Збор твораў (Купала, 1925—1932)/IV/Песьня аб паходзе Ігара

На папасе Песьня аб паходзе Ігара
Слова

1928 год
Арыгінальная назва: Слово о пълку Игоревѣ (1185)
Пераклад: Янка Купала
Галька
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня аб паходзе Ігаравым (Купала, вершаваны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ АБ ПАХОДЗЕ ІГАРА

(„Слово о пълку Игоровѣ“)

ВЕРШАВАНЫ ПЕРАКЛАД З ОРЫГІНАЛУ

ПЕСЬНЯ АБ ПАХОДЗЕ ІГАРА

I

Ці ня добра было-б нам, брацьці,
Старадаўнымі словы пачаці

Сказ аб Ігара трудным паходзе,
Сьвятаславіча-князя прыгодзе?

А пачацца сягочасным ладам
Песьні тэй, — не Баянавым складам!

Бо Баян чарадзейны, як песьняй
Захацеў каму пеці пачэсьне,

Расьцякаўся ён белкай па дрэву,
Шэрым воўкам па полі-пасеву,

Сівакрылым арлом пад аблокі, —
Так захопліваў сьвет ён далёкі!

Помніў ён бо, як кажуць, старыны
І разрухі ўсе даўных часінаў:

Выпушчаў дзесяць сокалаў радам
Ды на белае лебедзяў стада,

А якая з іх сокалу ўпала,
Тая першая песьню пяяла:

Ці старому тады Яраславу,
Ці харобраму князу Мсьціславу,

Што у борцы зарэзаў, як згледзеў,
Перад войскам Касожскім Радзедзю,

Або краснаму пела Раману
Сьвятаславічу ў хвалу й нагану.

Але, брацьці, ня сокалаў дзесяць
Выпушчаў ў сьвет Баян з пералесіц

На лябяджае стада, бы ў бойцы, —
А ён клаў свае вешчыя пальцы

На пявучыя струны, а тыя
Пелі славу князём, як жывыя.

Дык пачнем-жа мы, брацьці, сказ гэты
Ад старога Ўладзімера летаў, —

Да сучаснага Ігара-воя,
Што скуў розум свой сілаю ўдвое.

Навастрыў сваё сэрца адвагай,
Барацьбянай напоўніў дух смагай

І павёў цераз сёлы і вёскі
Свае дужыя, храбрыя войскі

На зямлю Палаўчан, на змаганьне
Ды за рускай зямлі бытаваньне!

II

Як зірнуў тады Ігар на сонца,
Бачыць — цемра зацьменьня бясконца

Яго войска пакрыла, як сажай,
Тут дружыне сваёй ён і кажа:

„Ой, вы, брацьці мае, і дружына!
Лепей будзе, каб кожны з нас згінуў,

„Чымся быць усім нам у палоне.
Сядзьма-ж, брацьці, на быстрыя коні

Ды на Дон сінявокі паглянем!“
На вум князю залегла жаданьне:

Не зважаючы з неба варожбаў,
Сягнуць Дону вялікага ложбаў.

„Вось хачу, — кажа, — вострую дзіду
Заламаць за бяду і абіду

„Аб канец Палавецкага поля;
Хачу з вамі, Русіны, за волю

„Палажыць сваю голаў да скону,
Ці напіціся шоламам Дону“.

О, Баяне, часінаў мінулых
Салавейка! На струнах-бы чулых,

Ты апеў-бы паход слаўны гэны,
Імкнучы, салаўцеча нязьменны,

Па выдумнаму дрэву далёка,
Дасягаючы духам аблокаў,

Часаў даўных зьвіваючы й новых
Сваёй славай абедзьзе паловы,

Сьлед Траянавы сочачы, скоры,
Цераз поле, даліны на горы!

Ты-бы песьню тады аб набегах
Сьпеў для Ігара, ўнука Алега:

„Ой, ня сокалаў несла віхура
Цераз поле шырокае бура! —

„А каціліся галіцы стадам
Да Вялікага Дону з нападам“…

Ці запець было, вешчы Баяне,
Унуча Велеса, гэта пяяньне:

„Коні ржуць за Сулою-ракою, —
Слава ў Кіеве звоніць з зарою!“

Чутны трубы з Навагрода,
Стаяць сьцягі у Пуціўлі.
Ігар брата Ўсевалода
Жджэ прыход у кожнай хвілі.

І прышоў брат і казаці
Стане буй-тур Усяволад: —
„Ты ў мяне адзін, мой браце,
Сьвет мой сьветлы, Ігар-волат!

Мы з табой абодва сёньні
Сьвятаслававыя дзеці,
Дык сядлай свае, брат, коні,
Коні быстрыя, бы ўсьпеці.

„А мае напагатове
Ўжо, як знаеш, асядланы
Яшчэ ўперад у дуброве,
Каля Курску, раным-рана.

„А мае-ж Куршчане любы
Табе ведамыя кметы:
Пад гудамі гулкіх трубаў
Спарадзіліся ў дасьветы.

„Гадавалі іх шаломы,
А канцом дзіды ўскармлёны,
Шляхі ім усе вядомы
І знаёмы яры, склоны.

„Ў іх нацягнутыя лукі,
Нарыхтованыя стрэлы;
Шаблі вострыя у рукі
Пахапалі, дзержаць сьмела.

„Як ваўкі сівыя ў полю,
Самі мчацца ў бой крывавы,
Каб здабыць сабе чэсьць, волю,
Каб прыдбаці князю славы!“

Князь Ігар тады ў залатое сядло
Сеў і паехаў па чыстым разлогу,
А сонца на небе, згасіўшы сьвятло,
Цемрай яму заступіла дарогу.

Ноч, стогнучы жудкія грозьбы яму,
У полі маркотным птушшо разбудзіла.
А выцьце зьвярынае ў гэтую цьму
У стада пужлівае птахаў тых зьбіла.

Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў,
Слухаці кажа зямлі незнаёмай —
Корсунь, Памор‘е і Сураж зацьміў,
Волзе, Пасульлю папутаў заломы.

Кажа й табе яго слухаць, балване,
Што разбаярыўся ў Тмутаракане!

А Полаўцы шляхам пабеглі нябітым
К Вялікаму Дону, як зьверы, жудосна;
Калёсы у поўнач крычаць іх адны там,
Маўляў тыя лебедзі спуджаны со-сну.

Вось Ігар-князь к Дону вядзе сваіх вояў,
А птаха, бяда яго, сочыць па суччы;
Ваўкі па бярлогах варожаць благое,
І брэшуць лісіцы на шчыты бліскучы.

Арлы заклікаюць зьвяр‘ё клякатаньнем
Зьбіраць на пабоішчы косьці людзкія…
— О, Рускае племя! Далёкім сяганьнем
Ты ўжо перайшло рубяжы Палаўцкія.

Доўга ў мроку ноч танула,
Зараніца сьвіт збліжала,
Поле мглою зацягнула,
Раньне жніва сваё жала:

Сьціхнуў сьвергат салаўіны,
Узбудзіўся гоман галчы…
— О, харобрыя русіны!
Прад навалаю паганчай

Загародзілі шчытамі
Вялікае тое поле,
Здабываючы чэсьць самі,
А для князя славы болей!

III

А во ў пятніцу рана стапталі
Палавецкае войска паганае;
Ў полі стрэламі там засьвісталі,
Загулялі пабеду праслаўную.

Ўзялі красных дзяўчат Палавецкіх
І папоны, аксаміты, золата —
Ўсё, што ўпала да рук удалецкіх,
Што бітвой ня было ў попел змолата.

Палавецкім багацьцем-плашчамі,
Кажухамі, тканінай залотнаю
Памасьцілі масты пад нагамі,
Загацілі праходы балотныя.

Сьцяг чырвоны, дзіда серабрана
І банчук па абычаю добраму
Ў нагароду за славу, за раны,
Сьвятаславічу, князю харобраму!

Дрэмле Алега харобрае
Ў полі на шчытах гняздо.
Ой, даляцела, адважнае,
Дужа далёка яно!

А ня было-ж яно зроджана
Ў крыўду нікому нідзе —
Ні быстракрыламу крэчату,
Ні сакалу, ні бядзе

І ні табе, Палаўчаніне,
Чорны паганы груган!
Крыўдзе тваёй не спакорыцца
Вольны Алегавы стан.

Гза бяжыць шэрым воўкам
Там па полі па дзікаму,
А Канчак яму сьцежку
Значыць к Дону Вялікаму.

На другі дзень вельмі рана
Над зямлёй крывавы зоры
Сьвіт усходні абвяшчаюць,
Хмары чорныя йдуць з мора.

Сонцы два прыкрыці хочуць,
Як дзьве ясныя заранкі,
А во ў хмарах гэных чорных
Зьзяюць сінія маланкі.

Быці вялікаму грому
Над класамі пасьпелымі;
Дажджу ісьці каляному
З Дону Вялікага стрэламі.

Тут паламаціся дзідам
Па-над Каял-ракі доламі,
Тут пашчарбаціцца шаблям
Аб палавецкія шоламы.

О, зямля Руская! З славай
Воі твае маладзецкія
Перасягнулі далёка
Ўжо рубяжы Палавецкія.

Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі,
Павеялі стрэламі з мора
На храбрае Ігара войска,
Узгадована ў долі і ў горы.

Зямля і дудніць і трасецца,
Цякуць памутнеўшыя рэкі;
Туман пакрывае ўсё поле,
А сьцягі гамоняць: на векі!

Ідуць Полаўцы ад Дону
І ад мора ўсплылі,
Войска рускае навокал
Нетрай абступілі.

Перагарадзілі поле
Шатанята клікам,
А харобрыя русіны —
Шчытамі і пікай.

Ой, ты, яр-тур Усяволад!
Стаў ў бок забіякай;
Засыпаеш ты варожых
Стрэламі ваякаў.

І грыміш аб іх шаломы
Стальнымі мячамі;
Дзе ўпадзеш, тур, залатымі
Сьвецячы шчытамі, —

Там кладуцца ў рад галовы
Полаўцаў паганых,
І аварскія шаломы
Шабляй пашчапаны…

Якая цана ранам, брацьці, таму,
Хто забыўся жыцьця яснаты,
На горад Чарнігаў хто ў боях забыў
І на бацькаў пасад залаты?

На мілую любу, Глябоўну сваю —
Яснавокую краску-жану,
На звычай, абычай прадзедаў стары, —

Хто ўсё гэта забыў у вайну?..

IV

Былі слаўныя, дзеяў Траяны, вякі,
Прамінулі гады Яраслава
І паходы Алега былі працяклі —
Ўсё Алега з сыноў Сьвятаслава.

Той Алег бо мячамі разруху каваў,
Па зямлі сеяў стрэлы разгонам,
Калі ў горадзе Тмутаракані ступаў
Ў залатое стрэмя ён са звонам: —

Чуў здалёку той даўны трывожлівы звон
Яраслававы сын, Усяволад,
А Ўладзімер што-раньня, пакінуўшы сон,
Зачыняўся ў Чарнігава-горад.

А Барыса таго Вечаславіча,
Маладога і храбрага князя,
На апошні суд слава паклікала,
За якою ганяўся ў адвазе.

І на векі пасьцелю зялёную
У Каяльным паценьні паслала —
Ўсё за крыўды-абіды Алегавы,
Што загубства разводзіў нядбала.

З тэй Каялы-ракі між Угорскімі
Інаходцамі сам палялеяў
Яраполк свайго бацьку да Кіева —
Да сялібы сьвятое Зафеі.

Пры Алегу тады Гараславічу
Моц было міжусобіц, няладаў;
Жыцьцё гінула ўнука Дажбожага,
Люд свой век скарачаў ў княжых звадах.

На зямлі тады Рускай узбуранай
Рэдка пеў аратай за сахою,
Груганьнё зато часта пагрумквала,
Ў полі дзелячы труп між сабою.

А на ежу ляцеці зьбіраючысь,
Галкі гоман заводзілі й гулі.
Так было ў тыя войны й пабоішчы,
А такіх бітваў слухам ня чулі!

V

Ад раніцы да вечара,
Ад вечара да раніцы
Лятуць стрэлы гартоўныя,
Грымяць мячы аб шоламы,
Трашчаць дзіды сталёвыя,
Шумяць харугві стужкамі
Сярод палёў няведамых,
Сярод зямель Палоўцавых.

Зямля тая ўчарнелая,
Пабітая капытамі,
Касьцямі ўся пасеяна,
Крывёю ўся палітая.
Вялікай абхапілася
Зямля тугою Руская.

Што там шуміць, што там зьвініць
Рана, йшчэ перад зарою? —
Ігар палкі ўводзіць свае:
Жаль яму Усеўлада-брагта.

Біліся дзень, дзень і другі,
Трэцяга дня пад палудня
Сіла змагла, сіла лягла,
Рухнулі Ігара сьцягі.

Тут два браты разлучыліся
На беразе быстрай Каялы,
Тут не хапіла крывавага
Віна ды ў гульні нябывалай.

Тут пір дакончылі храбрыя
Русіны — ня дарма набеглі, —
Сватаў спалілі, а самі там
За Рускую землю палеглі.

У полі далёкім ад жаласьці
Маркотна ные травіца,
А пад тугой цяжкай дзерава
К зямлі сірацінай хіліцца.

VI

Во, невясёлая, брацьці, гадзіна настала!
Сілу пустыня прыкрыла ўжо грознай навалай;

Крыўда паўстала у ўнука Дажджбожага сілах,
Дзевай яна на Траянаву землю ўступіла.

Крыльлем лябяджым па моры ўспляснула, а ў Доне
Плюскатам спудзіла шчасныя часы ў бяздоньні.

Князевы споркі — людзям ад паганых загуба;
Стаў гаварыці брат да брата са злосьці, нялюба:

„Гэта і гэна маё!“ Ды пачалі казаці
Князі аб малым: „во гэта вялікае, браце!“

А на сябе самі згубства каваці няўстаньне…
Скрозь-жа на Русь набягалі з пабедай пагане.

О, як далёка сакол заляцеў ў гэну пору,
Птушак пужлівых зьбіваючы, к сіняму мору!

А ўжо адважнага Ігара войска ня ўскрэсіць!
Па ім Карына заклікала, гледзя на месяц.

Жэля па Рускай зямлі паняслася з трывогай,
Смагу наводзячы людзям у полымя рогу.

Жоны заплакалі рускія ў жальбах нябылых:
„Ўжо нам ня мысьляй памысьліць мужоў сваіх мілых,

„А ні прадумаці думай, ні вочмі сваімі
Іх азіраць на пуховай пасьцелі жывымі.

„Срыбрам і золатам тым пагатове ніколі
Нам не пацешыцца ў долі, самотнае долі!“

І застагнаў-жа, о, брацьці, град Кіеў тугою,
А той багаты Чарнігаў — напасьцю благою!

Журба па Рускай зямлі разьлілася разводзьдзем,
Ды пацякла ненасытная жальба ў народзе.

А на сябе самі князі загубства кавалі,
А тут паганыя самі адны не чакалі,

Панаваліўшысь на Рускую землю з пабедай,
Дань вымагалі па белцы з двара даўным сьледам.

Тыя бо два Сьвятаславічы, храбрыя воі —
Ігар, Усяволад — няпраўду збудзілі сабою,

Што быў прыспаў іхні бацька, той грозны вялікі
Кіеўскі князь, Сьвятаслаў. Ён-жа не для прылікі

Грозьбаю быў над варожымі сіламі злымі
З войскам харобрым сваім і мячамі стальнымі.

На Палавецкія землі нагой наступіўшы,
Ўзгоры і яры пакуль не стаптаў, стуль ня вышаў.

І замуціў там вазёры і рэкі ў чаротах,
І засушыў там крыніцы і дрыгвы-балоты,

А паганога Кабяку з узлучыны морскай,
Як бураломнае віхрышча, выхапіў дзёрзка.

Ад тых палкоў палавецкіх, жалезных, агромых,
Ажно зваліўся Кабяк ў Сьвятаслава харомах!

Тут вэнэдыйцы і немцы, тут грэкі й маравы
Славу вялікую дружна пяюць Сьвятаславу; —

Ігара каюць, нашто патапіў ён багацьце —
Ў доньні Каялы-ракі Палавецкай. загапіў, —

Золата рускага ўсыпаўшы там вельмі многа.
Там-жа князь Ігар ссаджаўся з сядла залатога

Ды на сядло ўжо нявольніка ціха садзіўся…
Ў горадах сьцены занылі, шум-гоман спыніўся.

VII

А на горах у Кіеве гэтае ночы
Сьвятаславу прысьніўся сон смутны, прарочы:

„Адзявалі мяне, — кажа, — з вечара зморна
На цясовай краваці пасьцілкаю чорнай;

„Віно сіняе чэрпалі мне, бы ў вясельлі,
А ў віне тым благое намешана зельле.

„А з пустых палавецкіх каўчанавых жэрлаў
Мне на грудзі там сыпалі буйныя пэрлы,

„Ды так песьцяць мяне. А ўжо дошкі ў праломах
І бяз скрэп на маіх златаверхіх харомах.

„Усю з вечара ноч груганьнё грумкацела,
На балонь каля Плесьнеску ўжо даляцела,

„Пабыло на балотнае топкае Сані
І да сіняга мора няслося на раньні!“

І казалі на гэты сон князю баяры:
„Ўжо туга, княжа, розум адзела твой хмарай!

„Гэта з бацькава так залатога пасаду
Сакалы два зьляцелі сачыці прынаду —

Горад Тмутаракань пашукаці з разгону,
Або ўдоваль напіціся шоламам Дону.

„І ўжо сокалам гэным шаблямі паганых
Пападсечана крыльле на дзікіх палянах,

„А саміх у жалезныя спуталі путы.
Ў трэці дзень патануў сьвет у цемрадзі лютай:

„Сонцы два пацямнелі — слупы агнявыя
Згасьлі два, — з імі месяцы два маладыя.

„Сьвятаслаў і Алег апрануліся цьмою
І на моры Яны патанулі абое,

„І вялікай буянасьці хану дадалі.
Цьма пакрыла сьвятло на рацэ на Каяле,

„А па Рускай зямлі, як гняздо тое рысяў,
Чарадою скрозь Полаўцы параспаўзьліся.

„Ўжо ўзьнялася над хвалай благая пахула,
Ўжо насільле над воляй узьнесла — сагнула,

„І ўжо рынуўся Дзіў на зямлю на прысельлі,
Вось бо Гоцкія красныя Дзевы запелі

„На пахілістым беразе сіняга мора,
Рускім звонячы золатам, сочачы зоры.

„Ўсе пяюць яны Бусавы часы і справы
Й Шараканавай помсты лялеюць праявы.

„А ўжо мы во — твая маладая дружына
Больш ня знаем з табою вясёлых часінаў“.

Тады вялікі Сьвятаслаў
Азваўся словам залатым,
Зьмяшаным з горкімі сьлязьмі,
І так сказаў баярам тым:

„О, сыны мае, Ігар і Ўсевалад!
Рана пачалі крышыці
Мячамі зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці.

„Але толькі ня з чэсьцяй уходалі,
Бо вы ня ў чэсьці і хвале
На тым полі далёкім паганскую
Кроў на зямлю вылівалі.

„Вашы сэрцы ў сталь крэпка закованы —
Ўзброены гартам адвагі,
Але што-ж натварылі сівізьне вы
Тамка маёй без развагі?

Не даждалі багатага й сільнага
Брата майго Яраслава
На падмогу з яго многавоямі,
З войскам чарнігаўскім бравым —

„А ваякі яны ўсе сусьветныя:
Там і Магуты, й Шальберы,
І Татраны у побач з Равугамі,
Там Тапчакі і Альберы.

„А яны бо з нажмі захаляўнымі
І бяз шчытоў б‘юцца жвава —
Пабяджаюць палкі толькі клікамі,
Звонячы прадзеднай славай.

„Але вы там сказалі: мужаймася
Самі з сваімі мячамі!
Славу самі захопім пярэднюю
Й з задняй падзелімся самі.

„А ці-ж дзіва тут, брацьці, вялікае
Памаладзеці й старому!
Калі сокал ліняе — ён высака
Птушку ўзьбівае ад дому;

„Не папусьце гнязда свайго роднага
Ў крыўду, як бача трывогу.
Але гора ўсё ў тым, што во буйныя
Князі ўжо мне ў не падмогу:

„Тыя часы ў нішто абярнуліся.
Вось бо ля Рымава зрана
Пад шаблямі крычаць Палавецкімі,
А Валадзімер — у ранах!

„І туга і нуда сыну Глебаву,
А ўсё з таго, што крышыці
Ня ў час шлі зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці!..“

VIII

О, княжа вялікі, Ўсяволадзе!
Ці ня думкай табе-б прыляцеці
Здалёку, каб трон-пасад бацькавы
Залаты ўберагчы ў ліхалецьці?

Распырскаць бо можаш ты вёсламі
Многаводную Волгу на бокі
І можаш сваімі шаломамі
Да дна вычарпаць Дон сінявокі.

Каб быў ты, была-бы нявольніца
Па адным — а ня болей — нагаце,
А з ёй і нявольніка кожнага
Па разане маглі-бы купляці.

Ты можаш бо з воддалі, насуха,
Над шырокімі бітваў палямі
Жывымі страляць самастрэламі —
Тымі ўдалымі Глеба сынамі.

Ты Давід і буй-Рурык! Ня вашыя-ж гэта
Пазалочаны шоламы гэнага лета

У крыві, бы ў рацэ рыбы, плавалі цінай?
Ці-ж ня ваша адважная колісь дружына,

Маўляў туры, рыкае ў няведамым полі,
Гартаванымі шаблямі ранена ў волю?

Уступеце, сябры, ў залатыя страмёны
За ўсю крыўду вялікую часаў сягоных

І за Рускую землю, за Ігара раны,
Сьвятаславіча буйнага — зьдзекі ў паганых.

Яраславе, Асмомысьле Галіцкі! Кутам
На пасадзе высока сядзіш златакутым.

Ты сваімі палкамі жалезнымі ўвышы
Падпёр горы Угорскія, шлях заступіўшы

Каралю, й зачыніўшы вароты Дунаю,
Цераз воблак шыбаючы берамы з краю,

Да Дунаю суды свае судзячы спраўна!
Твае грозьбы па землях цякуць многаслаўна.

Адчыняеш ты Кіеву насьцеж вароты
Ды з свайго залатога пасаду адно ты

Султаноў за зямлямі страляеш няслаба.
О, страляй, княжа, ў сэрца паганага раба

Канчака за зямлю Русь, за Ігара раны,
Сьвятаславіча буйнага — зьдзекі ў паганых!

А ты, буйны Рамане, і ты, Імсьціславе!
Думка храбрая носіць ваш розум па справе.

Плывіцё вы на справу з адвагай, высока,
Быццам сокал на ветрах, лунаючы лёгка.

Птаха хочучы сходаць у бітвах з вятрамі,
Ёсьць бо ў вас пад лацінскімі йшчэ шаламамі

І з жалеза наперсьнікі, з іхняга звону
Ужо затрэсьліся землі й шмат ханскіх старонаў —

Палаўчане, Літва, Дарамела, Яцьвягі, —
Свае кінулі ў полі і дзіды і сьцягі

І галовы свае накланілі пад тыя
Вашы, князі, магутныя мечы стальныя.

Але ўжо, княжа Ігар, бліск сонца сьцямніла,
Не на добрае й дзерава лісьць свой згубіла!

Во па Росі й Суле гарады падзялілі.
А ўжо Ігара войска ня ўскрэсіць у сіле!

Дон цябе, княжа, кліча, ждучы твайго сьледу,
І князёў заве іншых к сабе на пабеду.

Во харобрыя князі Альговічы, — ў бойцы
Непамернай таей утамілісь малойцы.

Усяволад, Інгвар, Імсьціславічы ўсе тры!
Не благога гнязда птахі хованы ў ветры, —

Сабе ўладу ня ў шчасьці-ж пабедным прыдбалі?
Залатыя ў вас шоламы што заняпалі?

Што замоўклі ў вас Ляцкія дзіды з шчытамі?
Полю загарадзеце вароты страламі

Вы за Рускую землю, за Ігара раны,
Сьвятаславіча буйнага — зьдзекі ў паганых!

IX

Ўжо бо Сула не цячэ ручаінай
К Пераяслаўлю быстрай, срабранай;
Дзьвіна ўжо балотам цячэ бязупыну
Да Палаўчан, пад воклік паганаў.

Адзін Ізяслаў толькі — сын Васільковы
Сам пазваніў мячамі сваімі
Аб шлёмаў літоўскіх стальныя аковы,
Ускалыхнуўшы днямі былымі.

Свайму пераняў славу дзеду Ўсяславу,
Сам пад чырвоным шчытам пабіты
Мячамі літоўскімі, лёг на крывавай
З Хоцьцем траве. А кажа тады той:

— „Дружыну тваю апранулі, князь, крыльлем
Птахі, а зьверы кроў палізалі!“
Ня быў тут брат Брачыслаў, над кавыльлем,
А ні другі — Усяволад. У жалі

Адзін ён жамчужную з храбрага цела
Выпусьціў душу праз ажарэльле.
Заныла гамонка, вясёласьць зьнямела,
Трубы ў Гародні смутна запелі.

Яраславе і ўнукі вы ўсе Усяслава!
Апусьцеце ўжо сьцягі свае,
Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава
Ужо дзедава вас не спаўе!

Вы бо сваркай сваёй напусьцілі
Скрозь паганых па Рускай зямлі —
Па надзеле Ўсяслава, з чаго і насільлі
Ад зямлі Палавецкай пайшлі.

У сёмы Траянавы век
Уздумаў Ўсяслаў варажыць
Аб мілай дзяўчыне сабе,
Што з славай яго заручыць.

Пусьціўшыся ў хітрыкі, ён
На борздага ўсеўся каня
І скочыў, памчаўся чым-сьвет
Да Кіева-града, дадня.

І кіеўскі дзідаю там
Пасад дакрануў залаты;
Ад іх скочыў зьверам лютым
З Белгорада ў поўнач; тады

Ахутаўся сіняю мглой,
А раньнем, узьняўшысь да зор,
Навограду браму лязом —
Сякераю насьцеж адпёр.

Разьбіў Яраслававу там
Прыдбаную славу мячом
І скочыў праз поле і лог
К Нямізе з Дудутак ваўком.

На Нямізе снапы сьцелюць
Галавамі,
А малоцяць-жа стальнымі
Іх цапамі.

На таку жыцьцё кладзецца
Неспадзейна,
І душу ад цела веюць
Безнадзейна.

Берагі ў крыві Нямігі
Па калені;
Не дабро на іх пасеяў
Сейбіт жменяй.

А былі яны гусьценька
Ў процьмах вузкіх
Там засеяны касьцямі
Сыноў Рускіх.

Усяслаў князь людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў,
А сам поначы, сьвету на зьдзіў,
Ваўкалакам ці воўкам гуляў.

Ён бо з Кіева да пятухоў
Горад Тмутаракань дасьцігаў
І вялікаму Хорсу бяз слоў
Воўкам шлях борзда перабягаў.

Таму ў Полацку рана званы
Пазванілі ў Зафеі сьвятой
Да завутрані — ён-жа праз сны
Ужо ў Кіеве звон чуе той.

Хоць і вешчая, кажуць, душа
Ў дзёрскім целе ягоным была,
Але часта бяды без нажа
Нацярпеўся, што доля дала.

Яму першаму вешчы Баян
І прыпеўку дасьціпна злажыў:
„Хітры, быстры, ні птах той быстран
Суду божага не перажыў!“

О, стагнаці ўжо Рускай зямлі,
Як успомніць князёў з былых пор!
Уладзімера таго не маглі
Прыкаваці да кіеўскіх гор.

А цяпер яго сьцягі нішто:
Адны Рурыку славу шумяць,
А другія — Давідавы ўжо…
Але стужкі іх розна вісяць.

X

Пяюць дзіды на Дунаі,
А ў Пуціўлі Яраслаўна
Бязуцешнаю зязюляй
Наракае раным-рана:

„Паляту я ў даль зязюляй
Па Дунаю за дубровы,
Памачу ў рацэ-Каяле
Рукавок я свой бабровы.

„І зьляту да князя ў полі,
Дзе ў зялёнай лёг пасьцелі,
Ды крывавыя ўтру раны
На яго магутным целе“.

Яраслаўна рана плача
У Пупіўлі на сьцяне,
Наракаючы зязюлькай,
Долю горкую кляне:

„О, вецер, вятрыска!
Чаму, ўладар, лётам
Сваім гэтак вееш
У вочы сіротам?

„Чаму ты на крыльлях —
І вольны і сьмелы —
На мужніх ваякаў
Мчыш ханскія стрэлы?

„Ці-ж веяці мала
Табе пад аблокі —
Ў гары, ў паднябесьсі
Шырокім, далёкім?

„Або ў сінім моры
Лялеяць, гайдаці
Чаўны з караблямі
Да ціхае гаці?

„Чаму ты, ўладару,
Мне радасьць асіліў, —
Вясёласьць разьвеяў
Па дзікім кавыльлі?“

Яраслаўна рана плача
У Пуціўлі на сьцяне,
Наракаючы зязюлькай,
Долю горкую кляне:

„О, Днепра Славуціч!
Ты ў каменных горах
Праз Полаўцаў землі
Дол высек у мора.

„Кабякаву войску
Чаўны Сьвятаслава
Сабой ты лялеяў,
Акрылены славай.

„О, мне прылялей-жа,
Ўладару, ў харомы
Саколіка-мужа
З зямлі незнаёмай!

„Каб сьлёзаў я рана
Ў тузе нябывалай
К яму цераз поле
На мора ня слала!“

Яраслаўна рана плача
У Пуціўлі на сьцяне,
Наракаючы зязюлькай,
Долю горкую кляне:

„О, сьветлае сонца!
Трысьветлае! Ўсюды
Цяплом і красою
Ясьнееш, як цуды.

„Чаму-ж, уладару,
Свой промень пякучы
На мужняе войска
Нанесла, ня ждучы?

„На полі бязводным
Ты смагай пагнула
Ім лукі, а тугай
Заткала утулы?!“

XI

Пырснула мора на поўнач,
Сьмерчы ідуць чарадой;
Ігару князю дарогу
Знача бог чорнаю мглой:

Знача з зямлі Палавецкай
Шляхі да Рускай зямлі,
Дзе жджэ на Ігара доўга
Бацькаў пасад дарагі.

Патухла вячэрняя зорка.
Князь Ігар і сьпіць, і ня сьпіць —
Ад Дону вялікага думкай
Да Дону малога бяжыць.

Апоўначы сьвіснуў савою
Аўлур на каня за ракой,
Уцяміць загадвае князю,
А Ігар князь зьнікнуў, як стой.

Той клікнуў — зямля загручэла,
Трава зашумела быльлём;
Упуд Палавецкія вежы
Спалохаў, зварушыў жыльлём.

А князь Ігар ужо гарнастаем
Паскакаў па траве к трысьнягу,
На вадзе выплыў гогалем белым,
На каня узваліўся ў бягу.

І саскочыў з яго босым воўкам,
Пакаціўся да логу Данца,
Й паляцеў сакалом пад імгламі,
Забіваючы там без канца

На сьняданьне, абед і вячэру
Белых лебедзяў, шэрых гусей.
Як ляцеў сакалом гэтак Ігар,
Тады воўкам Аўлур з сілы ўсей

Пакаціўся, сьцюдзёныя росы
Абтрасаючы вокал сабой…
…Коні быстрых сваіх падарвалі,
Лятучы пуцявінай пустой.

І кажа рака-Донец: „Ігару-княжа!
Ня мала во бітвы далі
Вялічча табе, а Канчаку дакукі,
А радасьці Рускай зямлі!“

А Ігар-князь кажа: „О, Донча! Ня мала
Вялічча сабе ты прыдбаў,
Што князя на хвалях лялеяў і шчыра
Зялёну траву падсьцілаў

„Яму на сваіх берагох серабраных,
І цёпла атуліваў мглой
Пад ценем зялёнага буйнага дрэва,
Ды пільна сьцярог з цемнатой.

„Яго на вадзе сваёй гогалем белым,
А чайкай паверх ручаёў,
Ды качкай-чарнедзяй на ветрах шумлівых
Паказываў сьцежку і вёў.

„А Стугна-рака ўжо куды не такая,
Худы бо ў яе перацёк:
Чужыя папіўшы, глынуўшы крыніцы
І хвалі разьліўшы — дзе ўток,

„Яна маладому князю Расьціславу —
Бяз часу і не на дабро —
Пры беразе цёмным наскрозь зачыніла
Дарогу сабой на Дняпро.

„Тужыць Расьціславава маці і плача
Па князі сваім маладым…
А кветкі занылі, а дрэва са смуткам
К зямлі пахілілась благім“…

Ой, не сарокі ўстракаталі!
А гэта Ігаравым сьледам
Гза з Канчаком у побач едзе,
Як па жніво сусед з суседам.

Тады ўжо груганы над косьцьмі
Ня грумкалі, і галкі змоўклі,
Не сакаталі і сарокі, —
Па лозах распаўзьліся, моклі…

Па лесе тукатам няўтомным
Сьлед дзятлы к рэчцы адбіваюць,
А салаўі вясёлай песьняй
Блізкое раньне выйгрываюць.

І гаворыць так Гза Канчаку:
— „Калі сокал ляціць у гняздо,
Залатымі страламі сваімі
Мы застрэлім сакольца яго!“

А Канчак-жа адказвае Гзе:
— „Калі сокал ляціць да гнязда, —
Краснай дзевай сакольца тады
Мы апутаем, — што за наўда!“

А Гза кажа на то Канчаку:
— Калі дзеваю краснай яго
Мы апутаем, то ўжо тады
Мець ня будзема мы ні таго

„Маладога сакольца ў сябе,
А ні краснае дзевы, ды нас
На палёх Палавецкіх пачнуць
Кляваць птахі ў нявеселы час!“

XII

І сказаў-жа аб днёх Сьветаслава
Той Баян-песьнятворца старын
І далёкай пары Яраслава
І Алегавых даўных часін:

„Хоць і цяжка табе многасьмелай
Галаве без плячэй у людзёх,
Але трудна й табе жыці, целу,
Без сваёй галавы на грудзёх!“

Так і Рускай зямлі ненарокам
Цяжка мераць бяз Ігара дні.
Сонца сьвеціць на небе высокім,
А князь Ігар на Рускай зямлі.

Красны дзевы пяюць на Дунаю,
Галасы іх плывуць і лятуць
Неўгамонна ад краю да краю,
Цераз мора да Кіева йдуць.

Ігар едзе праз спуск Барычоўскі
К абразу Пірагошчы сьвятой.
Рады князю староны і вёскі,
Гарады весяляцца з сабой.

Пеўшы песьню старым князём, справам,
Потым пець маладым песьняй бур:
Сьветаславічу Ігару слава!
Слаўся храбры Ўсяволад буй-тур!

І Ўладзімер, сын Ігара воя,
Малады князь — на страх Палаўчан!
І князём і дружыне здароўя,
Выступаючым за хрысьціян,

У няведамай дзікай краіне,
Пашматаўшы паганых палкі.
Слава буйным князём і дружыне
На далёкія векаў-вякі!“