Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Ваўкалак

Воўк Ваўкалак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ў вечным боры…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваўкалак (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАЎКАЛАК

Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе,
І зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды ваўкалак.

У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, узьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.

На веры людзкой і павазе,
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
І водзіць трусьлівасьць за нос.

Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмяяцца ня дасьць над сабой;
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.

Ці з ласкай яго, ці няласкай —
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых зьярміў ён мільён.

Лет тысячы зьела няпамяць,
За богам узводзіцца бог,
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць —
Ніхто ваўкалакі ня змог.

Як толькі зямля заначуе,
І зорак абойдуць рады,
Па нівах, па сёлах шнуруе,
Шнуруе туды і сюды.