Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/I/Вясна 1915-ая

1914-ты Вясна 1915-ая
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Новы Год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна 1915-ая.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНА 1915-ая

Дык вось-жа як прышла яна — жаданая вясна —
Ў кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
Ядыная з паміж былых сясьцёр сваіх яна:
Не разьвясельвае душы і ня ўцірае сьлёз.

Ня росы зіхацяцца брылянцістыя на ёй,
Ня росамі палеткі збожны сьвенціць на зямлі,
А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,
Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і… ня ўзышлі!

Ня з сонцам вышла блаславіць аратага арбу,
Ня сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,
А грознымі пажарамі распачала сяўбу,
Пажарамі-зьніштожаньнем сьвяткуе сьвята сьвят!

Ня вышаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,
Каб з верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод, —
А сее… от, абы!.. бо сеяць звык ён з-прад вякоў,
Хоць і ня знае, хто пажне, хто зьесьць яго ўмалот.

І хаты майскім дзераўцом ня ўмаіў селянін,
Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай…
Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?
Адкажа: Ведама — жалобу носіць наскі край!

Перапалохана кабеціна з дзяцьмі на шлях
Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ў даль;
Прагледзела ўжо вочы, — ўсё-ж надзея тліць ў грудзях,
Праслухала і вушы ўжо, а слухае на жаль…

Дзяўчына, распусьціўшы косы, вылецела ў бор
І, прытуліўшысь к дрэву, песьню жуткую пяе —
Ні-то падладжываючыся пад хаўтурны хор,
Ні-то спраўляючы ў бары заручыны свае.

А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,
А лета летаваць у любы край свой прыляцеў, —
Зьдзівіўся, пасмутнеў… сваёй мясьціны не спазнаў
І не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў.

Адно балюе баль зьвяр‘ё з сну збуджана ў лясох,
Пажывы на пабоішчах скрозь маючы ўдаволь,
Ды груганы, што костачкі зьбіраюць па палёх,
Не пашкадуюць, што жылі ў такі ўсясьветны боль.

Дык вось-жа як прышла вясна жаданая на сьвет,
Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.
Крывёй, пажарам, пошасьцяй — людзям яе прывет,
А напіс на яе агнёвым знамені: Вайна!

7-VI—15 г.