Збор твораў (Купала, 1925—1932)/IV/Адвечная песьня

Сон на кургане Адвечная песьня
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1928 год
На папасе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адвечная песьня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДВЕЧНАЯ ПЕСЬНЯ

У XII ПРАЯВАХ

ПРАЯВЫ:

I. ХРЭСЬБІНЫ VII. КАСЬБА І ЖНІВО
II. НА СЛУЖБЕ VIII. ВОСЕНЬ
III. ВЯСЕЛЬЛЕ IX. СЬВЯТА
IV. ВЯСНА X. ЗІМА
V. ЗА САХОЮ XI. ХАЎТУРЫ
VI. ЛЕТА XII. НА МОГІЛКАХ

I

ХРЭСЬБІНЫ

Вясковая ўбогая хата. Моч. Усе сьпяць. У асінавых начоўках, аберчанае зрэбнымі пялёнкамі, ляжыць дзіцянё. Над імзьяўляюцца цені і пяюць

ЖЫЦЬЦЁ

Ўсясільнай рукою тварэньня
Даю яму права ісьненьня,

На ўласнасьць ваду і зямлю,
Душу яму так-жа даю.

Пад ўладай сваёй будзе меці,
Як ёсьць усё чыста на сьвеце;

Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.

І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць з пакорай;

Там высуша, там правядзе,
Там зрые, а там узьнясе.

Лясы ён аберне на поле,
Ўсялякія ўстроіць будоўлі:

Сьвятыні пад неба зірнуць,
Цямніцы пабелай бліснуць.

Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальшага роду,

І будзе цар гэты навек
Названьне насіць — чалавек.

ДОЛЯ

Яму буду я напяваці
Аб радасьці, славе, багацьці,

Дзе шчасьця палае прасьвет,
Як самага сонейка цьвет.

Ён, чуючы гэтыя песьні,
Ня раз загалосіць балесьне,

І страшнай азьвецца кляцьбой,
Бясьсільны жыць вечна са мной.

І стане ганяцца за мною
Ён думкамі, сэрцам, душою, —

Я, песьню прапеўшы, ўцяку
Ці ў поле, ці ў лес, ці ў раку.

І будзе так жыць і маліцца,
Сваёю няўдачай хваліцца

Стварэньне жыцьця — чалавек,
Аж ляжа ў зямельку навек.

БЯДА

Во! — тутка маё панаваньне!
Са мной ён і ляжа, і ўстане.

Вясна, лета, восень, зіма —
Я з ім, як царыца сама.

Напрасна мяне будзе гнаці:
З ім буду за хатай, у хаце,

І так ён зжывецца са мной,
Што стану яго я душой.

На плечы ўзвалю горб вялікі,
Абую ў лазовыя лыкі,

Як ночай хай будзе па дню, —
Прасьветласьць я выдзеру ўсю.

ГОЛАД і ХОЛАД

разам

Мы будзем хадзіць за ім парай,
Наводзіць балесьці і хмары,

Душой і хацінай трасьці,
Адвечныя казкі плясьці.

Хай чуе і сілен і молад,
Як страшан і голад і холад,

І рыне ў магільны пясок
Праз сьцюжу, праз хлеба кусок.

ХОР

Гэй, спраўма над ім тут хрысьціны
Сьлязы і крыві цярушынай!

Хай будзе ні мал, ні вялік,
Няхай носіць імя: Мужык.

Дзіцянё заплакала; цені разьбягаюцца і нікнуць.

II

НА СЛУЖБЕ

Дворны папар, лагі. Недалёка лес. Дзень хмуры; слата. Пасецца скаціна; каля яе снуе маленькі пастушок. Апратка ў яго паабрываная. Босы. У зазябнутых руках трымае бяроставую трубу. З лесу дарогай паказваецца кабеціна — яго матка

ПАСТУШОК

У сваёй хаце і пры матцы
Жыў ня жыў,
Бяда выпхнула бадзяцца,
Ў сьвет пабрыў.

Кожны гоніць, папіхае,
Свой, ня свой.
Ой ты, служба, ой благая,
Божа мой!

Ой ты доля пустасейна!
Рад ня рад;
Далі кут, і той ня пэўны —
Да каляд.

Нясуць хлеба, ці да хлеба,
І глядзяць:
Ведай, есьці шмат ня трэба…
Ўзяць?.. ня ўзяць?

Воўк, ваўчыха за гарою
Завядзе…
Ні прыстаньня, ні спакою
Ой, нідзе.

МАТКА

падыходзячы

Што ня весел так, сынулька
Мой-жа ты?
Табе кланяўся татулька
І браты.

Гавары-ж ты мне, мой мілы,
Родны мой,
Як там служба, як там сіла,
Як з ядой?

Ці кусочак калі ласы
Паднясуць?
Ці ня крыўдзяць калі часам,
Ці ня б‘юць?

Калі-ж прыдзе тое сьвятка
З ласкай тэй,
Не растанешся ты з хаткай
Са сваей?

ПАСТУШОК

Як у служкі сходзяць леты —
Ў пастуха,
Пытай маці птушкі гэтай —
Канюха.

Запытайся гэтай хмары —
Гэтых сьлёз,
Гэтай кветкі на папары —
Гэтых лоз.

Гэтай грушы сярод поля
І балот:
Яны ўсе аб маёй долі
Вядуць шчот.

МАТКА

Не хачу я іх пытаці,
Мой сынок,
Не пацешаць яны маці,
Сакалок.

Калыхала, гадавала,
Як магла,
А пяпер што дачакала?
Што нашла?

ПАСТУШОК

Ня плач, маці, і ня злуйся
На жыцьцё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
Змагу ўсё.

Вечарэе. Пастушок гоніць скаціну дамоў. Маці, пахліпваючы, ідзе ўсьлед за ім.

III

ВЯСЕЛЬЛЕ

Хата ў маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўсялякай яды. За сталом сядзяць на лавах: сват, свацьця, маладыя, закосьнік, маршалак, дружкі і прыданыя; усе вясёлыя. Музыка, гульня

СВАТ

Вось дзе, братцы, разгуляцца!
Вось пацешыцца калі!
Хоць бярыся, распраніся,
Ды у прысядкі валі!

Звоняць чаркі, трашчаць скваркі,
Лопат, гоман, сьмех і крык,
Во! сяло дзе ходам ходзіць,
Гора дзе забыў мужык!

Гасьцей поўна, усё роўна,
Як дзе сходка, ці кірмаш.
Ёсьць Марыся, Дамініся,
Юрка, Саўка і Тамаш.

Як належа, ў скрыпку рэжа
Наш музыка, наш Аўлас;
За ім сьледам, як за дзедам,
Б‘е у бубен Апанас.

Трыльля! трыльля! вось кадрыля,
Вось лявоніха ідзе,
Валяць проста, як-бы з моста,
Як ніколі, як нідзе!..

СВАЦЬЦЯ

Вось забава! вось так слава
Маладому, маладой!
Усё ладам і з парадам,
І пастаўлена парой.

Кругом шчыра, сала, сыраў —
Хоць ты сьліну палыкай,
Тоўста, густа хлеба лустаў -
А пірог! а каравай!

Дзеўкі з твары, як-бы ў жары,
Як-бы сонца касьнікі,
Ну, а мальцы — ліжы пальцы!
Вось — яны! вось дзяцюкі!

Не нарокам, бокам-скокам,
Ня гулялі так даўно.
Гоп-ля! сваце, паскакаці!
Ну вясельле! ну яно!

МАЛАДЫ

Хто вясёлы, хоць і ў горы,
Таму слава, таму чэсьць.
Чым багата, рада хата,
Не жалейце піць і есьць!

Да маладой.

Ты, сястрыца, дось смуціцца,
Уздыханьне ў кут пашлі,
Еж, лябёдка, запі водкай,
Душу песьняй: весялі!

Кончым зараз гэты галас,
Гульня пойдзе за нішто;
Зажывем мы пасваёму,
Як ніколі, як ніхто.

МАЛАДАЯ

Гуляй, мілы, колькі сілы!
Не ўважай нуды маей:
Я паплачу, знамо, бачу
Чужу хату і людзей.

Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы раз;
Ныюць грудзі, што-то будзе?
Што чакае ў жыцьці нас?

ХОР

Рэдкі сьмехі і папехі,
Чысты сьлёзы і бяда!
Ё часіна, ё скрыпіна, —
Весяліся, грамада!

Сват вылазіць з-за стала і сыпле лявоніху са свацьцяй; за ім малады з маладой і ўся дружына.

IV

ВЯСНА

Раніца. Вясковая хата; выгляд няпрытульны і ўбогі. Праз маленькае ваконца прабіваецца бледнаваты бляск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу, зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уваходзіць Вясна: на галаве ў яе з курасьлёпу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг

ВЯСНА

з рызыкай тоненькім голасам

Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госьці іду.
І каб жыва, на бок!
І бяду і нуду!

Пратры вочы са сну,
Марш к другому жыцьцю!
Ладзь саху, барану
І сявалку сваю!

Ўжо прасохла ральля,
Ўжо рунее трава,
К сабе кліча зямля —
Ты ў яе галава.

Табе рэчкі бурляць,
Табе кветкі цьвітуць,
Табе пушчы шумяць
І зязюлі пяюць.

Ды і сонца, глядзі,
Гэтак сьвеціць, ня зра.
Ну ідзі! ну ідзі!
Араць, сеяць пара!

МУЖЫК

што хвіля ўздыхаючы.

Ўжо стаю, ўжо іду,
Ясна пані Вясна,
Толькі вось на бяду
Зерня к севу няма.

Трохі нешта было,
Што мне Восень дала,
Вось Зіму нанясло,
І ўсё чыста зьвяла.

А пасьледні мяшок,
К калядам я змалоў,
Цяпер сьвіран і ток,
Ях хто махалам зьмёў.

І сам сеяць я рад,
Ды, як бачыш, з каляд
Усё выбраў да дна,
Ой Вясна! ой Вясна!

ВЯСНА

Што мармочыш ты там?
Няма часу чакаць, —
Табе раду я дам,
Як бяду ашукаць.

Асьмель трохі сябе,
Пыху з сэрца зьнімі,
І насеньне к сяўбе
З магазыну вазьмі,

Браць ня прыдзецца шмат,
Які пудзік, другі,
Бо, як чула я, брат,
Шнур твой вельмі вузкі.

МУЖЫК

Міла рада твая,
Ясна пані Вясна,
Дый, як сьвет пазнаў я,
Мне вядома яна.

Знаю я магазын,
Толькі з ім згоду ў год
Адзін выхад, адзін:
Недарод, недарод.

ВЯСНА

Бог з табой! — я іду
Падаць лету наказ;
Адно скем: я ў гаду
Ня бываю двух раз.

Адыходзіць. Мужык злазіць з пала, бярэ з калка хамут і дугу, выходзіць з хаты. Сонца прыветліва заглянула ў ваконца.

V

ЗА САХОЮ

Поле. Неба яснае. У недалёкай зялёнай дуброве кукце зязюлька. Мужык арэ. Конік, малы і худы, штомінуту прыпыняецца. Над галавой аратага пяюць жаваранкі. Гасьцінцам прыбліжаецца падарожны

АРАТЫ

ходзячы за сахой

Гэй-жа, баразною,
Косю мой маленькі,
Гэй-жа, за сахою,
Селянін худзенькі!

Гэткае раздольле
На усе староны!
Выарам мы поле
Ў скібіны, ў загоны.

Зерня ў полі зложым.
Жменяй спрацаванай;
Зарунейся збожжам,
Цьмяная паляна!

Пройдуць гэтта людзі,
Бедны і багаты.
Дзіўна, дзіўна будзе,
Што зрабіў араты?

Гэй-жа, баразною,
Косю мой маленькі!
Гэй-жа, за сахою,
Селянін худзенькі!

ПАДАРОЖНЫ

падбліжаючыся

Гэтак з песьняй, гэтак,
З верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Хай арэ і сее!

Ці дождж залівае,
Ці вецер бушуе,
Птушка ані дбае,
Гнёзды ўе, будуе.

Ня пытаў араты
Свайго шчасьця, долі,
Што дадуць зярняты,
Кінутыя ў полі.

Гэтак з песьняй, гэтак,
З верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Абарэ, засее!

АРАТЫ

як-бы сам да сябе

Тупы штось нарогі,
Конь ісьці ня хоча,
Млеюць рукі, ногі,
Пыл засыпаў вочы.

Ліха чуць старое —
Ломіць косьці, грудзі,
Жонка, як на тое,
З полуднем марудзіць.

Гэй, спачыньма, косю!
Люльку! закуру я,
Можа праца посьле.
Лепш памашыруе.

ПАДАРОЖНЫ

мінаючы аратага, кланяецца

Памажы вам, божа,
Спрацаваны браце!
Выараў прыгожа, —
Толькі засяваці.

Знаць жывеш шчасьліва,
Маеш хату, поле…
Дзе-ж мой дом? дзе ніва?
Доля-ж мая доля!

Ідзе далей.

АРАТЫ

Ён ідзе і плача,
Я плачу парою…
Эй ты, небарача,
А дзе шчасьце тое?

Выпрагае каня; жонка ў спарышох прыносіць полудзень.

VI

ЛЕТА

Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзьмежку пад дзікай грушай сядзіць, задумаўшыся, Мужык; напроці яго Вясна, далей гасьцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць; направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае сьвірэпка, жыта напал з гірсой і званцом пагерсана градамі. З усходу на небе падымаецца хмара — чуваць гром. К Мужыку падыходзіць Лета, трымаючы ў аднэй руцэ серп, а ў другой касу

ЛЕТА

Што задумаўся так, Мужычок?
Варта глянуць крыху весялей!
На! касу, малаток і брусок,
И сярпок на! для жонкі тваей!

Званцом шастае ўжо сенажаць.
Цецярэе жытцо і ячмень;
Час на гвалт і касіці, і жаць:
Не на тое настаў Пятроў дзень.

Час такі: ад зары да зары…
Калі ўздумаеш сілы жалець,
Дачакаешся гэткай пары,
Што прыпомніць табе гэта клець,

Што прыпомняць і дзеткі твае,
І скацінка прыпомніць твая,
А зіма-ж запяе, запяе.
Хоць памры — ні жыцьця, ні пуцьця!

Бяры-ж, на! што табе я даю;
Спадкі мне адказала Вясна.
Ідзі працу зьбіраці сваю,
Сваё дзела даводзь да канца!

МУЖЫК

водзячы блуднымі вачыма

Што? куды ты мне кажаш ісьці,
Лета яснае, жаць і касіць?
Лёгка песьні такія вясьці.
Але спробуй на дзеле пажыць.

Свой лажок я падчысьціў вясной;
Сеяў шнур — у доўг даў магазын, —
Цяпер, глянь! луг занесен вадой,
Колас, глянь! ці ёсьць цэлы адзін.

Еў, ня еў, ці адзет, не адзет,
Да ўсяго я ахвотны ў людзей;
З маёй сілаю лічыцца сьвет,
Чым-жа, чым я на ніве сваей?

Ня ўзьнімаецца к працы рука:
Апрацівела гора, жыцьцё,
Эх ты, доля-бяда мужыка,
Ой ты, Лета, ой Лета маё!

ЛЕТА

І ня стыдна-ж табе век вяком,
Хоць і дуж, як той дуб векавы,
Вясьці гутарку ўсё са плачом,
Ніжэй гнуцца павялай травы!

Нараканьнем ня зможаш бяды,
Хоць дзень, ноч наракай, небарак:
Шчасьце ходзіць рады-у-гады,
Абмінаючы вёску ўсяляк.

Вось, як ведаеш, я ў цябе госьць,
Не драмлі-ж, як пад лавай тапор,
Заработкі ў дварэ, чула, ёсьць,
Шнур зьбірай свой, ды жыва у двор!

МУЖЫК

Двор я знаю даўно, ой даўно!
З году-ў-год я там сілу ўсю ўпёк;
Калі-ж гляну, выходзіць адно:
Пуста хата, сьвіронак і ток.

Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе — думаў, воля дасьць хлеб,
І ці зьвёў ці ня зьвёў той ланцуг,
Як за паншчынай, бедзен і сьлеп.

ЛЕТА

І паехаў-жа, братка ты мой…
Не вялікі, знаць, толк выйдзе ў нас:
На! касу, серп — ваюй хоць з бядой!
Іду Восені выслаць наказ.

Кідае касу і серп Мужыку пад ногі і адыходзіць, Мужык вострыць касу, прабуе на ўзьмежку і, мінаючы вёску, ідзе ў двор. Бура пачынаецца на добрае; бліскае маланка; штораз мацней грыміць гром. Б‘е пярун. Пасыпаўся дождж з градам.

VII

КАСЬБА І ЖНІВО

Сенажаць і поле, што каля грушы. Гарачыня стаіць нязносная. Мужык расхрыстаўшыся косіць. Жонка ў аднэй кашулі жне; пры ёй на козлах, абвешаных пасьцілкай, вісіць у начоўках дзіцянё; двое меншых поўзае ўсьлед за маткай.

МУЖЫК

абціраючы пот рукавом

Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
Потам зьлітая!

І калі-ж з табой
Мы, сталёвая,
Здабываць пайдзём
Шчасьце новае?

Век зьвініш, сьвішчаш,
Адкляпаная,
Век плыве: сьляза
Няўніманая.

Там гудзе. віхор,
Леc хістаеwца;
Там пяе касец,
Пацяшаецца.

Эх, труды, труды
Непазбытыя!
Эх, каса, каса
Потам зьлітая!

ЖОНКА

абкручваючы нагу, параненую аржоньнем

Не палі агнём
Гэтак, сонейка!
Не калі мне ног
Так, аржонейка!

Трудна сьпіну гнуць
Спрацаваную,
Каласы зьбіраць
Паваляныя.

Дабрыцом-сьцяной
Не пахвалішся,
Кроў і пот ліеш,
Заліваешся.

Ўсюды бог гасьціў
З сваёй ласкаю,
Толькі крыў, мінуў
Ніву хамскую.

МУЖЫК

Ўжо каса мая
Прытупілася:
Не бярэ сіўцу,
Замарылася.

Пакляпаць пайду
Там на межачцы
І бруском зьвяду,
Як належыцца.

Ды ў ход зноў пушчу
Пад песьнь сьлёзную,
Хай зноў бачыць сьвет
Сілу грозную.

ЖОНКА

выцягваючы стрэмку з пальца

Дзіцянё ў казлох
Адзываецца;

Пагляджу, пайду,
Як там маецца.

Ох, каб так шнурок
Свой счырыкалі!

Ўжо за пашу ў двор
Адбыць клікалі.

МУЖЫК і ЖОНКА

разам

І жыцьцё-ж, жыцьцё
Беспрасьветнае!

Ці ня лепей ты,
Апраметная!

Мужык садзіцца кляпаць касу, а жонка ідзе к казлом і корміць грудзёй дзіцянё.

VIII

ВОСЕНЬ

Досьвітак. Ток. Бледная курыwца на сьцяне газоўка. Мужык малоціць. Цэп гудзе. Яму, глуха заводзячы, падцінае вецер. Дзьверы адчыняюцца, уваходзіць Восень. У ваднэй руцэ трымае пук усялякіх павялых зёлак, у другой пусты мех

ВОСЕНЬ

Я усюды хадзіла,
Я усюды была,
Як дзе што урадзіла,
Я рахунак вяла.

І к табе во зайшлася
Паглядзець, запытаць,
Як ты жыў, як спраўляўся,
Што відаць, што чуваць

Вясна, Лета блудзілі
Па ўсёй чыста зямлі;
Ці-ж пароўні дзялілі,
Роўна ўроду нясьлі?

Цябе з краю да краю
Было ўсюды ўдаволь;
Даказаў дзіваў, знаю,
Твой і пот, і мазоль.

Дык як з кормам? як жыта?
Двор то мае, чым жыць:
Сенам пуня набіта,
З дабром так, аж трашчыць.

МУЖЫК

Восень, ясная пані,
Глянь! я лгаць не хачу —
Да паўзімкі ня стане,
Як лічу, ня лічу.

Няма штосьці ўмалоту,
Ды і што малаціць?
Копкі дзьве акалоту,
Грэчкі з возік ляжыць.

З копку яркі, ячменю,
Трохі сена, аўса…
Вось і хлеб, і насеньне,
І за труд плата ўся!

Пры стале-ж сядзе спорна
Спажываці дары:
Жонка, дзетак сямёра
Ды татуля стары.

ВОСЕНЬ

Праўду вашэць гамоне:
Бог ня вельмі ўспамог,
Але ты не сягоньня
Так устаў, так і лёг.

Вось і сёлета трэба
Дацягнуць да канца,
Прыкупі з пудзік хлеба,
Да пазыч з воз сянца.

Пудзік хлеба з мякінай,
Груцы, бобу крыху,
Якой бульбы асьміну —
Ці-ж ня дось мужыку?

МУЖЫК

Ну і рада, ой рада!
Дакупіць, дакупіць!..
Дзе-ж капейка у „гада“?
Дзе яго скарб ляжыць?

На насеньне, на страву
Трос вясной кішанёй,
Летам штраф за „патраву“;
Воласьць не за гарой.

ВОСЕНЬ

Як гляджу, ўсё находжу
Недастаткі адны,
Будзь здароў! я адходжу
Да суседкі Зімы.

Выходзіць. На дварэ вецер вые штораз мацней. Каплі сьцюдзёнага дажджу шлёпаюць аб гнілыя сьцены. Мужык набірае ў рэзьгіны вязку саломы — і ідзе даваць скаціне. Дзьверы са скрыпам зачыняюцца.

IX

СЬВЯТА

Хата што і вясной. На стале ляжыць стус грачаных бліноў. На палку ляжаць двое хворых дзяцей: другія босыя і ў адных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча

МУЖЫК

Ну, ламака, ну, хамула!
Ці-ж стагнаць ня годзі?
Што мінула, то мінула,
Болей ня прыходзіць.

Пёкся, пёкся вясну, лета,
Аж толькі дзяржыся,
А цяпер спачынь за гэта
Ды павесяліся.

Трохі жонка хваравіта,
Трохі хворы дзеці,
Выпі чарку! ну і квіта!
На што там глядзеці?

Юрку варта-бы да школы,
З гора, пасылаці!
Ня шлі: будзе, як ты, голы,
Хай сядзіць у хаце…

Насьці трэба чаравікі,
Кажушок Сымонку,
Ну, на гэта час вялікі…
Пара-ж і ў карчомку!

ЖОНКА

Што ты там бурчыш пад нос?
Скрабеш каля вуха?
І ўдаеш паглядам косым
Вялікага зуха?

„Пагуляці… да карчомкі…“
Вось дык малайчына!
А дзе лапці ў тваёй жонкі?
Дзе дровы, лучына?

Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць хвэльчара Мікіта —
Ўжо ня есьць і хлеба.

Не табе спачыць, хамуле,
Не табе сьпяваці,
Не да сьмеху, не да гуляў,
Калі бяда ў хаце.

СТАРАСТА

ўваходзіць трохі падпіўшы з нейкай сьмешнай важнасьцю і строгасьцю

Вось і трапіў к вам нарэшше…
Ну, рыхтуйся, братка!
Кішанёй мусіш патрэсьці:
Трэба нам падаткаў.

Трэба чыншу, трэба „пені“ —
Быў прыказ з павету,
Каб за тыдзень непраменна
Ўнесьці дробязь гэту.

Дык спраўляйся-ж і то лоўка!
Бо ня жыць і ў хатцы,
І з апраткай, і з кароўкай
Прыдзецца расстацца.

МАГАЗЫНЬНІК

уваходзіць таксама п‘янаваты

Пахвалёны вам, суседзе!
Як дуж, як здароўе?
Ўжо і зімка да нас едзе —
За даўгом прышоў я.

Аўса бочку, чвэрць ячменю,
Са дзьве чвэрці жыта,
Аддаць мусіш непраменна —
Тады будзе квіта.

МУЖЫК

Ну і што? і больш нічога?..
І дакуль так будзе?

А ні сэрца, а ні бога…
Ну жыцьцё, ну людзі!

Хватае за шапку і ўцякае са сваёй хаты. Жонка ўцірае хосткай сьлёзы. Стараста і магазыньнік высоўваюцца на двор.

X

ЗІМА

Лес. У нізе на дрэвах вісіць кругом шэрань. Мужык у палатаным кажуху, ў лямцовай шапцы стаіць па калені ў сьнезе і сячэ таўстую хвойку. Здаля прыбліжаецца Зіма. У яе: у ваднэй руцэ кавадла і молат, у другой жмут жалезных путаў. Як і дзе, молат ўдарае аб кавадла, а ланцугі бразгаюць

ЗІМА

Як жыў, як жыў, як маешся?
Ці жыці не дакучыла?
Усюды я шатаюся,
І да цябе во лучыла.

Кандалікамі звонячы,
Іду к табе — ўсясільная,
На долю тваю помнячы,
Іду к табе — магільная.

Над цэлай, над старонкаю
Я паняй разгасьцілася;
Мой сьнег ляжыць пялёнкаю,
Ў мой лёд рака пакрылася.

Гуляю я з марозамі,
Гуляю я са сьцюжамі,
Сьмяюся я над сьлёзамі,
І ўсіх, і ўсё я дужаю.

Кінь выгляд акалелага,
Прысядзь во на калодачцы!
Крапчэй ты сьвету цэлага,
Ну што? Каб нам паходацца?

МУЖЫК

Ой Зімка, пані ясная!
Ня варта наругаціся,
Прытыкі кінь напрасныя:
З кім тут за плечы браціся?

Я з сілаю разлучаны:
Ў палёх, лугох загінута…
Няўдачамі замучаны,
Пацехамі пакінуты.

Рукою чуць пакратаю;
Ня муч-жа абарванага!
Пад футры йдзі багатыя,
Ў палацы мураваныя!

Сям‘я мая галодная,
Хаціна мая хіліцца.
Ідзі, Зіма нягодная!
Ня дуж з табою сіліцца.

ЗІМА

Ня дам ніколі веры я
Тваёй брахні ап‘янчанай,
Што гора цябе мерае,
Што сьлёзамі ты нянчаны.

Каму-ж тут хвойкі валяцца
Рукою мазалістаю?
І шуркі каму ставяцца
На пасеку на чыстую.

Ці-ж хата з хвойкі зваленай
Ня грэта, не пастаўлена?
Ці-ж пасека ня сеяна,
Сахой тваёй абнесена?

МУЖЫК

Тады ў краі далёкія,
Як дні мінуць кароткія,
Сасоначкі высокія
Плывуць ракой-паводкаю.

Гасьцінцамі, дарогамі
У горад шуркі цягнуцца, —
Не за маймі парогамі
Скарб пасечны хаваецца.

ЗІМА

Табе жыцьцё, знаць, сьцелецца
Як-бы сама нуда тая;
Пашлю ў дабаў мяцеліцу,
Няхай. з бядой рассватае.

Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка падсечаная з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне.

XI

ХАЎТУРЫ

Хата. Насупроць дзьвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласьліва вые вецер

ЖОНКА

А мой ты сакалочак!
А мой ты каралёчак!
Ляжыш, ня ўстанеш болей…
О, доля-ж мая, доля!

Бяз часу сьмерць-магіла
Жыцьцё тваё скасіла;
Ў няшчасную гадзіну
Сіротачак пакінуў.

Сіроткі ўсе малыя,
І есьць ня маюць тыя,
І дроў няма палена,
І ў пуні няма сена.

Як жыў, як ты сьвет бачыў;
Усё-ж было іначай,
Ці ў полі ты… ці ў людзі…
Што з намі цяпер будзе?

Нашто на сьвет раджацца,
Хто мае з ім растацца.
І горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацьком, дзіцяці…

БАЦЬКА

уціраючы няўзнак сьлёзы

Дзяржыць бяда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна
Ня бацьку, але сына.

Ня месца мне у хаце:
Ня дуж я працаваці;
Пры кім дажыць тут веку
Няшчаснаму калеку?

Вазьму я хіба ўнука,
Ці ў сьвет ісьці навука? —
Пайдзём ад хат да хаты,
І к бедным і к багатым,

Зьбірай, стары, хатомкі,
І зрыўкі і атопкі:
І жыва з хаты роднай
На сівер на нязводны!

Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі

СТАЛЯР

кончыўшы века да труны

Як згаварыці слова,
І века ўжо гатова.
Закрыць дамоўку можна,
Падхозь прашчацца кожны.

Падходзь чужы і хатні
Заглянуць раз астатні
Вось на таго, што дзетак
Бяз часу кінуў гэтак.

Ня кепскім быў суседам:
Шоў прадзедаўскім сьледам,
Ня крыўдзячы нікога;
Цярпеў. сам крыўдаў многа.

МЕНШЫ СЫН

цалуючы нябожчыка руку — да маткі

Чаму, скажы, матуля,
Прыбраны так татуля
Ляжыць у гэтай скрыні
Такі халодны, сіні?

БОЛЬШЫ СЫНОК

Ня лезь ты без патрэбы:
Душа ўжо таткі ў небе.
Ня ўстане і на лета;
Памёр ён, значыць, гэта.

Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.

ХОР

Рай сьветлы бесканечны
На судзе астатэчным
Дай, божа, ўсім загнаным
На векі векаў. Аман!

Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў сьвет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.

XII

НА МОГІЛКАХ

Цёмная ноч перад узьвіжаньнем. Могілкі. Лётаюць совы і кажаны. На паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка

ЦЕНЬ МУЖЫКА

Што насып размыла жвіровы?
Што спаць мне ў зямлі не дае?
Чаго кажаны тут і совы
Зьляцелісь на косьці мае?

Прэч гадзіны, сьліўні, рапухі!
Хоць згіньце ў праметнай на дне.
Благія і добрыя духі,
Прыблізьцеся жыва ка мне.

Так спаць не ахвота век целы;
Мне хочацца ведаць, пачуць,
Што чутна на сьвеце на белым?
Патомкі мае як жывуць?

Ці досыць ім хлеба, да хлеба,
Як добра ім плаціць зямля?
Ці ласкі ад сьвету, ад неба
Ня маюць, як некалі я?

Ці песьні пяюць, ці як мухі
Ў цянётах гніюць павука?
І ўсё гаварэце мне, духі,
Што зроблена для мужыка.

Зьлятаюцца тыя-ж самыя духі, што пры хрэсьбінах. Верцяцца каля Мужыка і папераменна пяюць.

БЯДА

Мы скажам табе ўсё з ахвотай,
Па сьмерці тваёй што зайшло:
Ня зломлены к шчасьцю вароты,
Сьлязы ня ўбыло, прыбыло.

ГОЛАД

Ўсьміхаюцца пусткай папары,
Урода ня Йдзе, як ня йшла.
Па небе за хмараю хмара
Плыве і плыве, як плыла.

ХОЛАД

Хаціна згнівае у плесьні,
Хаўтурны ня зводзіцца звон,
Пад дзікія ветравы песьні
Пракляцьця разносіцца стогн.

ХОРАМ

Завалены сьцежкі к прасьвету
Крыжамі бясчасных магіл,
А брат твой, мужык, бяз прывету
Ва ўсім гэтым чахне бяз сіл.

ДОЛЯ

Табе яшчэ ведаць цікава,
Што стала з сынмі тваймі?
З усякай вялося ім славай,
Усяк ім жылося з людзьмі.

Адзін, як і ты, шнур пахае,
Карчомкай душу весяліць,
Другога чужына змагае,
А варта пры трэцім стаіць.

Чацьверты у зьдзеку загінуў,
За праўду, за крыўду сваю,
Руку адсек пяты машынай,
І торбаю корміць сям‘ю.

ЖЫЦЬЦЁ

Ну што? як старонка, як дзеткі,
Як што між людзьмі, ці зьвярмі?
Я лоўка расставіла сеткі!
Папробуй, расплутай вазьмі!

Я сілам цямрычным у рукі
Няпраўд пустазельле дало,
Хай сеюць зьнішчэньне і мукі,
Хай корча ўсіх змога і зло.

ЦЕНЬ МУЖЫКА

Ня міла мне слухаць, ня міла
З зямлі маёй гэткі прывет.
Раскрыйся нанова магіла:
Страшней цябе людзі і сьвет.

Магіла раскрываецца. Чутна запяяў недзе певень, Духі разьлятаюцца. Нікне цень Мужыка. Перагукваюцца з зайцамі совы. У паветры лапочуць крыльлямі кажаны і начніцы.