Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Запела вясна сваю песьню

Вясна Запела вясна сваю песьню
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Летам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Запела вясна сваю песьню.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАПЕЛА ВЯСНА СВАЮ ПЕСЬНЮ

І шумам задумнага лесу,
І шчэбетам птушак шчасьлівых
Запела вясна сваю песьню,
Запела на збуджаных нівах.

Выходзіць сялянін на поле,
Зямлю уздымае сахою…
О, колькі тэй веры, надзеі!
О, колькі сьвятога спакою!

Вачыма расістымі водзіць
Па скропленым потам надзеле;
За думкаю думка снуецца,
Як нітка за ніткай з кудзелі.

Хоць буры і сьцюжы гулялі,
Хоць мор сабіраў сваё жніва, —
Жыве ён, як жыў тут спрадвеку,
Жыве яго хатка і ніва.

Вось дрэмле курган на узьмежку,
Ігруша шуміць на кургане, —
Расказвае былі былыя,
Мінуўшаму шэпча літаньне.

А жаўранак звоніць над грушай!
Свой кліч селяніну сьвяргоча:
— Сьмялей, беларусе-араты!
Сьмялей уздымай к сонцу вочы. —

16-IV—14 г.