Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Гэй, наперад!

Яшчэ прыдзе вясна Гэй, наперад!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
За праўду
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гэй, наперад!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЭЙ, НАПЕРАД!

Гэй, наперад, покі сэрца
Б‘ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! гэй, да зор!

Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
Мы жыцьця гаспадары!

Думка ў думку, дружна, сьмела
Ўсе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
Знай, за праўду крэпка стой!

К новай долі шлях нам ляжа,
Як на небе млечны шлях,
Слова, дум ніхто ня зьвяжа,
Жыць, цярпець ня будзе страх!

І ня стане больш пакуса
Першых-лепшых з боку браць,
Славяніна-беларуса
Вечна ў лапці абуваць.

Дык наперад, покі сэрца
Б‘ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
Гэй, да сонца! гэй, да зор!