Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Сад

Вёска Сад
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Рэчка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сад (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САД

Гальлё панадна разлапушыў
За хатай прадзедавай сад:
Чарэшні, яблыні і грушы
Зышліся згодліва у рад.

Ківаюць макаўкамі ўдала,
Плывуць напевы ад галін,
Як-бы з іх кожная ўзывала:
„Хадзі, бяспутнік, адпачынь!

Хадзі, усядзься каля нас ты,
„Жыцьця прыгод забудзь напасьць,
„Паслухай музыкі лісьцястай:
„Яна табе гарт новы дасьць.

„Ты многа йшоў, блудзіў ты многа, —
„Жаданьня крыж ты нёс і нёс,
„Аж на расстайных стаў дарогах;
„Цяпер — да нас ад бур і сьлёз!..“

Так быццам вабіць сад лісткамі
Пад цень свой думку многа лет:
А думка што? яна з вятрамі,
Ня знай за чым ляціць у сьвет…