Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Песьняру-беларусу

Брату ў чужыне Песьняру-беларусу
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Наша песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьняру-беларусу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯРУ-БЕЛАРУСУ

Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песьняру?
Як у шуканьні вечным хлеба
Знайсьці ясьнейшую пару?

О, не хадзі к другім за радай, —
У пушчы сонца ня шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.

Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песьні выгалась свае!

За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Пясьняр — слуга слугі усякай,
Пясьняр і цар усіх царэй!

Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, бяз трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам бог!

Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пашла весьць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.

Шчасьлівы ты, ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы сьветач распалі!

Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
І вокліч славы пранясецца,
Пясьнярскай славы з роду ў род.

Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
І важна слаўлен, песьнярыста,
На той сьвет сойдзеш, як лісток.

Памёр пясьняр. — Над белым крыжам
За годам год перабяжыць;
Няпамяць імя пяўца зьліжа,
А песьня будзе жыць і жыць!