Чуць толькі купальскае сьвята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей…
З надзеяй і верай, і сілай
Зусюль, куды-б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
… Сава пяе песьню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, —
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б‘юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той —
Тыц — стой!.. Глядзяць зорніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле —
Ні ночкі купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле…
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне — рагоча.
Крыламі кажан шапаціць…
Сьлед костачкі сьцелюць — услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе-ж хай толькі купальле —
Мільёны па кветку бягуць!..
|