Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/I/Цару неба й зямлі

На Сход Цару неба й зямлі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Сявец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цару неба й зямлі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦАРУ НЕБА Й ЗЯМЛІ

За што, о божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць твой гром бліскучы,
На стогн, што да цябе йдзе з году ў год?

За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сыном і іхнай матцы-старане?

*

Ты пярунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш, сьвету уладар!

Зямлю услаў ты ў моры-акіяны,
Што год разводзьдзем мыеш рэк сваіх, —
Чаму-ж ня змыеш ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг тваіх?

*

Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд ты робіш дзень і ноч міроў,
І толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш ты, ўсясільны цар цароў.

Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл расьсеяных, як мак, табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
І ўзносяць рукі ўвысь к табе з мальбой.

*

Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас — караючы чужой свабодай —
Мінулае — і тое адабраў.

Бадзяцца кінуў на нязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц тваю вучылісь мець.

*

Паўзводзіў царствы, даў ім панаваньне
І над пасадамі ўзьнёс свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну на‘т прыстаньня,
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.

Прадаў на глум і годным і нягодным
Усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас;
Мы дома — як ня дома, правам родным
Сваім ня сьмеема пажыць хоць раз.

*

І ты глядзіш на гэта ўсё, і неба
Тваё маўчыць, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты глух паняць, паслаць маланкі бур.

Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы —
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!

24-XII—1912 г.