Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Паяжджане

Віхор загуляў Паяжджане
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Млечны шлях
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паяжджане.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЯЖДЖАНЕ

Распаўзлася па абшары
Сьцюжным пухам, сьцюжнай марай
Папаўзуха-завіруха —
Злога духу злыбядуха.

Ў полі дымна, ў полі цёмна,
Беспатольна і заломна,
Ні пуціны, ні упыньня,
Як у вечнай дамавіне.

Як у моры, ў белым сьнегу,
Без дняваньня, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў бяспрыстаньне
Едуць, едуць паяжджане.

Едуць, едуць, ані сьледу,
Ні праслуху, ні прагледу,
Ні прасьвету, ні надзеі, —
Ўсё ў зацьмішчы, ўсё ў завеі.

Папаўзуха-завіруха
Шэпча, шэпча штось да вуха
Аб музыцы-дудаграю,
Аб пшанічным караваю.

Сьнежным надзячы начлегам,
Пасыпае сном і сьнегам,
Лазам лезе ў сэрца, ў вочы,
Зазірае патарочай.

Маладога к маладусе,
Свата к свацьці-пасядусе,
Да закосьніцы закосьню
Жах прытульна прыкаросьніў.

Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на расьсьвеце,
Як нішто ні знаць ні ведаць,
І ўсё едуць, едуць, едуць.

А над імі зьбеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Сьнежнай хістаючы вехай,
Захліпаецца ад сьмеху.

27-XI—18 г.