Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Байкі і аповесьці/Сват

Страх Сват
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Паляўнічы і пара галубкоў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сват (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СВАТ

(З апавяданьня старога дзяцюка)

Ня зьведаўшы броду,
Ня сунься ў воду.
(Прыказка).

„Гэй, лінь там у чарку! Вы-ж ціха быць, хлопцы!
Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы.
Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы,
Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы“.
Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.

„Зімой было гэта, — гаворыць ён далей, —
Дзянькі мясаеду прышлі, загулялі,

І ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй, —
Няма таго дня — вечарынкі, вясельлі.
Папіў той гарэлку, той едзе у сваты;
Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш тэй хаты.

Глядзеў я, глядзеў я, — дый вытрымаць трудна, —
А быў я натуры ня вельмі маруднай.
Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам, —
Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам, —
Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе,
Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў.

З сабой у дарогу гарэлкі набралі, —
Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, —
Конь добры быў сватні, званок прычапілі,
З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!..
Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме?
Бяда — не бяда, акіян па калені!

— Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі,
Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. —
Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы;
Ноч ясна, марозна, — і месяц, і зоры.
Званок заліваецца, сьвішча палозьзе,
Сьнег скача, конь пырхне, — тры пляшкі у возе!..

Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак;
Сабака брахнуў, і хтось вышаў на ганак.
— А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі.
— «Дык проша-ж у хату! — Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.

З парогу сказалі, як сьлед: „… пахвалёны!“
— На векі! — сказаў гаспадар на паклоны,
І просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі,
Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.

Дасталі тытун, затуманілі люлькі, —
Капшук мой быў слаўны — дастаў ад бабулькі, —
І, як-бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.

Прашло з поўгадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
І гутарку аб інтарэсе заводзіць.
— Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!

(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце).
Тут наш гаспадар, як ні ў чым ня бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла!
— Эх, лоўкая, шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
Няма ў бягу лепшай. Аддам за поўсотні.
Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні. —

Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!) — ня сьцяміўшы рэчы:
— Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
Хлапец і ня бедны і добрай натуры,
Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… —

Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неўспадзеўкі:
— Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі!
Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча,
Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў!
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..

Як вышаў я з хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, —
Вы сьмейцеся самі ці лайце ад ведзем:
Мы з сватам тымчасам к другой дзеўцы едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не адступіць, хоць шло-б ня ўсё гладка.

Прыехалі. Зноў гэтак сама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, божа, віны!..
Сват гэтага толькі ня цяміць нічога:
Яму ўсюды проста, як з моста дарога.

Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пашло дзела ладам; бяседа — аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем, — што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсё гэта ня кепска — па першай няўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..

А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, —
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак…
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Ня даў, знаць, бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо‘ пад такою радзіўся плянэтай…

Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць.
Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое.
— Чые, спытаў, гэта? — Аж дзеўка з куточка:
— Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка…

Што-ж болей? Эх, болей… падлі там сівухі! —
Ну і наварыў-жа мне сват саладухі!
Прашло з таго часу год дваццаць бязмала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны…

Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота“…
Так байку закончыў сваю нам Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, —
А ну-ж прыдзе к смаку, тады дам другую.