Блудзіла сіротка па полі,
Блудзіла, шукаючы долі,
Якой яна зроду ня мела.
І дарма бядачка хадзіла, —
Забрала сіротку магіла;
Так долі пабачыць ня ўсьпела.
Нічога ўжо беднай ня трэба:
Ні хаты, ні сьвіткі, ні хлеба,
Ні людзкага жалю, прывету.
Ня крыўдзіць жыцьцё ў бяспрытоньні
Сіроткі гаротнай сягоньня,
Ўдалі ад няпраўды, ад сьвету.
Сьпі ў вечнай, сіротка, хатулі,
Дзе тата сьпіць твой і матуля,
Ты лепшай ня мела пасьцелі!
Ой, каб ты ў дамоўцы ня спала,
Цябе я, мяне-б ты пазнала,
Мы роўную песьню-б запелі.
Запелі-б так шчыра, балесьне,
А гулка сіроцкая песьня
Па сьвеце нясецца з трывогай.
Мы пелі-б, маліліся сьмела,
Каб наша малітва ўзьляцела
Аж там, аж пад неба, да бога!
Ў малітве ляглі-бы ўсе справы,
Якія стварае крывавы
Наш быт у жыцьцёвым пакосе;
Малілі-б, прасілі, каб болей
Шукаці ня трэ‘ было долі,
Каб лепей сіроткам жылося.
1906 г.
|