Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Сьпека

Лета Сьпека
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Заклятая кветка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьпека.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬПЕКА

Прыскам пылае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як-бы сьвет вечным пажарам
Хоча абняць і спаліць.

Звугліла высі—загоны,
Звугліла долы—лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорныя дыму кругі.

Сьцежкі заслала агніцай
Белым пякучым пяском,
Выссала рэчкі-крыніцы,
Ў дно іх зірнула агнём.

Саванам бледна-замглёным
Сьвету душу спавіла,
Потам крывава-чырвоным
Вочы зямлі заліла.

Крык-жальба вырвецца з губаў
К сонцу з плакучых грудзей, —
Сонца зіяе загубай,
Сонца сьмяецца, як зьмей.