Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Хмарка і маладзік

Ястраб Хмарка і маладзік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Русалка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмарка і маладзік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХМАРКА І МАЛАДЗІК

Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе бяз пуцьця
Спала сном няжывым.

Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім.

— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!

Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
З ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.

З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
І мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.

А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…

Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне,

Я тут — сам — адзінок,
Як-бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, —
Прытуліся-ж ка мне…

Ты царыца, я — цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць-жа тут
Будуць з веку у век.

Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так,
І ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.
...........
Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
І гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.

Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!