Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Летам

Запела вясна сваю песьню Летам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Усюды лета…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕТАМ

Выйду, сяду каля саду
У зацішнай старане
І дзівіцца буду пуду,
Што пуднее ўкруг мяне.

Як для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця;
Бласлаўленьне небам, хлебам
Шле сам бог, сама зямля.

Звоніць поле доляй, воляй,
Звоніць поле ў каласкі;
Ў буйным лузе зьяюць, граюць
Кветкі, мошкі, матылькі.

Рэчка ўецца і сьмяецца
Да зялёных лоз і вольх,
А ў вадзіцы шыбка рыбка
Шмыгаціць на паплаўкох.

Лес адвечны бесканечны
Цягне, цягне гоман свой;
Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі
І пяюць, што моцы той.

А на небе сьлед цярэбе
Сабе сонца залаты,
Сьвеціць, грэе долы, горы,
Ў сэрцы шле агонь сьвяты.

Так для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця…
Чаму-ж мне ў ім стала мала
І пацехі і жыцьця?..

4-VII—13 г.