Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Русалка

Хмарка і маладзік Русалка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Для Янінкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Русалка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУСАЛКА

Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце-ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, з ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.
І лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасьць ім малодзенькім,
Зграе вясельле вецер крылаты.
Пойдзе гульня ў іх мёдам салодзенькім,
Разьвесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц
Казку аставяць дзіўную згнаньнікам.
Страх баязьлівым кожны з іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
..............
Дайце-ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..