Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Воўк

Бор Воўк
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ваўкалак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воўк (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОЎК

Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос.

Зубам ляскоча аб зуб,
Вочы палаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.

Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як-бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.

Ноч — ён на вырай, на жыр;
Дзень — у бярлогу, як смоўж…
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж…

Выў ён, а рэха ўсё ў даль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль…
Рэха пракляцьце нясло.