Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Ноч за ночкай…

Чорны бог Ноч за ночкай…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Запушчаны палац
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч за ночкай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ ЗА НОЧКАЙ…

Ноч за ночкай ідзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацямрае гасьцінец-дарогу.

І урок, і залом абыймае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана і саву заручае.

З ям вылазіць, як лунь, вадзянік і лясун,
Выпраўляюць русалкі бяседу,
Зьмей дабро цягне з пунь, пакуль крыкне пявун,
Пакуль поўнач ня зробіць прагледу.

Неба свой нямы сход: месяц, зор харавод,
Над зямлю то выводзіць, то зводзіць;
Сьпіць сяло, дрэмле кот, вецер цісьнецца ў плот,
Як на дудках, у шчэпках заводзіць.

Так ноч ночку вядзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацямрае гасьцінец-дарогу.

1909 г.