Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Аб мужыцкай долі

Мужык Аб мужыцкай долі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
На прадвесьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб мужыцкай долі (Дайце скрыпку мне маю…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБ МУЖЫЦКАЙ ДОЛІ

1

Дайце скрыпку мне маю,
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло —
Ветрам хоць разьвей,
Завяло-ж там завяло
Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палёх,
Зышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзёх,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць.
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю, —
У восень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой — холадам з сям‘ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
І не паглядзіш —
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.

2

Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш
Вось і сыт я, гад, мужык,
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду — як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век без перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
І вось — дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё-ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-на-сам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы-ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс,
Замест рожаў, геаргіняў —
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я — нядолі сын.
Спачываю пазабыты
І чужымі і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў з зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком; —
Можа сэрца чыё дрогне
І ўздыхне над мужыком.

3

Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
Сам днём блудзіў, як ночай.
Так вышла ўся моц з жыл, —
Араць ня стала сіл,
Настаў канец дакукі…
З касою сьмерць прышла,
З сабой весьць прынясла:
Пара складаці рукі!
Узяў шлюб з зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
Ўвесь век чужое поле.

4

За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот льле народ,
А за гэта за ўсё
Што-ж здабыў за жыцьцё?

Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Хлеб наш людзі ядуць,
Мы-ж мякіну жуём!..

З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што-ж здабыў за жыцьцё?

Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Аграваем другіх,
Самі холад клянём!..

На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?

Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Домы ставім людзям,
Самі мром пад вуглом!..

5

Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што-ж касіць буду,
Божа дарагі?

Ой лю-лі, лю-лі,
Што-ж буду касіць?..

Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, куп‘ё —
Вось і ўсё, вось і ўсё!

*

Як выйду за хату,
Дзе дабро—шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, везьці ў ток?

Ой лю-лі, лю-лі,
Што-ж буду зьбіраць?

Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец, —
Вось і ўсё, і канец!

*

Як выйду за хату,
Бор шуміць, пяе…
А што-ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?

Ой лю-лі, лю-лі,
Дзе дровы, бярно?

Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё, —
Вось і ўсё, вось і ўсё!

*

Як выйду за хату,
Дарога ідзе,
А куды-ж, кудою
Мяне павядзе?

Ой лю-лі, лю-лі,
Куды-ж завядзе?

Туды-сюды, сям-там, —
Сьмех казаці людзям:
У вастрог, у карчму, —
Вось і ўсё усяму!..

6

Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы.

Ці там сват, ці камрад,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
Панна-белалічка?

Ці табе па арбе,
Трудох, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?

А мо‘ дзе на куце
Разам там саджаюць,
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..

Эх, Арцём! ня твой дом —
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.

Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе —
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.

А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.

Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.

А вунь дзе панна йдзе, —
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? — у яе
Ёсьць паніч багаты.

Як там ёсьць, ты ўсё-ж госьць —
Думай і аб хаце…
Вось, сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.

Ну, пашоў ты дамоў
Ня званы, ня сланы,
Са сьлязой пад брывой,
Ня сыты, ня п'яны.

Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.

Што-ж рабіць? трэба жыць…
Слухай долі-маткі,
І паном ня хлюсьці,
Пільнуй сваёй хаткі.

Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.

Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце, —
Дзе радзіўся, дзе ўзрос —
Трэба і ўміраці.

7

Сажань шырынёю
Надзельны шнурок…
Пустыня, бяз гною,
Каменьне, пясок…

Пад сьнегам адпрэла
Жытцо за зіму;
Прыхваціла, зьела
Сьпека ярыну.

Бульба — як арэхі,
Як цьвек — бурачок…
— Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок!

Багаты будзь з нівы,
Ўвесь чынш заплаці;
Будзь весел, шчасьлівы,
Ня пі, не крадзі!

Жый згодна з усімі
І бога хвалі,
Ня крычы з другімі:
„Свабоды! Зямлі!“

8

Нашто хлеб, нашто багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
Нашто боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
Нашто век зямлі хацеці?
Памром — сажань будзем меці!
Нашто новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
Нашто сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
Нашто лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
Нашто знаці ўсяго многа?
І так трапім да астрогу!..

1910 г.