Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Падымайся, ўставай!..

Ён і яна Падымайся, ўставай!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Мой пагляд і мэта
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падымайся, ўставай!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЫМАЙСЯ, ЎСТАВАЙ!..

Падымайся, ўставай!
Апранай капоту:
Ад двара, ад купца
Клічуць на работу.
Падымайся, ўставай!
Шмат ё латаць дзюрак:
Зарос кустам дзірван,
Трэба сотню шурак.
Падымайся, ўставай!
Умыйся сьлязою:
Кабыліну ваўкі
Кончаць за гарою.
Падымайся, ўставай!
Думкі патрывожы:
Хмара йшла, разьнясла
Твае гоні-збожжа.
Падымайся, ўставай!
Зьвяла немач сына:
Трэба ймшу закупіць,
Трэба дамавіна.
Падымайся, ўставай!
Ня бурчы спрасонку:
Дружкі йшлі і зашлі,
Просяць у карчомку.
Падымайся, ўставай!
Прапіў, выпіў — годзе!
Цэлы сьвет у вачох
Калаўротам ходзе.
Падымайся, ўставай!..
І на што-ж ты здаўся?
Пацягнулі ў астрог;
Ну, вось і даспаўся!