Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/За праўду

Гэй, наперад! За праўду
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Мая думка
Іншыя публікацыі гэтага твора: За праўду.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА ПРАЎДУ

За праўду, за шчасьце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду ня дайся, свайго дабівайся,
Адвага хай будзе з табой!

Хай горкія сьлёзы, што ў сьпекі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.

Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасьце і славу
Душу вырывай з цемнаты.

Кінь сваркі і звадкі, аднэй дзеці маткі —
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.

Дык жыва-ж к пачатку — ня час спаць у шапку,
Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..