Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Мой дом

Мая думка Мой дом
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Як я полем іду…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой дом (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЙ ДОМ

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Дзе бітвы точаць ветраў хвалі
З сям‘ёй глухіх калматых хмар.

*

Мой дом — амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лясуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.

*

Мой дом — пяшчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць народгі,
Аздобай цьвет — чырвоны пот.

*

Мой дом — узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.