Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Куды ты рвешся!..

З песень мужычых Куды ты рвешся!..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Бяспутнасьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Куды ты рвесься!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУДЫ ТЫ РВЕШСЯ!..

Куды ты рвешся ў зьнемажэньні,
Дзіцё нядолі, цемнаты!
Цярпі, няшчаснае стварэньне, —
Цярпець бо толькі ўмееш ты!

Забудзься бацькаўскіх наказаў,
Што шчасьце будзеш колісь мець, —
Як ты радзіўся, ты адразу
Асуджан доляй век марнець.

Цягай ты зрэбную кашулю,
Цягай ты лапаці з лазы;
Зімы ня слухай грозных гуляў,
Ад летняй сьпекі не бяжы!

Працуй ярэмнаю скацінай
На сытых ворагаў тваіх;
Хай сохнуць грудзі, чахне сьпіна,
Забудзься думак удалых!

Ідзі схварэлы на работу,
Гаруй, бядуй, як год вялік;
Маўчы, хоць сьлепнуць вочы з поту, —
Замрэ твой, як у пушчы, крык.

Гавораць — ноч, хоць дзень на сьвеце,
І ты з усімі так крычы;
Крычаць: галей! ідзі галеці,
Крычаць: маўчы! І ты маўчы.

Ідзі, куды нядоля гоне,
Рабі, што скажа ўсё яна;
Будзь рад, калі пад‘еў сягоньня;
Мучэньня чарку пі да дна.

Павер папом, што там па сьмерці
, За мукі рай мецьмеш свае,
Бо пекла лепшага і чэрці,
Як тут, ня вынайдуць нідзе!