Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Абнімі…

Да дзяўчынкі Абнімі…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Перад ночкай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Абнімі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБНІМІ…

Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па сьвеце цярністым.

Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
З ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.

Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаньнем,
Вышлем росы брыльлянтныя ў сваты.

Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы,
Ў слёзы-іскры забраных загонаў;
Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.

Адну песьню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, на сьвеце цярністым…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым.