Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Наша песьня

Песьняру-беларусу Наша песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
⁂ (Падсякайце тое дрэва…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша песьня (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАША ПЕСЬНЯ

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя.

Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,
Дума-песьня ня хітра складаная,
Але нашая ты; недруг, спробуй вазьмі!..
Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.

Як на небе зара ці як думка ў душы
Ня скуешся няволі ты путамі:
Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —
Запяешся людзьмі і закутымі.

Пей-жа, песьня, дзень, ноч, песьня родная нам,
Апявай жыцьцё наша праклятае,
І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,
Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае.

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..