Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Перад ночкай

Абнімі… Перад ночкай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Па захадзе…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перад ночкай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАД НОЧКАЙ

Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
Ў зорак грамадзе:
Тайнасьць жудкая — гэт, здаля
Ў сьвет ідзе, ідзе.

Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
„Добрай ночы“ сьпей, дзяўчынка,
Сьпей хоць раз, хоць раз!

Запей нотай, сэрцу блізкай
Аб долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!

Пей пацехай, пей разгульна,
Душы ня скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прысьпі, прысьпі!

Сьпеўшы песьню, ўціхамоўку,
Бяз трывог ані —
На плячо мне зьвесь галоўку
І засьні, засьні!

Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатыя
Сны з табой, з табой!..