Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Рэчка

Сад Рэчка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Сельскія могілкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рэчка (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РЭЧКА

Між гор — далінаю — за вёску,
Не аглядаючыся ўзвыш,
Суважна, попрасту, пасвойску
Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.

Падгоніш каменьчык жвіровы,
Травінку водную трасеш,
Чапаеш кораньчык альховы,
Па верху кветачку нясеш.

І лёд зімой табе ня шкодзе —
Ўсё коцішся; а цёплым днём
На бераг выглянеш разводзьдзем,
Дый посьле — зноў сваім сьлядком.

Нясецца весела вадзіца,
Мая з ёй думка сьлед у сьлед —
То рвецца ў даль, то зноў баіцца:
І міл і страшан думцы сьвет.

А рэчка як-бы мне гавора:
„Аб долі хочаш знаць маей?
Я — капля ў моры; толькі-ж мора
Маё ад дум тваіх сьвятлей!..“