Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Памяці Мар’і Канапніцкай

Памяці Вінцука Марцінкевіча Памяці Мар‘і Канапніцкай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Ігнату Буйніцкаму
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Мар’і Канапніцкай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І зышла ты, пясьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленьняў,
Ў новы край невядомага быту
Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў,

І пакінула загадку сьвету —
Ўсім няшчасным і зблізка, і з далі:
Ці-то сонца зашло назаўсёды,
Ці ім долю мо‘ іх пахавалі?..

Бо як песьня твая ўсемагутна
Безгранічна зьвінела, будзіла, —
Так няма ні граніцы, ні меры
Ўсёй жальбе над тваёю магілай.

І хаця сэрца сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьлепяць, —
Голас думак тваіх яшчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.

Дух твой з сьветласьцяй неба сальлецца
І з праменьнямі сонца сьвятога
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.

Памяць насып-магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.

А з мільёнаў грудзей набалелых
Плысьці ўздох з веку ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай пясьнярцы-княгіні.