Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/I/1914-ты

Песьні вайны 1914-ты
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Вясна 1915-ая
Іншыя публікацыі гэтага твора: 1914-ты.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1914-ты

Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць,
Але сваіх не забярэш сьлядоў…
О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць,
О год! ты першы гэткі з між гадоў.

Прышоў ня з згоды і свабоды весьцяй
І — не ўзьвялічыць праўду між людзьмі, —
Жыцьцём мільёнаў ты прышоў затрэсьці.
Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.

Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той — хто ўздумае ўміраць.

„Не забіваці“ — ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму.

Га! Хай-жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата!
Крывавы бог крывавыя ахвары
Сабраць павінен з сьвету да чыста.

Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага бога-рока
Напіша бяскрывавы свой закон.

18-XII—14 г.