Шмат лет ня ручыла нам доля,
Крывымі вяла пуцінамі,
Ня маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Ня раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо — ня мы і ня людзі.
З нас самых і з гутаркі нашай
І свой, і чужынец стаў кпіці.
Ўсё роднае стала няродным,
Прост, хоць і на сьвеце ня жыці.
Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер нас зводзіў і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў бог
І нам на сваім быць кірмашы.
Нябожчык Вінцук Марцінкевіч
Ня сьцерпіў такой нашай мукі, —
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён,
Дуду беларускую ў рукі.
І песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста, як з неба,
„Дажынкі“, „Гапон“, „Вечарніцы“.
Як стораж, стаў сьмела на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць пасвойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоньня.
А кемкую меў ён натуру, —
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.
Калі засьмяецца бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі-ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты з сьлязою жаніся.
Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае,
І вечна канца ёй ня будзе.
Чвэрць веку, як бае ўжо недзе
Сьвятым беларускія песьні,
А быццам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесьні.
Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.
|