варыяцыях — за сахою, з сярпом, з касою, з шылам (шавец) і інш. І кожны выгляд працы хавае пад сабою асабовую дробязь аднэй вялікай гамы труду, які аддаецца на справу вызваленьня. Ад таго — заўсюды, кожны верш, пасьвечаны працы, канчаецца ў поэты праменнаю вераю:
Вецер і моц, знаць, табе прынясе |
Альбо:
Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты! |
І яшчэ:
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні, |
Хмары былі ў той час, калі Янка Купала пісаў гэта, былі цёмныя хмары і засьцілалі яны небныя паземы — рэдка было бачыць яснае сьвятло. Таму-та гэтак горача і кліча да яго поэта; кліча, часамі, занепадаючы ў тугу… праўда, не таму, што яго абурае бязьвер‘е, а дзеля таго, каб указкаю на цяжарнейшы стан вёскі і селяніна падбіць на шчырэйшае адчуваньне бадзёрых тонаў. А хто-б мог ня плакаць над змучанай, прыдушанай беларускаю вёскаю? Тым болей, яе сын, поэта? Янка Купала зрэдку даходзіць да мінорнасьці. Доля безьзямельніка наводзіць на гэта. Але рэдкія хвіліны безнадзейнасьці хутка мінаюць, акупаючыся новым уздымам надзейнасьці, веры. Абураны імі поэта кажа:
На вялікім сьвеце б‘е жыцьцё крыніцай; |
Бачыць:
Прашло засьляпеньне, мінае трывога, |
Верыць:
Ночка цёмная на сьвеце |
Упэўнены, што
К свабодзе, роўнасьці і знаньню |
У часы страшэннае рэакцыі 1910-1911 г. г. гэтага было досыць для грамадзяніна-поэты. На шэрым фоне тагочаснага жыцьця падобныя словы поэты аддавалі сапраўднай праменнай рэволюцыйнасьцю. Хацець большага, прымяраючы на локаць іншага часу, іншых умоў? Болей, як наіўна.
Янка Купала ўзносіўся высока над акольным жыцьцём, кідаючы напевы сваіх бадзёрых, спадзейных песень. Радасны настрой, часта сягаючы да патэтыкі, справодзіў яго неадменна пры напісаньні „Гусьляра“ і „Шляхам жыцьця“.
Многа гэтага пачуцьця і ў лірычных вершах Янкі Купалы. Сочныя вобразы, квітучасьць, яскравасьць хварб яго лірыкі асабліва лашчаць нутро. Так і чуеш, як буяе ды пушніць паўната жыцьця.
І зелень, і кветкі, і песьні, |
І характэрна, што часта да прыгожасьці натуры поэтаю прыдаецца той ці іншы элемэнт з процэсу сялянскае працы, з галіны думак і надзей селяніна. За правіла ўзята Янкаю Купалам — увесь пераплёт, усю гаму сваіх зыкаў браць фонам для малюнку на ім праяў людзкога, сялянскага жыцьця ў абойме ўсяе Беларусі.
Лірыка і вялікая колькасьць баек (цэлы аддзел у зборніку „Шляхам жыцьця“) прыстасаваны ім да агульнага вобразу — у сучаснасьці і ў наступным — працоўнай Беларусі. Сучаснасьць — у выяве яе да часу заснаваньня Беларускай Савецкай Рэспублікі — гняла Янку Купалу, ціснучы яго душу, усягды маладую, загартаваную і поўную веры. Гэты ўціск, прызнацца, досыць прыкметны, асабліва ў яго лірычных творах. Але пераказваем і сьцьвярджаем, што на мінорных тонах ён нядоўга спыняўся, часта знарочыста прыдаючы чорнае хварбы сваім палотнам. Наступнае, інтуіцыйна прачуванае ім, цягнула песьняра да сябе, надаючы яскравай натхненнасьці, спадзяванак. Можна даць шмат прыкладаў таму, што творы Янкі Купалы, у якіх поэта чапае будучыны, жаданьняў, веры, — тыя творы блішчаць асабліваю здольнасьцю і беспасрэдным пачуцьцём свайго творцы. Прымяраючы квадры году да сымболізаваньня людзкога жыцьця, Янка Купала топіць у хвалях радасных напеваў аб вясьне і леце напевы асеньняга і зімовага часу. Час красаваньня, пасьпяваньня, час кіпучасьці жыцьцёвай, нараджэньня — абганяе, перамагае хвілі заміраньня, нудных завываў ветру і галеючых садоў.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына |
Янка Купала жыве ў нясупынным паланьні, гартуецца маладымі сокамі жыцьця. Усю прыгожасьць, усю пекнату абымае сваймі думкамі і чуцьцём сваім і… вельмі абураны, што соцыяльныя ўмовы вытвараюць вялікую несправядлівасьць у адносінах між людзкою грамадою і развоем прыроды. Чаму-б кветкамі ды зеленьню вясны не палюбавацца, не палагодзіцца кожнаму, кожнаму селяніну, працаўніку? Няўжо яго сэрца не адчувае цягі да гэтага? Няўжо ўсё хараство створана тым, „хто багаты, адзеты і сыты?“ Не! Пераконаны поэта…
Негаданай песьняй-казкай |
У нутры Янкі Купалы, як на фотографічным шкелку, адбіваліся ўсе вібрацыі з жыцьця Беларусі. Ідэі і іх выяўленьні не праходзілі паміж яго пачуцьця.
Праўда, зацяжная рэакцыя, зьвязаная з незавідным экономічным станам, у якім жыў пясьняр, не магла не адбіцца на яго настроі. Памерны ўзрост соцыяльна-нацыянальнага руху перад вайною не абяцаў таго, што прынесла вайна. І сяганьні ў наступнае, і вера ў шчаснае жыцьцё — належаць моцнасьці і перадчуванасьці поэтавай. Становішча цяжка гняло. Максім Багдановіч часта пытаўся, ці хопіць сілы перажыць грамадзкае гора, а Якуб Колас ападаў у цёмны пэсымізм, і трэба было быць Янкам Купалаю, каб заставацца оптымістым, увераным у нямінучы прыход лепшых дзён:
Глядзі, ўскалышацца, прачнецца |
Гэта ў 1919 годзе!
І толькі адзін, выразна трывожны момант можна адзначыць у творчым жыцьці поэты. Гэта — момант абвяшчэньня сусьветнай вайны. Зьвязаны ўсімі фібрамі свае істоты з Беларускай краінаю і яе працоўным народам, жывучы іх жыцьцём, для іх жывучы, — не магло сэрца Янкі Купалы на нейкі часне паддацца страшэннай роспачы, калі ён бачыў, як усе жахі вайны апалі на многапакутную Беларусь. Што астанецца ад вечна забранай, ад вечна зьнішчанай краіны, пасьля таго, як пракоціцца па ёй паводка руйнаваньня, пажараў? Ці астанецца, наогул, тая крыніца, з якое ён чэрпаў сваё натхненьне, веру і спадзеі? Ці, магчыма, зданны Молох праглыне цалкам змучаную краіну? У кожным разе, размах здарэньняў ня суліў нічога суцешнага. Было вядома, што арэнаю сутычак двух варожых бакоў застанецца Беларусь —
Грамадзяцца цёмны хмары, |
Нельга было судзіць, ды ня цікава, на чый бок перагнуцца шалькі, але перагін адбывацьмецца непасрэдна ў Беларускім краі. Гэта страшэнная пара глыбока ўрэзалася ў душу Янкі Купалы, але і тут знашоў ён мужнасьці аднясьціся да яе з завіднай сьмеласьцю, забойна, пракляўшы і час, і абставіны людзей, якія стварылі сусьветную вайну. Вось якімі словамі ён праводзіць 1914 год:
Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць, Прышоў ня з згоды і свабоды весьцяй Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў „Не забіваці“ — ты стрывожыў права, Га! Хай-жа льлецца кроў, дымяць пажары, Аж прыдзе іншы год з рукою лёгкай |
Ды як-жа не хвалявацца шчыраму сэрцу, грамадзяніну селяніну-поэту? Як не праклінаць тых людзей, што выклікалі нязьлічоныя бядоты на працоўных усяго сьвету і асабліва на многапакутную бацькаўшчыну поэты, Беларусь? І Янка Купала шле громы праклёнаў „разьюшаным сатрапам“, якія
Паганы зладзіўшы хаўрус, Свае таргуюць і чужыя Табой, няшчасны беларус. Дыхнуць свабоднымі грудзямі Й зірнуць арліна не дадуць, — На ўзьлёты дум кладуць аковы, Як на рабоў сьляпых кладуць…[25] |
Поэта яскрава разумеў клясавую падставу імпэрыялістычнае вайны, кіруючы свае стрэлы да сатрапаў. І праз гэта яшчэ болей абурала яго нянавісьць на яе братазабойнасьць, на яе крывавую роспач.
Ды, паміма іншага, ці-ж можна было пагадзіцца, каб, замест вясеньніх квятоў, замест мірнае працы на вызьвеўшых нівах, лілася бязьвінная кроў рабочых і сялян, якіх настроілі адных супроціў другіх? Прышла вясна 1915 году і супроціў чаканьня —
„Ня з сонцам вышла блаславіць аратага арбу“. |
А куды тамака! З гэтаю вясною падзі многа пастрашнелі, выяўна сьціснулі грабежнымі кайданамі Беларусь. Царская армія ня ўстоіла супроціў арміі кайзэраўскай і ў сполаху адступала, а перад сабою гнала тысячы беларускага сялянства. Краіна пусьцела, руйнавалася. Здань пагібелі вісела над ёю чорнаю хмараю. Дым пажараў затуляў сонца і веру ў блізкае зьнішчэньне крывавай пошасьці, вайны.
Грукат гармат разьвеяў на нейкі час і творчы імпэт Янкі Купалы, прымусіўшы яго змаўчаць, прытаіцца… Мы бачым, што з паловы 1915 году па год 1918 Янкам Купалаю напісана зусім мала, нават у друку няма ніякага твору, які-б быў памечаны 1916 ці 1917 гадамі.
Якраз а палове 1915 году цэнтр беларускага культурнага руху, г. Вільня, быў заняты немцамі. Беларускія культурныя дзеячы, якія пакуль ня былі яшчэ залучаны ў армію, разьехаліся ў іншыя пункты Расіі. Зачыненая перад гэтым „Наша Ніва“, наогул, адняла вялікую частку працы, ужо досі парушанае вайною. Трэба было перачакаць гостры момант, аглядзецца, выбраць месца, згуртаваць там сілы. Выяжджаючы разам з другімі з Вільні, Янка Купала пераехаў у Маскву, дзе сумеў улучыць часу на слуханьне лекцый у унівэрсытэце Шаняўскага. Гэта працягнулася да пачатку 1916 году. Пасьля ён пераяжджае ў Менск, дзе паступае ў дарожную дружыну адбываць вайсковую павіннасьць. У Менску к гэтаму часу пасьпеў залажыцца беларускі гурток, які распачаў выдавецка-політычную працу. Янка Купала далучаецца да гэтай працы, але скора мусіць яе пакінуць і з канца 1916 году пераяжджае, з прычыны службы, у Полацак. У гэтым горадзе поэта пражывае канец 1916 году і ўвесь 1917 год. Лютаўская рэволюцыя застае яго там-жа. З Полацкага пазему Янка Купала сачыў за ўсімі тымі падзеямі, якія выліліся з страшнае вайны ў нячуваны рэволюцыйны ўздым. Рост і пэнт нацыянальнага абуджэньня, здавалася, загінутай Беларусі бліснуў яскравым мэтэорам перад яго вачмі.
Працоўныя беларускія гушчы, парушаныя рэволюцыйным выбухам, зьядналі ў адно політычнае суцэльнае соцыяльныя і нацыянальныя моманты. Ідэі, аб якіх пяяў Янка Купала, з-за якіх хварэў душою, якімі жыў, кідаючы іх у сялянскія гушчы, і над якімі 3 гады вісеў меч загубы, — гэтыя ідэі ператварыла Лютаўская рэволюцыя ў магутны беларускі рэволюцыйна-нацыянальны рух… А Кастрычнік падвёў пад іх сталы, моцны грунт. Павінна было поэце-баяну ў найвысшай асалодзе, у шчасьлівым задаваленьні цешыцца ў гэтым і плёнамі свае працы. Найвышэйшая ўцеха трымала струны яго леры моўчкі. Новыя паземы адчынялі шырокі шлях яго радзіме, яго працоўнаму народу. Няхай выходзіць ён, няхай наладжвае свае паходні, — поэта паглядзіць, пачакае. Але й на гэты раз ня суджана было Беларусі вярнуцца да спакойнага жыцьця, да адбудаваньня краіны, да аховы заваёваных рэволюцыяй праў. 1918 год прынёс ёй нямецкую окупацыю. Што не пасьпела зрабіць вайна, тое наганяла „мірная політыка“ окупантаў. Збоку, у Вялікарасіі, разьвіналася Кастрычнікавая рэволюцыя, крэплі і ператвараліся ў жыцьцё яе лёзунгі, а беларускі працаўнік стагнаў пад абсацам юнкераў кайзэра. Янка Купала, пераехаўшы з Полацку ў Смаленск, з болем у сэрцы сачыў за прыгнечанаю, бяздольнаю краінаю і ў няцерпе зваў:
Табе, народ мой, згібнуты ў аковах |
Гэта пісалася 29/Х-18 г., а 1/I-19 г. па абшарах вольнае Беларусі ўжо разносіліся магутныя словы маніфэсту часовага ўраду Беларускай Савецкай Незалежнай Соцыялістычнай Рэспублікі. Водгалас іх сягаў далёка на захад, б‘ючыся ў сьцены абуджанай Нямеччыны і апітае перамогаю Антанты… Ізноў на ваччу поэты адбывалася зьявішча ажыцьцяўленьня яго жаданьняў, ідэй; народ строіў для будучыны —
„Шчасьце, каб пут ня строіў больш сусед“. |
Народ рашыў пастроіць новы пасад, „разжыцца з новаю доляю“. Векавое бадзяньне бяз імя, бяз назвы мігам зышло з памяці, і вакола Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі аб‘ядналіся працоўныя беларускія гушчы. Аб‘ядналіся, прасякнуліся яе ідэяй, захапіліся пачуцьцём узьнікшага ў іх рэволюцыйнага патрыотызму і сталі абараняць яе, як радзіму, як сябе.
Янка Купала ўрачыста, з адчыненай душою сустрэў гэты вялікі акт у жыцьці свайго народу; ён з радасьцю пакінуў Смаленск і паехаў у сталіцу свае рэспублікі. Пачуцьцё грамадзяніна не пакідала поэты. І чулася яму, як —
Назаўтра, к налецьцю |
Зьліўшыся з мільённаю грамадою, ён сачыў, „каб абсевак ня кінуці дзе“. Была ўрочная пара, адпаведная, — нельга было драмаць. Тым болей, што ўжо на рэволюцыйным рубяжы радзімы загострываў меч неўгамонны вораг. Маладая рэспубліка, ці адстаіць яна сябе? Пэўна, у захопе працаю адбудовы вольнае краіны, ці-ж можна было думаць аб гэтым? Ня пытаў сябе аб тым і Янка Купала…
А ў той час новая хмара насувалася на Беларусь — польская панская окупацыя. У самы разгар творчай працы надышла яна з захаду і перапыніла рэволюцыйнае будаўніцтва на цэлы год… Ня старчыла моцы абараніць краіну, а мо‘ Суджана было законам жыцьця лішні год дадаць да шэрагу доўгіх год мукі, каб пасьля з новаю сілаю, з новым імпэтам, як уваскросшы з агню Фэнікс, хапіцца за творчую, адноўную, вялікую мірную працу адбудовы соцыялістычнае рэспублікі… Тэрмін, калі надышла новая эра для беларускага працаўніка і селяніна, пачаўся з 1921 году. Хоць здарэньні паднясьлі яму скутак цяжкага змаганьня ў выглядзе праклятага Рыскага акту, хоць сьледам за гэтым актам пасунуліся на Савецкую Беларусь узгадаваныя „міралюбівай“ Польшчаю бандыцкія шайк Балаховіча ды Савінкава, — усё-ж нельга было пераняць вялікага ўздыму, які абурыў беларускія працоўныя гушчы, які зваў іх да творчае працы. Крыўда — калі яе ня старчыла! — часова была заціснута на дно душы да адпаведных выпадкаў, і ўтратак пераймаўся вялікімі здабыткамі дзяржаўнага, экономічнага і культурнага будаўніцтва. Адна за другою таіліся цяжкія раны перажытага. Захапіла беларускага працаўніка і селяніна пераконаньне ў тым, што патрэбен на першы час моцны пляцдарм, пункт абапору, а тады — бог дзядзька.
Духовыя скарбы беларускіх працоўных гушчаў завіравалі крыніцаю. Вачавідкі сталі расьці зялёныя сочныя руні культуры. Тэатр, выдавецтва, школа. Сьвежы, зялёны, вясеньні шолам прашоў па ўсёй вольнай Беларусі. З вышыні паліліся новыя, бадзёрыя, жыцьцёрадыя песьні. І Янка Купала, зачарованы магутнасьцю здарэньняў, якія ня спыняліся, а расьлі, пекнатою вобразаў, якія зьліваліся ў стройную сымфонію, — гартаваў натхненьнем сваё адзыўнае, чулае нутро. Не, не павінны струны яго леры замаўчаць гэту пору! Чыя-бы душа маўчала — толькі не поэты грамадзяніна-рэволюцыянэра. Не маўчала-б душа ваякі неспакойнага, клапотнага клопатам мільёнаў свайго люду поэты.
У 1921 годзе, вясною, Янка Купала, перажыўшы ў Менску жахі польскае окупацыі і аддаўшы многа часу цяжкай хваробе, якая чуць ня згубіла яго, убачыў, што прышоў час зьдзейсьніцца яго нядаўным марам —
Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці, |
І пясьняр зразу адгукаецца новай эпосе „Інтэрнацыяналам“. Рэволюцыйнае пачуцьцё, пачуцьцё пераможнага народу, дае яму вялікую сілу ды неахопнае натхненьне знайсьці тую жалезную моц і сьмелую глыбіню, якія набылі пад яго пяром зычныя словы міжнароднага гымну. Поэта ўлажыў у свой пераклад яго точнасьць сэнсу і апогэй урачыстасьці пачуцьця. Поэтавы-ж здольнасьць і мастацтва прыдалі, яскравасьць, мілагучнасьць.
Гэтым перакладам Янка Купала даў вельмі многа на запатрабаваньні часу. Ня дзіва, што „Інтэрнацыянал“ ды вершы: „Пазвалі вас“ і, „На сьмерць Сьцяпана Булата“ займаюць у нашага песьняра пэрыод даўжэй году. Бо ў гэтых трох творах уложаны думкі, пачуцьцё, вага якіх роўна вялікім томам. Усё, што сконцэнтравала яго ўражаньне, што нагледзіла вока, што падслухала душа, — адбілася, як у фокусе ў адзначаных трох вершах. Няхай думаюць іншыя, што Янка Купала не адгукнуўся, як сьлед, на вялікія падзеі Кастрычніка, — воля думаць, калі панікласьць іх зьбівае з панталыку. Мы трымаемся цьвёрдага погляду на поэту, як на пасьлядоўнага рэволюцыянэра, які наймоцна, найвыразна адбіў дух Кастрычніка ў беларускіх праламленьнях, як адбіваў дух папярэдніх эпох і рэволюцый —
Пазвалі вас на пір піроў, |
Гэтак Янка Купала кажа пра Леніна працоўным гушчам, ад якіх т. Леніна заклікалі буржуйныя ўладары Эўропы на Гэнуэзскую нараду ў 1921 годзе. І ў вершы „Пазвалі вас“, які прысьвечаны гэтаму здарэньню, пыхае полымем уся многахварбоўнасьць вобразу перамогі Кастрычніка. Поўная ўрачыстасьць стану запанаваўшай рэволюцыі. Захоплены яе натхненьнем, пясьняр прапускае нотку трывогі: 1921 год — год вялікага крызысу, галодны год; год надзей у белагвардзейскай і сусьветнай буржуазіі на блізкі канец Савецкае ўлады.
З-пад ног, з утоптанай нары |
Але трывога нішчыцца сілаю рэволюцыйных спадзей, неадыходным ад поэты пачуцьцём змаганца; ён запэўнены, што —
Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет |
Гэтых уладароў Янка Купала вітае, як насіцеляў усясьветнага вызваленьня працаўнікоў, як будаўнікоў Комуны. І якім жалем стратку сустракае ён сьмерць рэволюцыянэраў-комунараў! І якою вераю поўна яго істота, калі ён гадае над лёсам свае вызваленае краіны! Далейшы шлях яе разьвіцьця вядомы поэце; гэты шлях: шлях до Комуны ў злучнасьці з другімі краямі.
Забуяе ў славе буйнай, |
Няхай не ўпару памершы ваяка сьніць аб Комуне. Надыход яе забясьпечаны. Моладзь — новая, узросшая на вольнай глебе маладая армія — працягае справу змаганьня за гэты ідэал працоўных. Янка Купала бачыць гэта і гэта разумее. Толькі чалавеку беспадстаўнаму, мешчаніну, гэрою мінулых часоў ня відна гэта і ня міла. Янка Купала з усёй сілаю свайго таленту аддае дачу чырвонай моладзі ў сваім вершы „Арлянятам“, ён укладае ў гэты свой твор усю душу сваю —
Вам сярпы і косы ў рукі |
Ды, наогул, Кастрычнік прывёў радзіму поэты да таго стану, калі ўсё гавора за поўнае адраджэньне яе працоўнага народу; да таго стопню, калі нішто ўжо —
…ня выламе |
Краіна, нешта безназоўнае, на працягу вякоў стала роўнапраўным сябрам сям‘і Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік, дзяржаваю працаўніка і селяніна.
Колькі поэта напамарыў аб сім! Колькі перажыў трывожных гадзін! Дваццаць год нясупыннае працы! Дваццаць год чулага балючага хваляваньня! І на вачох — гэткая нявіданая пэртурбацыя: безназоўная стала вялікай, магутнай Савецкаю Беларусьсю! Трэба пазавідаваць долі Янкі Купалы. Ды сам поэта, адсьвяткаваўшы свой дваццацігадовы юбілей у часы поўнай перамогі Кастрычнікавай рэволюцыі, у часы магутнага ўздыму працоўных сіл Беларусі да творчай дзяржаўнай экономічнай і культурнай працы, ня мог ня быць агорнутым, прасякнутым вялікім здаваленьнем. Толькі апошняе дало яму натхненьне на гэтыя словы:
Дык-жа шумі, красуй у волі родны край! |
З часу вызваленьня Менску ад белапалякаў Янка Купала жыве ў Менску. Увесь гэты час ён служыў па выдавецкай справе, перш — рэдактарам часопісі „Чырвоны Сьцяг“, а з 1922 году — тэхнічным рэдактарам у выдавецтвах. У 1922 г. Выдавецтва „Савецкая Беларусь“ выдала чарговы зборнік яго вершаў „Спадчына“, куды ўвашлі яго ранейшыя творы. У 1924 г. ў часопісі „Полымя“ была надрукавана яго п‘еса Тутэйшыя, а ў розных часопісях („Полымя“, „Маладняк“, „Сялянка і работніца“ ды інш.) зьмяшчаліся яго вершы, якія былі сабраны ім у зборнік Безназоўнае, што вышаў у 1925 годзе. Купалу цяпер 43 гады.
Трэба сазнацца, што ў апошнія часы творчая плоднасьць Янкі Купалы шмат цішэйшая, ніж то было раней. Але на гэта маецца шмат прычын, якія ўсвойны многім, за малым выключэньнем, песьняром і пісьменьнікам. Аднак, сілы і творчая здольнасьць поэты к данаму часу ніколькі не аслаблі. Нават размах і глыбіня яго думак значна пашырыліся і, хоць рэдкія, яго апошнія творы захапляюць сваёю гармоніяй, магутнасьцю і сілай. Гэта сьведчыць, што Янка Купала шмат яшчэ можа даць высокакаштоўных падарункаў у скарбніцу беларускай літаратуры. І даданае ў наступным да ўсяго ім напісанага, зложыць яму
„… Памятник нерукотворный“, |
Да якога —
„… Не зарастет народная тропа“. |
З. Жылуновіч.
- ↑ На вялікі жаль, усё гэтыя вершы загубіліся, і мы ня можам ніводнага з іх прывесьці ў даным нарысе.
- ↑ „Жалейка“. Верш „Касьба“, ст. 122.
- ↑ Там сама, ст. 61.
- ↑ Там сама.
- ↑ Жалейка, ст. 60.
- ↑ Там сама.
- ↑ Жалейка, ст. 10.
- ↑ Там сама, ст, 11,
- ↑ Adolf Cerny. Slovanskij Prehled Roćnik XIII. 1911, ст. 217—223, 401—416.
- ↑ Перакладзеныя на расійскую мову вершы Янкі Купалы выданы асобным зборнікам: „Янка Купалай белорусский поэт, избранные стихотворения в переводах русских поэтов. С биографическим очерком и портретом“. Собрал и редактировал Ив. Белоусов. Изданне Белорусского под‘отдела отдела просвещения национальных меншинств Н. К. П. Москва, 1919 г.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, ст. 3.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, ст. 108.
- ↑ Там сама, ст. 118.
- ↑ Там сама, ст. 120.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 54.
- ↑ Там сама, ст. 140.
- ↑ Там сама, ст. 149.
- ↑ Там сама, ст. 144.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, ст. 75.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, ст. 76.
- ↑ Там сама, ст. 88.
- ↑ Там сама, ст. 159.
- ↑ „Спадчына“, ст. 30.
- ↑ „Спадчына“, ст. 37.
- ↑ Там сама, ст. 39.
- ↑ „Спадчына“, ст. 14.
- ↑ „Спадчына“, ст. 15.
- ↑ „Безназоўнае“, ст. 6.
- ↑ „Безназоўнае, ст. 30, 31“.
- ↑ „Безназоўнае“, ст. 31.
- ↑ Там сама, ст. 34.
- ↑ „Безназоўнае“, ст. 24.
- ↑ Там сама, ст. 15.
- ↑ „Маладняк — Янку Купалу“, ст. 54.