Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Байкі і аповесьці/Паляўнічы і пара галубкоў

Сват Паляўнічы і пара галубкоў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
У купальскую ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паляўнічы і пара галубкоў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛЯЎНІЧЫ І ПАРА ГАЛУБКОЎ

Легэнда з індыйскай ютагі Магабгарата[1]

Пасьвячаю прэфэсару Б. Эпімах-Шыпіле.

Ў Магабгараце, кнізе Інд,
Якой лет тысячы тры лічым,
Такая повесьць там стаіць
Аб галубкох і паляўнічым.

I

Быў чалавек, якога ўсім
Было заняцьцем — паляваньне;
У лесе, ў полі дзень і ноч,
Як быццам ляжа там і ўстане.
За птушкай птушку ловіць ён
Са хцівасьцяй благой у змове, —
На рынак цягне прадаваць, —
Прадасьць і зноў ідзе і лове.
Пануе ў пушчы, бы ў якім
Сваім за хатай агародзе,
Ў сям‘і крылатай пуд і страх
Сілом і клеткаю наводзе.
Паміж бацькоў, паміж дзяцей
Птушыных сее ён разлуку,
Ні ласкі к ім, ні жалю к ім
Ня меў, ня знаўся з іхняй мукай.
З сумленьнем дружбы не вядзе —
Да крыўд і мук яму зло сватам;
Закон багоў яму ні ў што;
З душы і сэрца вечным катам.
І доўга так палюе ён,
Зьнімае так ахвяры ў клеткі,
Ажно прыпадак немалы
Спаткаў яго ў пустыні гэткі:

II

Дня аднаго ў кустох блудзіў
І лёгкага выглядваў хлеба, —
Пагоду ясную і дзень
На ноч зьмяніла бурай неба.
За хмарай хмару валакла,
А грозна, чорна, бязустанку;
Пярун ляцеў за пяруном,
Што міг — маланка за маланкай.
Ліло, як з рэшата, дажджом,
Раўняла нізкі дол з узгорам,
І лес і поле абняло,
Як пеклам, як шалёным морам.
Заціхла птушка, зьвер заныў;
Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай…
За грэх караў зямлю, ці што,
Так грозны Сатакрата[2].
А паляўнічы, хоць і мок,
Не пакідаў сваёй работы:
Галубку ўбачыў пад кустом —
За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай.
Здабыча лёгкая была:
Галубка, выбіўшыся з сілы,
Хоць і хацела — не магла
Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

III

Тымчасам сьціхла бура ўжо,
Але і вечар быу на сьвеце;
На небе месяц абышоў,
І зоркі сталі ў небе йрдзеці.
Што тут рабіць? дамоў ісьці? —
Ісьці і цёмна, і далёка;
У лесе цёмным начаваць? —
І небясьпечна, і нялёгка:
Усюды сьвеціцца вада,
Вада зьліваецца з галінаў;
Нічым нідзе дастаць агню,
А тут яшчэ і рык зьвярыны…
І голад так-жа не маўчыць:
Пара даўно чаго паесьці…
Нічога. Рады ўжо няма.
Прышлося ў лесе ноч правесьці.
Пад дрэва буйнае ідзе,
Шукае ў ім сабе апоры;
У знак пакоры — галаву
Схіліў і так яму гавора:
„О дрэва, будзь прыстаньнем мне:
Ў сваёй з багамі мей апецы“.
Сказаў і лег на камень там,
Пры ім галубка тут-жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было
Сялібай, хатай галубковай:
Сядзіць прамоклы на ім ён
І так бядуе слова ў слова:
„Куды загінула мая
Галубка, вечная падружка?
Такая страшная пара!
Як выйдзе жывенькаю птушка?
Мо‘ вецер зьбіў яе куды,
Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі,
Ці вораг бедную злавіў,
Ці пяруны на сьмерць спалілі?
Што мне з жыцьця, калі яго
Ня будзе ўжо з кім каратаці?
Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет,
І сам ня свой у сваёй хаце.
Палац з брыльлянтаў; сотні слуг
Хай за цябе паложаць грудзі
Бяз ласкі — з слугамі палац
Астрогам, пусткай вечнай будзе.
З падружкай мілаю і лес —
Як найбагатшы стане хорам…
Няма яе — няма жыцьця,
Усё — аднэй няўцехай, горам“.

V

Галубка чуе галубка,
І сэрца радасьцю ёй б‘ецца, —
Што гэтак помніць ён аб ёй,
Такому жалю аддаецца.
Але нядоўга шчасьце ёй
Усьмехам думкі калыхала:
Галодны тут-жа госьць ляжаў,
А гэта значыла нямала.
Ня думай, мілы, аба мне, —
Так галубку галубка кажа: —
Уперад волю споўнь багоў:
Яны пры ўсім стаяць на стражы…
Гасьця ты маеш у сябе,
Замёрз, і есьці пэўна хоча, —
Заняцца шчыра мусіш ім,
Каб не пракляў цябе і ночы“.
Пачуў, стаў весел галубок,
Ад радасьці аж як ня плача.
Сьпяшыць гасьцю служыць, пытаць,
Якую той цярпіць нястачу.
„Я зьмёрз“, — гавора той яму.
Галуб рад памагчы ў прыгодзе:
(Бо й дрэва ў цень хавае свой
Таго, хто нават сеч прыходзе).

VI

Гальлё сухое і лісткі
Зьбірае колькі сілы мае,
Кудысьці зьлётаў па агонь,
Разьвёў і госьця йзноў пытае.
А паляўнічы да яго:
„Дай есьць, галодны я сягоньня“.
Тут бедны галубок схмурнеў:
Ня знае, дзе яду спагоне.
То-ж ён паптушаму жыве,
Жыве тым, што пашле здарэньне;
Няма запасу ў галубка.
А госьць ня можа знаць цярпеньня.
Падумаў трохі галубок
І штосьці выдумаў такое…
„Спакоен, кажа, госьцік, будзь,
І голад твой я заспакою“.
Сказаўшы гэта, над агнём
Ён тройчы звольна акруціўся,
І, як маланка, як страла,
Ў агонь, як ёсьць, жыўцом зваліўся…
Ўстрос паляўнічым страх і жаль;
Дае зарок ня жыць так болей:
Спаліў прылады ўсе свае,
Галубку выпусьціў на волю.

VII

Дый воля ўжо ёй не ў карысьць.
Сядзіць і сумненька бядуе:
„І лес, і сонца, і прастор
Мяне ня цешаць маладую.
Дружок ужо на сьвеце тым;
З кім варкаваць, як даўней, буду?
Нядолю-долю з кім дзяліць?..
Жыцьцё ўжо мне няспыннай жудай.
Пайду за ім, пайду к яму.
Прымі мяне к сабе, мой любы!
І з гэтым словам, як і ён,
Звалілася ў агонь-загубу.
Яшчэ больш паляўнічым тут
Затрэсла скруха-няціхота:
Лавіці птушкі у сіло
Навек адпала ўжо ахвота.
Пакуце здаўся за грахі:
Узьдзеў пакутны ўбор жабрачы…
Ракой ідзе — ня п‘е вады,
У лесе птушкі — як ня бача.
Аж так дабрыў, дзе лес палаў…
Ўляцеў і сьледу не заставіў…
Па сьмерці ўбачыў галубкоў
Паміж сьвятых на небе ў славе.
.............
Ўсю гэту повесьць знаем мы
Аб галубкох і паляўнічым
З Магабгараты, кнігі Інд,
Якой лет тысячы тры лічым.



  1. Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых поэм сьвету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і зьмяшчаюць у сабе каля 220,000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-моральных філёзофскіх твораў, шмат ёсьць і прыгожых поэтычных вобразаў. З іх найпрыгажэйшы „Наль і Дамаянці“ — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легэнда-ж аб паляўнічым і галубкох ня ёсьць даслоўны пераклад з індыйскае мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесьці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага вершу — „шлёкі“, якой усе кнігі Магабгараты напісаны. Я. К.
  2. Сатакрата — стараіндыйскі бог.