Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Лес

Дзьве таполі Лес
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Бор
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лес (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕС

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што з веку ў век нам байкі бае?

Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асьцярожна.

Там зьвер туды-сюды шнуруе,
На гальлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.

Зімой сапе сьцюдзёнай думай,
Улетку песьнямі уп‘ешся,
А ў восень там — ах, шумы, шумы!
Ня чуй — сьлязою абліешся!

Няхай-жа сьвісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне…
О, пушча, цёмная ня ў меру,
Чыя душа з табой ня дрогне?!