Збор твораў (Купала, 1925—1932)/IV/Галька

Песьня аб паходзе Ігара Галька
Опэра
Аўтар: Уладзімір Вольскі
1928 год
Арыгінальная назва: Halka (1848)
Пераклад: Янка Купала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАЛЬКА

ОПЭРА Ў ЧАТЫРОХ ДЗЕЯХ

Пераклад з польскае мовы

ACOБЫ:

СТОЛЬНІК

ЗОФ‘Я — яго дачка

ЯНУШ

ДЗЕМБА — прыхлебнік стольніка

ЁНТАК сяляне з вёскі Януша
ГАЛЬКА
ДУДАР

ГОСЬЦІ спаміж шляхты, вясельная дружына, сяляне, гаране, гаранкі, службіты і г. д.

Рэч дзеецца ў ХVIII сталецьці.


АКТ I

У горадзе ў доме стольніка.

Бакавая заля; у глыбі трое высокіх шкляных дзьвярэй, якія вядуць на агарод; з аднаго боку ад гледачоў відаць прыадчыненыя дзьверы да балёвай залі, з другога — стол, за якім бяседуюць госьці і смольнік. Дземба, клапочучы, напаўняе келіхі. З балёвай, ярка асьветленай залі іншыя госьці выходзяць парамі палёнэза і кружацца па залі.

СЦЭНА ПЕРШАЯ

СТОЛЬНІК, ДЗЕМБА і ХОР ГАСЬЦЕЙ

ДЗЕМБА

Хай жывуць нам маладыя.
Ў дзень заручын іх вітаем.
Хай як галубочкі тыя
Вечна любяцца наўзаем.

То-ж бо лучацца кляйноты,
Два адвечнай славы цноты
У вадно звычаем даўным:
Адравонжа ды з Памянам.

ХОР

Віват! Віват! маладыя!
Каб дзянькі век залатыя
Вам рунелі, як руно.
Два адвечныя кляйноты,
Знамя муства, знамя цноты,
Слаўна лучацца ў адно.

ДЗЕМБА З ХОРАМ

Аж душа расьце, як глянуў,
Што за пара, бы заранка.
Як-бы створана для Яна
Наша Зоф‘я Стальнічанка.

НЕКАЛЬКІ СПАМІЖ ГАСЬЦЕЙ

І абое роўны станам
І багацьцем нязьлічаным.
Хай ім шчасьце сыпе кветы!
Хай жывуць даўгія леты
Адравонжа ды з Памянам!

СТОЛЬНІК

Мілай брацьці дзякуй наша,
Прыязьнь іх вядома нам.
Чаркі ўверх! Здароўе ваша!
Любімося!

ХОР

Шчасьця вам!

Дземба з хорам выходзяць, крычучы яшчэ: „Хай жыве“!

СЦЭНА ДРУГАЯ

СТОЛЬНІК, ЗОФ‘Я i ЯНУШ

уваходзячы з залі

ЯНУШ

Багаславі, пане войча!
Бо ўжо сьмею зваць вас так.

ЗОФ‘Я

Добраць ваша ў тым прычынай,
Што я шчасна нябы як.

Разам

Багаславі, пане войча!
Просьба наша к вам ядына.

СТОЛЬНІК

Я даўно ўжо меўся ўдвойчы
Вас злучыці гэткім чынам.

ЗОФ‘Я і ЯНУШ

Багаславі, мілы войча!

СТОЛЬНІК

багаслаўляючы

Хай-жа воля твая, божа,
Войча неба збудзецца!

Чуваць за сцэнай сьпеў

Як той ад віхру куст паламаны,
Душачку гэтак зматала.

ЗОФ‘Я

Што там за сьпеў?

Сьпеў за сцэнай

Дзе ты, вяночак, дзе ты, руцяны,
Дзе ты, лілейка, ў ім зьвяла?

ЗОФ‘Я

Гэткі жальбяны
Той сьпеў. Хто-ж гэта, хто?

Сьпеў за сцэнай

Усё забраў мне Янка, мой сокал,
Ўсю мяне ўзяў маладую…

ЯНУШ

зьбянтэжаны да Зоф‘і

Знаць ня знаю…

На бок

Хто прынадзіў
Бедну дзеўку тут на зло?

Сьпеў за сцэнай

А я шукаю, шукаю вокал,
Яго знайсьці-ж не магу я…

СТОЛЬНІК

Што за песьня ў маім садзе
У час гэты, вось дзіўно!

ЯНУШ

На бок

Голас Галькі! Як у чадзе,
Бедна дзеўка, і пашто?
Або можа звар‘яцела?..

ЗОФ‘Я

Яне мой, што гэта знача
Гэта песьня жалю, плачу?

СТОЛЬНІК

Гэта вельмі ўжо засьмела.

Хоча ісьці ў сад. Ян яго стрымлівае.

ЯНУШ

узрушаны, да Зоф‘і

Разам:  
О, так, любы мой анеле!
Песьня гэтая гавора:
Вось нам радасьць і вясельле,
А ёй смутак, а ёй гора!
Сьпеў нядолі там,
Выйду, гляну сам!

ЗОФ‘Я

да сябе

Разам:  
Што за радасьць і вясельле,
Які-ж добры яго нораў,
Што так шчыра, так на дзеле
Яго раніць братне гора.
Сьпеў нядолі там,
Што азваўся нам.

СТОЛЬНІК

Гэта сьмеласьць, гуз на целе!
Але, як завыла гора,
Трэба помач даць у пору.
Слушна, слушна, нам вясельле,
А нядоля там!
Выйдзі глянуць сам.
Выходзіць з Зоф‘яй, якая з залюбаваньнем пазірае на Януша.

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

ЯНУШ

адзін сумны і неспакойны

Recitativo

Скуль прыплялася сюды ня ў пору?
Ці-ж пекла яе ўжо нясе?
Хоць яе жальба цяжкай мне зморай,
Ды ўжо запозна, ужо збылося…
І сэрца іншай аддалося…

Га! а можа сьлёзы гора
Супыняцца, як уймуся…
А пасьля прэч, прэч!
Я сьлёз баюся!

Сьпеў

Чаму мне ў хвілях самотных гэных,
Калі нас сэрца любіць заве,
Яе твар бліснуў, як цьвет праменны,
З ружовых вуснаў усьмешкай таемнай,
З-пад бровак доўгіх зраніцы дзьве?

Чаму раптоўна душа забурліла,
Як ад віхуры бег рэчных хваль?
Што мне сіротка гэта ўчыніла,
Каб жальба вечна яе сьлязіла,
Каб праз мяне век гнаў яе жаль?

СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ

ЯНУШ, ГАЛЬКА

ўваходзіць, ня бачачы яго спачатку.

ГАЛЬКА

Сьпеў

Як той ад віхру куст паламаны,
Душачку гэтак зматала.
Дзе ты, вяночак, дзе ты, руцяны,
Дзе ты, лiлейка, што зьвяла?

Усё забраў мне Янка, мой сокал,
Ўсю мяне ўзяў маладую.
А я шукаю, шукаю вокал,
Яго знайсьці-ж не магу я.

Дзе ты, ах, дзе ты, о, мой саколе,
Дзе маё сонца на небе ясным?
Як сьцяты колас на дзікім полі,
Так без цябе я загасну.

Адварочваецца, спасьцярогшы Януша, з крыкам радасьці бяжыць да яго і хапае за руку

О, пане!
Мне Ёнтак гэты
Цьвярдзіў бяз спыну,
Што ўжо мяне ты
Згубіў, пакінуў…

А я во бачу, к табе тулюся,
І ты, як колiсь, ка мне зьвярнуўся,
Даеш мне сэрца, сэрца сваё.
О, мой саколе! о, сонца маё!

ЯНУШ

на бок

Праклята хвіля! Ах, як тут лгаці?
Яе мне сьлёзы муцяць жыцьцё…

Да Галькi

Здарма твой гэты плач, нараканьне!
Няўжо цябе я згублю, затрачу?!
Аддалься толькі. Ўвагі мей болей,
Бо не хачу я, каб дзядзька бачыў.
Сьмела, ня бойся. Ніхто, ніколі
Ня вырве з сэрца маё ўчуцьцё.

ГАЛЬКА

з парывам

О, мой саколе! сонца маё!

ЯНУШ

зьлёгка адсоўваецца

Ах, супакойся ты, дзiцë!
Ці-ж я забуду, цябе затрачу?..
Хутчэй кінь гэтыя муры,
Чакай за местам, над Віслай там,
Дзе крыж на шляху, каля фігуры,
Прыду я ў міг, прыду я сам…
А посьля ўжо вярнёмся там —
Да нашых гор. Там знова нам
Шчасьце i рай…

ГАЛЬКА

паўтарае за ім радасна

…Да нашых гор і знова нам
Шчасьце і рай…

ЯНУШ

З кім прышла ты?

ГАЛЬКА

не зважаючы

О, мой саколе!

ЯНУШ

З кім прышла ты?

ГАЛЬКА

не зважаючы, яшчэ радасьней

О, маë сонца!
О, добры пане! Зноў гэткі сам!

ЯНУШ

падганяючы

Ідзі адсюль! Прыду я там!

ГАЛЬКА

О, пане,
Добры, любіш ты мяне?..

ЯНУШ

Бяжы адсюль, прашу цябе!

ГАЛЬКА

Праўда? Ўжо мяне ня кінеш!
Ў горы вернешся, ня згінеш,
Саколе мой!
Там я сяду над крыніцай
І чакаць буду й журыцца
Аж прымчыцца ўраз.
Тады будзем жыць суполам
Век з табой, з маім саколам,
Хіба сьмерць разлучыць нас!

ЯНУШ

неспакойна

Так! З табой не разлучуся,
Ў нашы горы я вярнуся,
Анёле мой!
Сядзеш там ты над крыніцай,
Чакаць будзеш і журыцца,
Аж вярнуся ўраз.
Тады будзем зноў суполам,
Зноў з табой, з маім анёлам,
Хіба сьмерць разлучыць нас.

Прыціснуўшы яе да грудзей, выводзіць у сад, зачыняе ўсе трое дзьвярэй і задуманы йдзе ў залю. Госьці затрымліваюць яго ў дзьвярах.

СЦЭНА ПЯТАЯ

ЯНУШ і ГОСЬЦІ

АДНЫ З ГАСЬЦЕЙ

Пане млоды! Што ў самдзеле?!
Трэ‘ гуляць, калі вясельле.

ЯНУШ

з прымусам

Я ўжо вам служыць гатоў…

ДРУГІЯ ГОСЬЦІ

абступаюць яго, цішэй

У чапцы радзіўся, пане,
Цуд—ня Зося, як іскра!

ЯНУШ

задуманы, падаючы ім руку

Дзякую, дзякую!

НЕКАЛЬКІ З ГАСЬЦЕЙ

Разьвялі тут віншаваньне,
А музыка грай здарма…

СЦЭНА ШОСТАЯ

ТЫЯ-Ж і СТОЛЬНІК

трымае Зоф‘ю пад руку. Дземба са срэбным жбанам і адзін з гасьцей, які трымае ў руках вялікі Зыгмунтаўскі келіх. У дзьвярах ад залі паказваецца некалькі жанчын.

ХОР

з паклонамі да Стольніка

Ой, спачыці, Стольнік, час!
Вашмасьць нам не папушчае, —
Корміць, поіць, угашчае
Пакнязёўску нас.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

выпіўшы келіх, аддае яго Дзембе

За гаспадара здароўе!

ХОР

Ой, спачыці, Стольнік, час!
Вашмасьць нам не папушчае,
Корміць, поіць, угашчае
Пакнязёўску нас!

ДРУГІ З ГАСЬЦЕЙ

да якога піў папярэдні

І радні яго шляхотнай…

СТОЛЬНІК

узрушаны, пушчае руку Зоф‘і, кланяючыся ўсім ад сэрца шапкай

О, наймiльшыя панове!
Аж мне робіцца маркотна,
Нейкі жаль душу асіліў,
Што вас столькі ў гэтай хвілі,
Ганаруе так мой домік!..

Са сьлязьмi

I ўзяць к сэрцу захацелі,
Што ядыны той патомак
Майго роду па кудзелі,
Ў нашым, пане, удоўiм стане,
Хутка бацьку асамотніць,
Як палучыцца ўжо з Янам…

ЯНУШ i 3ОФ‘Я

схіляюцца яму да ног

Войча, любы!

СТОЛЬНІК

падымае іх

Мая дочка, мае дзеці!..

Да гасьцей весялей

Дык, панове, хто ахвотны —
Просім далей, бяз прыганы.

ХОР

Вiват! Вiват!

СТОЛЬНІК

ахвоча

А вы моладзь, хто мне верыць,
І хто любiць, ну, ў абцасы!
Да ружанца і да танца!
Як было ў даўныя часы.

ХОР

Віват! Віват!

ДЗЕМБА

сьціха да Стольніка

Пане Стольнік, то-ж у залі,
Як-бы ў лазьні, так агніста!
Каб і тут мо‘ паскакалі?

СТОЛЬНІК

Мой Дзямбочак, ачавіста!
Раіш добра ў самым дзеле!

ДЗЕМБА

ў дзьвярах залі

З мазавецка! Рэж капэля!

Чуваць з залі музыка, граючы мазурку; улятаюць танцуючыя пары. Дземба далей абходзіць з келіхам і са жбанам, які яму службіты час ад часу напаўняюць. Пасьля кожнага мосту чуваць „віват“. Стольнік з Зоф‘яй і некалькімі гасьцьмі — жанчынамі і мужчынамі — сядаюць. Януш за імі стаіць задуманы.

ЗАСЛОНА.

АКТ II

Прысады ў садзе. З правага боку відаць асьветленыя вокны ў доме Стольніка. У глыбі мур і фуртка. Галька ходзіць паміж дрэвамі. Ноч.

СЦЭНА ПЕРШАЯ

ГАЛЬКА

сама

Recitativo

О, як кленчыць-бы хацела ак
Ужо пад крыжам, ля дарогі!
Каб гарачых сьлёз нябогі,
За вяночак мой цярнëвы,
Маці боска з Чанстаховы
Сваёй ласкай пажалела.
Бо я-ж — бедная сірота
Многа, многа так цярпела.

Па хвілі, азіраючыся вокал

А дзе-ж Ёнтак?
Там гулянка, там вясёласьць! —

Чуваць музыка з дому

А тут ноч.

Па хвілі весялей

Ён пакіне іх, саколік,
Ў горны вернецца зноў край.
Дзень і ночка — мне маркотна,
Пакуль буду ждаць нясьмела,
А як прыдзе — прыдзе рай!

Сьпеў

Каб мне раным-рана ўзьняцца над палянай,
Ластаўкай пад небам мігаць, як маланка!
Каб мне ў рэчцы рыбкай да цябе мкнуць тамка,
Да цябе, мой Янка!

Ні я ў рэчцы быстрай плаваюча рыбка,
Ні я маю крыльле ластавачкі шыбкай,
Віхар толькі ў горах баіць бязустанка:
Вернецца твой Янка!

Каб мне зоркай яснай ў скалах над крыніцай,
У душы і сэрцы там тваіх адбіцца,
Блудным аганьком хоць, што так бледна зьзяе,
Як мая сьлязінка, што к табе сплывае!

А ні мне ў крыніцы блыскаці адлюднай,
Ні я тая зорка, ні я вогнік блудны,
Плыве толькі енк мой, плыве па расінах,
Жаль цябе дзяўчына!

СЦЭНА ДРУГАЯ

ГАЛЬКА, ЁНТАК

шукае яе паміж дрэвамі.

ЁНТАК

Галька! Галька!

ГАЛЬКА

прыбягае да яго

І што-ж мяне ты, бедную, зводзіў,
Як дзеля сьмеху,
І адбіраў мне ў цяжкай нягодзе
Ядыну ўцеху?
Яго я зблізка бачыла, чула,
Майго сакола!

З пэўнасьцю

І вернецца ўжо, і не пакіне!

ЁНТАК

Бедна з сэрцайкам ты кволым!

ГАЛЬКА

Чуць не замерла на сьмерць яно так
З жалю мне, беднай…

З лёгкім нараканьнем

Ах, мой ты Ёнтак, і што-ж было так
Мучыць дарэмна?

ЁНТАК

крыху з насьмешкай

Ха-ха-ха!..

ГАЛЬКА

зьдзіўленая

Сьмяешся ты? Зьбяжым адсюль!

ЁНТАК

Дык жыва прэч! —

ГАЛЬКА

азіраючыся неспакойна

Так дзіўна ў гэтай шумнай мясьціне,
Так неяк страшна сельскай дзяўчыне!
Ня відна як, ня відна, скуль
Сонейка ўсходзіць;
Ня відна як, ня відна, дзе
Сонца заходзіць.
Так цёмна ноч! Так мучыць, страша
Халодны мур — і жудка мне!
Хутчэй туды — дзе горы нашы<
Сьняжыста льсьняць. Ён жджэ мяне
За местам там! Што? — сьмех табе?

ЁНТАК

Дык пабяжым, калі жджэ нас
І прыдзе там.

Сьпеў

І ты йшчэ верыш яму, дзяўчына,
Што ён ня зводзіць на сьмех людзям!
Як віхар сьвішча над катлавінай
І як з гор льдецца ў дол ручаіна,
Так ён зманіў, што пойдзе там, —
А ты йшчэ верыш яму, дзяўчына!

ГАЛЬКА

Веру, веру я!

ЁНТАК

У любасьць ня вер панічову
К беднай сялянцы, ты ня вер!
К табе падойдзе з салодкай мовай,
З яснай усьмешкай, як дзень маёвы, —
Сэрцам ён—сталь, на сьлёзы — зьвер!
А ты ўсё ў любасьць вер панічову!

ГАЛЬКА

Ёнтак, ты — злы!

ЁНТАК

Купіў, як нечысьць, ён тваю душу,
Ён — пан, паноў-жа любіце вы!
Калі цябе, як дожджыку ў сушу,
Я смагнуу мець, а ён: мець мушу! —
Сказаў, зірнуў — і яго ты!
Забраў вяночак, забраў і душу.
О, мая Галька, бедна дзяўчына!
Што ён ня зводзіць — верыш яму?
Як віхар сьвішча над катлавінай,
Як з гор ліецца ў дол ручаіна, —
Так ён зманіў, ня будзе тут, —
А ты ўсё верыш яму, дзяўчына!

Па хвілі

Думаеш, што мы прышлі сюды,
Каб ты шчасьліва, каб ты вясёла
Ўбачыла Янку, свайго сакола?

Паказваючы ёй асьветленыя вокны

Там Янка — пан!
З той пекнай паняй, што бачыш там,
Вясельле п‘е, — а ўсё як пан!

Чуваць за сцэнай хор гасьцей.

І абое роўны станам
І багацьцем нязьлічаным.
Хай ім шчасьце сыпле кветы,
Хай жывуць праз доўгі леты
Адравонжа ды з Памянам!

ГАЛЬКА

непарушаная спачатку на голас хору, нарэшце, уцямлівае, зрываецца і ўдарае ў дзьверы.

ГАЛЬКА

што раз гвалтоўней удараючы ў зачыненыя дзьверы

Пушчайце, гэй, хутчэй мяне!
Бацька майго тут дзіцяняткі! —

ЁНТАК

адцягваючы яе

Зьбяжым адсюль да хаткі!
Ўбачаць цябе! —

ГАЛЬКА

Пушчайце, гэй, хутчэй мяне!

Да Ёнтка, молячы яго на каленях

Да пана, да пана,
Браток, вядзі мяне!

ЁНТАК

Ўбачаць цябе,
Скрыўдзяць цябе!

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

ТЫЯ-Ж, ХОР ГАСЬЦЕЙ, ХОР СЛУЖБІТАЎ са сьвятлом і ДЗЕМБА

ХОР

Што тут за крык,
Скуль гэты клум?
І гэты ўвесь
Што знача шум?

ДЗЕМБА

Гэй, выгнаць іх!

ХОР

Прэч, гэй, прэч з забавы!
Сказаць там чалядзі
Хай дадуць ім стравы,
Хай за стол пасадзяць,
А з забавы прэч!

СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ

ТЫЯ-Ж, ЯНУШ

убягаючы.

ЯНУШ

дае знак рукой

Што тут?

Хор адступае ў глыб, Януш збліжаецца да Галькі.

ЯНУШ

сьціха

Табе-ж казаў я, цябе-ж прасіў я…
Чаго-ж яшчэ ты?


ГАЛЬКА

смутна на яго спазірае, хапаецца раптам з упрокам за галаву і моўчкі сядае на лаўцы.

ЁНТАК

выходзіць наперад сцэны, пакорна кланяецца Янушу

Панок, — то я!

ЯНУШ

пазнаўшы яго, з прыдушаным гневам

І скуль-жа ты вясьці пасьмеў
З далёкіх гор няшчасную дзяўчыну?
Што? Ў вёсцы там ня добра вам?
Што? Ёй там крыўда?
Кажы, чаго хацеў?

На бок

Пракляты хам!
А гэта знова звар‘яцела.

З гневам

Бяры яе, хутчэй вядзі яе!
Падзяку пан, знай, дасьць, як споўнім дзела.

ЁНТАК

О, пане наш, мей літасьць ты!
Ёй бацька ўмер, сяйбіт сівы,
І ўжо даўно ў зямлі сьпіць маці…
За сіроткай бог, бог толькі сам—і капля сьлёз!

Цішэй

А людзі людзьмі — кпяць і сьмяюцца там…

Хвіля маўчаньня, раптам з насьмешлівай пакорай

О, добры пане! Жудка з доляй ёй!
Адплаціць вам бог за літасьць у няшчасьці.

СЦЭНА ПЯТАЯ

ТЫЯ-Ж, НЕКАЛЬКІ ГАСЬЦЕЙ, СТОЛЬНІК і ЗОФ‘Я

Януш бяжыць ім на спатканьне і кажа, што Галька вар'ятка.

ГАЛЬКА

звольна ўстаючы

Сьпеў

Паціхеньку, памаленьку
Затуманіў галубочка!
Паціхеньку, памаленьку
Затуманіў сакаленьку!
Стуманіў яго!


ЗОФ‘Я, СТОЛЬНІК, ДЗЕМБА і ХОР

Дзіўна нейка дзеўка,
Смутна яе сьпеўка!
Выйсьці загадалі,
А пяе ўсё далей —
І ëй хоць-бы што!

ЁНТАК

з папярэднімі

Бедна, бедна дзеўка!
Смутна твая сьпеўка
Сэрца не разбудзіць.
Шчасьлівыя людзі
Любяць толькі сьмех!

ЗОФ‘Я

ўважна прыглядаючыся да Януша, які неспакойна глядзіць на Гальку

Выгнаць загадай!

ЯНУШ

Адварочваецца да Галькі і дае знак рукой Дзембе

ДЗЕМБА

да Галькі і Ёнтка

Пашлі адсюль!

ХОР

Прэч адсюль з забавы,
Ідзеце да дворні,
Прымуць там пакорне,
Там дадуць вам стравы,
А з забавы прэч!

СТОЛЬНІК

Разам
з хорам
 
А во дзіўна рэч!
Дземба мой ласкавы,
Клікні іх да дворні,
Хай дадуць ім стравы,
А з забавы прэч!

ЁНТАК

О, нам не забавы,
А ні ў вашай дворні
Не жадаем стравы!
Сам бог нас прыгорне,
Пойдзем самі прэч!

ЗОФ‘Я

на старане што раз пільней прыглядаецца да Януша


Разам
з хорам
 
Ня хочуць да дворні!
Погляд яе млявы,
Знаць сярод забавы
Мучыць Янку зморне —
Дзіўна, дзіўна рэч!

ЯНУШ

на бок

Бог з нябёс ласкавы
Хай яе прыгорне!
Але ў час забавы
Ўлез хам гэты зморне, —
Хай-жа пойдуць прэч!

Галька з Ёнткам звольна адыходзяць.

Абраз.

ЗАСЛОНА.

АКТ III

На вёсцы ў Януша.

Паміж другім і трэцім актам праходзіць месяц.

Гарыстая і скалістая вясковая аколіца; вечарам на захадзе сонца. З аднаго боку гледачоў высунуты рог карчмы, каля якой сядзяць на лаве некалькі гараняў і гаранак; некалькі сядзіць на горах і скалах. Іншыя ўваходзяць з другога боку. Чуваць здалёку няшпорны (на вячэрню) звон.

СЦЭНА ПЕРШАЯ

ХОР СЯЛЯН

Па вячэрні у нядзелю,
Покуль сонца сьвеціць ясна,
Добра думку разьвяселіць,
Бо дзень цэлы сходзіць ў поце.
Хай-жа сьвята падахвоціць,
Каб забыці крыўды ўласнай!

МОЛАДЗЬ

Вось паніч з сваёй багданкай
К нам прыедуць мабыць скора,
А як будзе ў іх гулянка,
Дык і нас успомняць можа.

СТАРЫЯ

Хоць там будзе ў іх гулянка,
У бядзе нам не паможа,
Бо за намі сьледам гора.

УСЕ

Ой, за намі сьледам гора!

Па хвілі

Дык вясёлы, дык ахвочы
Дзень сягоньня хай нам будзе!
Заўтра знова дзень рабочы
І пазаўтра дзень рабочы.
Посьле йшчэ ў цяжэйшым трудзе,
Посьле йшчэ ў цяжэйшым трудзе.
Дык вясёлы, дык ахвочы
Дзень сягоньня хай нам будзе!

СЦЭНА ДРУГАЯ

ТЫЯ-Ж і НЕКАЛЬКІ СЯЛЯНАК

СЯЛЯНКІ

Паніч добры! ён бяз думы
На вясельле спросіць кумы.

СТАРЫЯ

Ой, дзяўчаткі, ой, кабеткі!
Ловіць вас паніч у сеткі

СЯЛЯНКІ

Бо паніч даброці рэдкай…
Гладкі гэткі, ўкладны гэткі.

СТАРЫЯ

О, прыкладны, добры ў слове,
Гладкі з твару, як панове —
Ой, кабеткі!

МОЛАДЗЬ

у глыбі сцэны

Дык ахвочы
Хай дзень будзе й весялейшы!

УСЕ

Сонца гасьне, блізка к ночы —
І шчыт гор ужо чарнейшы,
І ў душы сам свабаднейшы,
Але поруч і смутнейшы.
Дык вясёлы і ахвочы —
Хай дзень будзе нам бліжэйшы!

НЕКАЛЬКІ

седзячых на горах

Во з другой ідзе ўжо вёскі
І з кірмашу мноства люду.

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

ТЫЯ-Ж, прыбываюць ГАРАНЕ, ГАРАНКі і розныя СЯЛЯНЕ

ПРЫБЫЛЫЯ

Хай-жа будзе пахвалёны!

МЯСЦОВЫЯ

На векі!

Пры вітаньні частуюцца гарэлкай. Горскія танцы з малым дадаткам кракоўскіх. Скончыўшы, мыя, што прыбылі, расходзяцца, мясцовыя застаюцца.

СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ

ТЫЯ-Ж, ЁНТАК паволі зыходзіць з гор з ГАЛЬКАЙ

ГАЛЬКА

Зірнеце, што там?
Што за хлапчук пляцецца з дзеўчай?
Га! То-ж Ёнтак! А дзяўчына?

ЁНТАК

Няхай будзе пахвалёны!

XOP

На векі!

ЁНТАК

Дай бог радасьць вам!
Ды, як гора, — не паможа!
Няма песьні там. —

XOP

То-ж Галька!

ЁНТАК

Так—яна!
З таго сяла дзяўчук.

XOP

Скуль-жа, Ёнтак, ты прыходзіш,
Дзеўча гэта скуль прыводзіш?

ЁНТАК

Ў паніча быў я у месьце.

ГАЛЬКА

звар‘яцелая

Ў паніча была я ў месьце.
Не пазналі мяне ўрэшце,
Бо зьмянілась, бо як птах.

Сьпеў

На маю бяду, нядолю
Прыляцеў пашто на поле?
Пашто звабіў галубочка
І стуманіў, мой саколе,
Беленькага галубочка?
Стуманіў яго!

ХОР

Як зьмянілась, як змарнела,
Аж глядзець ня ўсьцерп людзям!

ЁНТАК

От, звычайна, панскі хлам!
Так кончацца заляцанкі, од
Паніч сьніць з сваёй каханкай,
Стальнічанкай — гладкай паняй, —
Аб мужычцы-ж ані ў дум!

ГАЛЬКА

Ён душы з ёй не спаганіў,
Ня даў чорту!

ХОР

Скажы нам, Ёнтак, як было там?
Як гэта сталась, скажы ты нам!

ЁНТАК

Прышлі туды мы у заручын часе,
Як яе ўбачыў — міла прыласіў
І ўсяляк стаў лгаць на словах,
І кідаць чары свае нанова,
Пасьля за места йсьці меў з ёй.
Ня мог я зьнесьць маны тых слоў, —
Сказаў ёй праўду, а тут нас ён
Сказаў за браму прагнаць, як псоў.

ХОР

з жахам

Сказаў за браму прагнаць, як псоў!

Хвіля маўчаньня.

ГАЛЬКА

Зноў мне зьявіўся, туманіш зноў,
Сакалочак! — не, не, не!
Галубочак над гарамі
Зашумеў сваймі крылкамі,
Дый ня беленькімі імі,
А крывёй сваёй зьлітымі
Зашумеў ён там крылкамі
І ў дол рынуў, як той камень.

ХОР

Так яно для дзяўчатаў,
Што ў двор мкнуць гуляць заўзята,
Гэткая доля іх!

ЁНТАК

Вось не задоўга паны на шлюб
Зваляцца шумна ўсёй чарадой.

ХОР

Гляньце! Ўзьляцеў груган над гарою,
Як быццам сочыць.

ГАЛЬКА

скончыўшы песеньку

З галубкі труп.

ХОР

Ня ты, нябога, зграшыла срога,
Бо на кім іншым ляжыць твой грэх.

ЁНТАК

усходзячы на скалу

Вось і едуць!

ХОР

Ужо едуць!

Ідуць у горы.

ЗАСЛОНА.

АКТ IV

У горадзе ў доме стольніка.

Позны вечар. Пляц абсаджаны вербамі. З аднаю боку ад гледачоў драўляная вясковая каплічка з магілкамі, з другога — відаць частку двара, далей вясковыя хаты. У глыбі горы і скалы, паміж якіх уецца рэчка.

СЦЭНА ПЕРШАЯ

ЁНТАК

адзін зыходзіць з гары

Recitavio

Няшчасна Галька! Гвалтам тут прэцца, —
Ці-ж мала крыўды для яе сэрца!
Усё на думцы паніч няверны.

Як яго з жонкай тут пабача,
Ўмерці гатова!
О, Езу міласэрны!
З нябёс зірні,
Сіротку мей пад аховай!
Ад зьдзеку ўбарані!

Па хвілі

Каб яе там сутрымалі,

Бо ня мог я.

СЦЭНА ДРУГАЯ

ЁНТАК і ДУДАР

ў глыбі сцэны ўсходзіць на гару і пачынае весела йграць.

ЁНТАК

Гэй, дудару! Скуль-жа ўраз
Гэтак весела зайгралі?

ДУДАР

Павітаць трэ‘ шлюб, вашэце!

ЁНТАК

ківаючы рукою

Яшчэ час!

Неяк лепей разумеці,
Як смутней пачнеце граці.

ДУДАР

зьмяняе песеньку, пытаючы

Нашым ладам?

ЁНТАК

О, так, браце!

Сьпеў

Ой, шуміць лес на гор шчыце,
Ой шуміць у даль,
А малойцу смутна жыці,
Бо на сэрцы жаль.
З-паміж іншых праз нікога,
Праз цябе адно, нябога,
Ой, Галіна, ой ядына,
Дзяўчына мая.
У дзіцячы яшчэ леты
Я да горскіх скал
Шоў у пропасьць і табе там
Птушкі з гнёзд скідаў.
Кветкі лепшыя з гор нашых
Рваў табе і нёс,
Найпякнейшыя з кірмашу
Пацеркі прывёз.
Ня крыўдую на нікога,
На цябе адно, нябога,
Ой, Галіна, ой, ядына,
Вінавата ты!
Вырастае з зерня колас,
Ты ўзрасла, як цьвет.
Ой, на твой званочак-голас
Зрушыў-бы я сьвет.
Год за годам сьпёкай, слотай,
Як паводка мкне,
Зірк паніч — і для яго ты
Кінула мяне.
Ня крыўдую на нікога,
На цябе адно, нябога,
Ой, Галіна, ой, ядына,
Дзяўчына мая!

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

ТЫЯ і ГАЛЬКА

шыбка зьбягае з гор, вырываючыся ад гаран і гаранак, што яе стрымліваюць.

ЁНТАК

да яе, жыва

Ах, выйдзі, Галька! Паслухай мяне!

ГАЛЬКА

ўпарта

Не!

ЁНТАК

хочучы яе вывесьці

Я так не пазволю.

ГАЛЬКА

вырываецца ад яго і сядае на камень

Мяне ўбачыш, мой саколе!

Дудар падае знак, што вясельнікі прыбліжаюцца; усе сяляне сыходзяцца на сцэну.

СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ

ТЫЯ-Ж і ДЗЕМБА

ДЗЕМБА

Добра, што тут грамадою!..
Прывітаць-жа галасіста,
Пакланіцца урачыста
Новай пані.

ХОР

Прывітаем галасіста
І паклонімся ўрачыста.

СЦЭНА ПЯТАЯ

Тыя-ж, СТОЛЬНІК, ЯНУШ, ЗОФ‘Я

уваходзячы па чарзе

ДРУЖКІ і ДРУЖБІТЫ

Цямнее

СТОЛЬНІК

ўваходзячы

Добры дзень вам, мае людзі!

ХОР

Дзякуй, дзякуй, ягамосьцю!

ЯНУШ

уваходзячы

Як здароўе, як жывеце?

ХОР

Дзякуй, дзякуй, панічок, вам!

ЯНУШ

спасьцярогшы Гальку, на бок

Моцны божа! Яна тут!

ЗОФ‘Я

уваходзячы з дружкамі

Як жывецца?

КАБЕТЫ

Дзякуй, дзякуй вам, паненка,
Дзякуй, дзякуй, пані!

ДЗЕМБА

да сялян

Што? Ці вам зраслася губа
Каб вітаць? Як скамянелі!
Як я Дземба, гэрбу Дзюба,
Громка, бо вам…

УСЕ

Прывітайма-ж, бо вясельле!
Дзякуй, дзякуй вам, паненка,
Дзякуй, дзякуй, пані!

ЗОФ‘Я

спасьцерагаючы Гальку

Што за такая бледна дзяўчына?

ХОР

Бледна дзяўчына?

ЗОФ‘Я

І з тварам смутным, маўклівым?

ХОР

І з тварам смутным, маўклівым.

ЯНУШ

на бок

Ці-ж яе йшчэ не пазнала!

Разам
 

ЗОФ‘Я

Скуль гэта бедна дзяўчына
І з тварам смутным, сумлівым?
Будзіць твар гэты ўспаміны,
Ах, — помню — страчаўся мне!

СТОЛЬНІК

Ах, што за бедна дзяўчына,
Глянь, Дземба, з тварам сумлівым?
Будзіць твар гэты ўспаміны —
Здаецца — страчаўся мне.

ЯНУШ

на бок

Ах, каб яе не пазнала!
Дрыжу ўвесь з злосьці напраснай.
Пашто ўбачыў я няшчасну?
Ах, пашто ўбачыў яе?

ЁНТАК

на бок

Пазнала, пэўна пазнала.
Глядзіць на яго, о, божа!
Можа згадае, ах, можа,
Можа пагардай датне!

ЯНУШ

на бок

Ах, каб яе не пазнала!
Дрыжу са стыду, з трывогі
І ад сьлёз гэтай нябогі.
Ганебна я зьвёў яе.

ХОР

Пазнала, ўсё-ткі пазнала,
О, вы — няшчасны абедзьве.
Адну пакінуў з вас ледзьве,
А ўжо другую вядзе.

ГАЛЬКА

Над маім горам зьлітуйся, божа,
І атулі апекай сваей!

УСЕ

апроч Януша

Голас вар‘яткі кліча да бога,
Божа, апекай збаві сваей!

ЗОФ‘Я

да Януша

Ц помніш? Бачыла яе.

ЯНУШ

зьбянтэжаны

О, так, так, маё каханьне!
Як ня помніць воблік гэты?
У вачох жыцьця кананьне,
Думка з болем мкне ў засьветы:

ГАЛЬКА

Янка! Янка!

ЯНУШ

на бок болесна

Страшна бог караць умее
Хвілёвы блуд!

Па хвілі

Зоф‘я мо‘ не зразумее —
Жыва, жыва
Пойдзем мы!
Памагчы беднай
Мне не па сіле…

ГАЛЬКА

Галубок сеў на магіле.

ЗОФ‘Я

Што цябе так жаль, асіліў?

ЯНУШ

падганяючы, перабівае

Ах, ідзема да касьцёла!
Час ужо, ўжо мрок дакола!

ЗОФ‘Я

тулячыся су плачом да бацькі

Войча! Смутак нечаканы
Маё сэрца болем змог.

СТОЛЬНІК

узрушаны

Тваім сэрцам муж абраны —
Хай пашле вам шчасьця бог!

З вясельнай дружынай, апрача, Дзембы, з усьпёртай галавой на плячо бацькі, Зоф‘я з Янушам уваходзяць у касьцёл.

СЦЭНА ШОСТАЯ

ГАЛЬКА, ЁНТАК, ДЗЕМБА і ХОР

праводзячы маладых і дружыну.

ХОР

Дай вам бог даўгія леты
І жыцьцё у шчасьці!
Хай вам доля сыпе кветы,
Радасьць…

ЁНТАК

на бок

І напасьці.

ДЗЕМБА

Хто абазваўся там?

ХОР

Ніхто!

ДЗЕМБА

Дык во далей, жыва нам!..
І да пары і вясёла
Маладых аплесьці ў кола,
І да пары і ўрачыста,
Нам запеці галасіста,
Як вярнёмся…

ХОР

Запяема вам вясёла.

Усе, апроч Галькі і Ёнтка, уваходзяць у касьцёл.

ГАЛЬКА і ЁНТАК

Што раз цямней.

ГАЛЬКА

Ой, вясёла, ой, вясёла!

ЁНТАК

Дык во, бачыла, во чула!
Мо‘ цяпер паверыш мне!

ГАЛЬКА

прытомней

Дзе мой сокал? Янка дзе?

ЁНТАК

паказвае на касьцёл

Глядзі — там!

ГАЛЬКА

гледзячы

Ах!

Вяртаецца, валіцца на зямлю. Ёнтак становіцца блізка каля касьцельных дзьвярэй.

ЁНТАК

да Галькі

Ля аўтара сталі разам!
Ксёндз чытае, яны сполам
Яму ўтораць, а з выразам
Кожным плача маладая,
А той Янка рад, вясёлы.

ГАЛЬКА

Шкода Янкі, і такая
Мяне шкода! А ты-ж, Ёнтак,
Чаму мучыш так мяне?

ЁНТАК

не зважаючы

Цяпер персьцень ён ёй даў,
А яе — ўзяў, толькі жонка
Яго плача, а ён, браце,
Так вясёлы, як бываў.

ГАЛЬКА

Ой, каб ты, мой Ёнтак, знаў,
Што у сэрцы тут кіпіць, —
Ажно боязна казаці.

ЁНТАК

Ўжо! Ўжо!

Убягае ў касьцёл.

ГАЛЬКА

Ўжо!

Хоча бегчы, у гэту хвілю чуваць песьня, якая яе стрымлівае.


СЦЭНА ВОСЬМАЯ

ГАЛЬКА

сама

Што раз цямней.

Песьня з касьцёла.

Войча з неба, божа, пане!
На зямлю пашлі тут нам
Ты сьвятое зьмілаваньне,
Войча з неба, божа, пане!

ГАЛЬКА

зрываючыся раптам

Га! Дзіцятка наша
У хатцы вяне, ўмірае.

А маці тут, а бацька там!
Цягне дзіця ручаняткі
І жаласна спазірае —
А маці тут, а бацька там!
І птах драпежны піскляткі
Корміць, калыша і туліць,
Маё-ж дзіцятка ўмірае!

О, мой салоўка!
Хто-ж у дамоўку
Ўбярэ, цябе?
Спаўе цябе?
Хто закалыша
На сьмерці сон?

А сэрца дзе? ты, Янка, дзе?
А сьлёз крывавых ручай жывы…
Я адамшчу, спалю цябе,
Бо сэрца вельмі скрывавіў мне,
Бо маці я, жонка твая,
Заб‘ю цябе, — ці чуеш ты?

Бяжыць ашалеўшы, зьбірае хвораст і салому, якія рассыпаны па пляцу, зрывае некалькі вербавых галінак і запальвае ад лямпы перад касьцёлам.

ХОР

з касьцёла

Божа моцны, сьвяты божа!
Ты над намі зьлітуйся,
Бо твая-ж рука ўсё можа,
Божа моцны, сьвяты божа!
Праз твайго сына мучэньні
У бядзе нас пажалей»
Уймі сьлёзы і цярпеньне,
Божа ўладны, літасьць мей!

ГАЛЬКА

Га!

Кідае запалены лук хворасту ў раку, які з сыкам гасьне, а сама су плачом валіцца на калені. Месяц асьвятляе блакіт.

Божа моцны, літасьць мей!
Божа, хвала для цябе!

Па хвілі, адкінуўшы злосьць

Ці-ж мне забіці — хапіла-б змогі
Цябе, мой Янка, мой пане?
Даруй, ах, сьлёзам тваей нябогі,
Дзіцяткі нашай скананьню.
Жыві шчасьлівы з сваёй каханкай,
З тэй пекнай паняй радуйся ты!
І памаліся часам за Гальку
О, Янка! Дарую табе віны!

Бяжыць у горы і з крыкам кідаецца ў раку.

СЦЭНА ДЗЕВЯТАЯ

ЁНТАК і ўсе іншыя, што ўвайшлі былі ў касьцёл, апрача ДЗЕМБЫ і некалькіх дружбаў, выбягаюць.

ЁНТАК

не пабачыўшы Галькі, бяжыць неспакойны з некалькімі гаранамі на скалы

Галька! Галька! Божа!
Раптам кідаецца за ёй у ваду.

ХОР

Oжо запозна, ўжо запозна!
Утапілася ужо!

ЯНУШ, СТОЛЬНІК і ЗОФ‘Я

Хто ўтапіўся?

ЁНТАК

змучаны, задыхаўшыся, уносячы труп Галькі з распушчанымі валасамі

Галька!

ЯНУШ

з праразьлівым крыкам

Галька!

Узьбягае на скалы над ракой і кідаецца ў ваду.

СЦЭНА ДЗЕСЯТАЯ

ТЫЯ-Ж і ДЗЕМБА

з некалькімі дружбамі цяпер толькі выходзяць з касьцёла.

ДЗЕМБА

да люду

Надышоў цяпер во час
Паном кланяша вясёла,
І запеці песьню ўраз.

ХОР

сумна

Запяем яе ўвакола.

Відаць на чаўне на рацэ мёртвую Гальку, пры ёй Ёнтак падае руку Янушу, які з вады ўзьбіраецца на човен.

Абраз.

ЗАСЛОНА.