Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Касцом

Араты Касцом
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
На сенажаці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Касцам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАСЦОМ

Дзе вы, брацьці ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?
Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць
Час вам сілу сваю паказаць!

Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,
Няхай вале ў пракосы траву;
Няхай прыдзе канец на сівец, на званец, —
Хай пазнаюць усе грамаду!

Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…
Гэй, прывыклі да гэтага вы!
Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,
І ніхто не жалеў вас ані!

Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
І з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі;
Песьню родную долі сваёй!

Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..