Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Зімовая ноч

Прышла восень… Зімовая ноч
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Зіма
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімовая ноч.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМОВАЯ НОЧ

Каля зоркі зорка
Ўніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Сьнегам зіхаціць.

На гасьцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат…
Глуш, дзе вокам кінь.

Цягнецца каняжка,
Сані — за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санёх клубком.

Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна
Толькі жыў гнядош.

Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сьніцца
Ў гэту ночку дум…

Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясьне, аб сонцы,
Аб жыцьці другім.

Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..