Ня шукай ты шчасьця, долі
На чужым далёкім полі,
Гэт, за шумным лесам-борам,
За шырокім сінім морам
Ня шукай ты шчасьця, долі!
Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песьні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка!
*
Ня шукай сабе дружакаў
Між чужынцаў, між піяўкаў,
Ні у месьце, ні ў палацы,
Ні пры лёгкай панскай працы, —
Ня шукай ты там дружакаў!
Ты іх знойдзеш вельмі блізка,
Каля хаты, каля нізкай,
Дзе ганяў жывёлу змалку,
Дзе касой махаў на ранку,
Толькі ўмей шукаці блізка!
*
Ня шукай сабе, мой братку,
З ветрам Бацькаўшчыну-матку,
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасьці, ні у горы,
Ня шукай яе там, братку!
Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як знаходзіць лес вятрыска,
Толькі ў сэрца глянь сваё ты,
І ў душу заглянь з ахвотай,
Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка!
21-VI—13 г.
|