Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/На рынку

Гэй, капайце, далакопы… На рынку
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Чужым
Іншыя публікацыі гэтага твора: На рынку.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА РЫНКУ

— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!
А жыва да нас на таргоўлю:
Пакупка—гасьцінчык вам кожнаму будзе
Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!

Паціху… ня бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —
Крый, божа, якога прымусу.
Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка…
Ўсёй куплі — душа беларуса.

Меў хату, меў поле; — прышлі і забралі…
Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.
Ну, ўсякаму-ж трэба як-небудзь жыць далей, —
Душу вось і можа прадаці…

Падходзь-жа, паночку!.. зьнімі акуляры —
Лепш будзе агледзіць пакупку;
Ты, барынька, так-жа падбліжся!.. мы нары
Дамо нават з ёю, галубкай…

Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе —
Узяў за хрыста калісь Юда…
Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня:
Станела ўсё — душы і цуды.

Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці,
І — ваша душа ва ўсёй хвале…
Бо так — ня купіўшы — ня сьлед на крыж весьці,
Гатовы сказаць, што вы ўкралі…