Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Чужым

На рынку Чужым
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Прарок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чужым (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧУЖЫМ

Мы вас прынялі хлебам і соляй,
Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
Кветкі жывыя.
Нашы сасонкі шумнага бору
Далі вам хаты,
Далі загонаў нашых разоры
Гонар багаты.
Пух і аўчынкі нашага хову
Грэлі зімою,
Птушкі вам гралі з нашай дубровы
Гымны вясною.
Ценем тулілі вас у сьпякоту
Нашы чарэсьні,
Нашыя жнейкі ў жніўну работу
Пелі вам песьні.
Вашым патомкам нашыя маткі
Казкі складалі:
Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі
Сеў засявалі.
Верны славянскім спадкам, браточна
У госьцях вас мелі,
І шанавалі людзка, сьвяточна
Ў будні, ў нядзелі.
..........
Сотні лет песьцім днямі і ночай
Госьця на шыі —
Зьмея, што з пуняў скарбы валоча,
Скарбы чужыя.
Вы ўжо забылі, людзі здарэньня,
Дзе ваш прыпынак, —
Вывелі ў гандаль славу, сумленьне —
Праўду на рынак.
Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,
Ў хорамы селі, —
Брацьцям-жа ўзьдзелі лапці, сярмягі,
Торбы надзелі…
Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча
Вашу нам шкоду:
Зьліча праступкі… к суду пакліча
Крыўда народу.