Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо‘ й ня так, як глянуць з боку
Але я дзьму на ўсё ў дуду…
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —
Ня бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я к працы здатны і ахвочы —
З гультайствам дружбы не вяду;
На тое бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
Тры-ж дні якія ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Жыву з суседзьмі пасуседзку, —
Пакорны згоды я слуга:
Ня быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь, як мага.
Які-ж „на козыр“ возьме „гад“ —
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Зладзейства — крый ты мяне божа,
Каб я зрабіў… ражон мне ў бок!
Каня-ж напасьціць чужым збожжам,
У панскім лесе сьсеч дубок,
Сянца напхаці панарад —
Яшчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца —
Ў мяне такі не чалавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
Ніколі больш як „пяцьдзесят
За сто“ і ўзяць ня сьмею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я п‘янства, п‘яніц прост ня зношу:
Іх вораг — я, яны — мае;
Калі-ж сусед мне скажа: „проша“
І чарку ставіць на стале,
Ўступаю просьбам рад-ня-рад.
Што-ж? — дзьве-тры чаркі — ня хвор я…
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
На пана, жыда і на чына
Ня маю ласкі ні крыхі;
Хоць перад першым сагнуць сьпіну,
З другім гішэфцік завясьці,
А з трэцім знаць ў хабарах лад —
Не ад таго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Як людзі добрыя, навукі
Я з малку дзён пакаштаваў,
І расьпішуся бяз прынукі,
Сынка-ж у школу не даваў…
Дзед без навукі жыў лет шмат,
І сыну-ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Люблю чытаць я і газэты:
Як, дзе, што — ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым —
Купляць-жа — дык не прызнаю…
Сусед пазычыць яе рад,
Чытаць за „дзякуй“ ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Знаём з расійскай, з польскай мовай;
Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і „вясковай“ —
„Папросту“ з „простым“ гавару.
З яе-ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Так па закону і па веры
Ганю свой век паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват,
Той мне, таму штось вінен я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
|